«Купалаўцы» анансавалі апошнюю ў сезоне прэм’еру — расказваем, пра што будзе новы спектакль «Валізка»
«Вольныя Купалаўцы» анансавалі прэм’еру, апошнюю ў гэтым сезоне: 24-26 чэрвеня ў Варшаве прэзентуюць спектакль «Валізка» ў рэжысуры Аляксандра Гарцуева — «пра сённяшняе навязлівае прадчуванне вайны, адчуванне адказнасці перад Радзімай і годнасць».
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў
Галоўную ролю ў ім сыграе Аляксандр Казела. Таксама ў спектаклі занятыя Зоя Белахвосцік, Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева і Зміцер Есяневіч
З апісання сюжэта: «Часам кожнаму з нас хочацца выціснуць з памяці цяжкія моманты, жахлівыя ўспаміны, выкінуць іх у сметнік і развітацца назаўсёды. Ці магчыма гэта і ці варта? Ці ж не мінулае вызначае чалавека? Франсуа Жако меў палову сэрца, адно лёгкае, адно вока. Ён цяжка дыхаў і не меў апоры ў жыцці. Франсуа здавалася, што яго наогул не існуе. Але аднойчы ён выправіўся ў музей катастрофы, каб адшукаць адказы і зрабіць нечаканае адкрыццё».
Спектакль «Валізка» па творы польскай сцэнарысткі і драматурга Малгажаты Сікорскай-Мішчук акцёры пачалі рэпетаваць у пачатку мая. Матэрыял будзе блізкі кожнаму беларусу. Гэта, па словах членаў каманды, галоўнае правіла для іх у выбары новых крыніц для пачатку працы.
«Было неяк сказана, што гэта п’еса-лекаванне. І я абсалютна згодная з гэтымі словамі. Для мяне сам спектакль яшчэ і пра прыняцце. Здаецца, большасці беларусаў хоць раз на момант хацелася выціснуць з памяці негатыўныя ўспаміны, наш калектыўны жахлівы досвед.
Але ж з багажу такога досведу вызначаецца чалавек, і спектакль для мяне менавіта пра гэта — як не згубіць сваёй часткі, сваёй асобы ў працэсе пошуку лепшага жыцця, лёгкага і спакойнага. Як прыняць нават тое, куды мы баімся глядзець», — распавяла «Нашай Ніве» актрыса Валянціна Гарцуева, якая выконвае ў спектаклі ролю Жаклін.
Жаклін тут, як і іншыя героі, будуць накіроўваць галоўнага персанажа — Франсуа Жако, самотнага, згубленага, нібыта без мінулага і будучыні. Прымушаць яго паглядзець у той бок, куды страшна ўзірацца.
Спектакль абяцае быць «дынамічным, з цікавым ракурсам» і «без шокатэрапіі».
«У адрозненне ад спектакля «Экстрэмісты», напрыклад, у якім я не ўдзельнічаю, але лічу яго вельмі важным і неабходным для «Купалаўцаў» і нашых гледачоў, тут не будзе столькі балючых для беларусаў кропак», — каментуе Валянціна Гарцуева, дадаючы, што для яе асаблівае шчасце зноў граць на адной сцэне са Змітром Есяневічам, які канчаткова з’ехаў з Беларусі летам 2024-га пасля сутак на Акрэсціна.
«Дзіма раней не ўдзельнічаў у нашых спектаклях [за мяжой]. І вось гэты момант надышоў, я вельмі шчаслівая ўваходзіць з ім у прэм’еру разам. Тым больш Дзіма прыўносіць новы подых у наш няновы калектыў».
Прэм’еру «Валізкі» пакажуць 24, 25 і 26 чэрвеня на Scena Przodownik у Варшаве. Квіткі можна набыць па спасылцы. Плануецца, што тэатральны сезон «Купалаўцы» скончаць у ліпені і адправяцца ў адпачынак, які працягнецца да верасня.
Чытайце таксама:
«Чаго вам не хапала? Жыві — не хачу!» Паглядзелі «Экстрэмісты» — новы спектакль «Купалаўцаў»
«Чыноўнікі»-купалаўцы станчылі пад «Сігма бой» і скарылі сацсеткі
Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю