У Польшчы ў другі тур выходзяць мэр Варшавы Тшаскоўскі і гісторык Наўроцкі
У першым туры ўдзельнічала 13 кандыдатаў.
Рафал Тшаскоўскі і Караль Наўроцкі. AP Photo/Czarek Sokolowski, File
Сёння ў Польшчы праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Усяго 13 кандыдатаў, але асноўная барацьба чакалася паміж двума з іх — кандыдатам ад кіроўнай партыі «Грамадзянская платформа» мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім і дырэктарам Інстытута нацыянальнай памяці Каралем Наўроцкім, якога падтрымлівае «Права і справядлівасць».
Экзіт-полы даюць 30,8% Тшаскоўскаму і 29,1% Наўроцкаму.
53-гадовы Рафал Тшаскоўскі меў добрую падтрымку яшчэ на мінулых выбарах, але ў другім туры саступіў цяперашнямі прэзідэнту Анджэю Дудзе. Яго недахопам лічаць тое, што ён для многіх палякаў занадта левы і разумны, далёкі ад жыхара глыбінкі. Добра валодае французскай, выступае за доступ жанчын да абортаў, падтрымлівае падзел дзяржавы і каталіцкай царквы…
Як пісала Бі-бі-сі, у адказ на гэты грамадскі запыт Тшаскоўскі моцна спрасціў сваю перадвыбарчую рыторыку, часта паўтараў, што вялікая палітыка павінна вярнуцца да «здаровага сэнсу», то-бок да простых і зразумелых звычайнаму паляку рашэнняў. Аднак гэты правы паварот Тшаскоўскага прывёў хутчэй да расчаравання часткі яго «арганічнага» электарату.
42-гадовы дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці і былы баксёр Караль Наўроцкі мае мала палітычнага досведу, трапіў у шэраг скандалаў. Аднак на нядаўнім вялікім партыйным сходзе яго падтрымаў Дуда.
Хто яшчэ быў у кандыдатах:
- Артур Барташэвіч — беспартыйны;
- Магдалена Беят — беспартыйная;
- Гжэгаж Браўн — «Канфедэрацыя Польскай Кароны»;
- Шыман Галоўня — «Польшча 2050»;
- Марэк Якубяк — «Федэрацыя для Рэспублікі»;
- Мацей Мацяк — беспартыйны;
- Славомір Мэнцэн — «Канфедэрацыя Свабода і Незалежнасць»;
- Яанна Сэнышын — беспартыйная;
- Кшыштаф Станоўскі — беспартыйны;
- Марэк Вох — «Беспартыйныя самаўрадаўцы — Лучыць нас Польшча»;
- Адрыян Зандбэрг — «Разам».