БЕЛ Ł РУС

На вучэннях «Захад-2025» будуць адпрацоўваць удары тактычнай ядзернай зброяй і «Арэшнікам»

18.05.2025 / 10:32

Nashaniva.com

Вучэнні «Захад-2025» будуць накіраваны супраць заходніх краін, улічаць досвед вайны з Украінай і адпрацуюць ядзерны ўдар. Такія высновы можна зрабіць са слоў Андрэя Багадзеля, намесніка начальніка факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Вайсковай акадэміі Беларусі. 

«Гэтыя вучэнні не будуць мець абстрактны характар. Мы менавіта ўлічым правядзенне вучэнняў Злучанымі Штатамі і іх саюзнікамі, улічым вайскова-палітычную абстаноўку, якая складаецца сёння на нашым напрамку. Зыходзячы з гэтага, мы правядзём дадзеныя вучэнні», — распавёў СТБ Багадзель.

Паводле яго слоў, у гэтых вучэннях найперш будуць адпрацаваныя «самыя сучасныя формы і спосабы прымянення войскаў» з улікам вядзення вайны ва Украіне.

«Ці будзе прымяненне «Арэшніка» і тактычнай ядзернай зброі адпрацоўвацца? Можна меркаваць, што так», — сказаў ён.

Багадзель кажа, што вайсковае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі вядзецца па трох кірунках. Адзін з іх — навучанне вайскоўцаў Беларусі ў ВНУ Расіі. Сёння гэта каля 300 чалавек.

Таксама развіваецца вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

«Авіяцыя, беспілотнікі, сістэмы РЭБ — гэта традыцыйныя напрамкі. Ядзернае ўзбраенне — выключнае», — кажа ён.

Вучэнні «Захад» праходзяць раз на два гады. Апошнія адбыліся ў 2021 годзе, бо ў 2023 годзе вучэнні адмянілі праз вайну ва Украіне.

Сёлета ўдзел у вучэннях прымуць каля 13 тысяч беларускіх вайскоўцаў, таксама актыўна будуць задзейнічаныя расійскія сілы. 

Вучэнні запланаваныя на восень і разгорнуцца адначасова на палігонах дзвюх краін. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула