Чаму аднушка пана Ежы можа вырашыць лёс выбараў прэзідэнта Польшчы. Што трэба ведаць пра першы тур галасавання
У нядзелю ў Польшчы пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў, які фактычна адкрывае фінальную двухтыднёвую бітву: яе будуць весці два лідары кампаніі за галасы прыхільнікаў, а 11 кандыдатаў будуць адсеяныя па выніках нядзельнага галасавання, піша Бі-бі-сі.

Польшча — краіна глыбокай палярызацыі грамадства і палітычнай сцэны, дзе пераходы выбарцаў паміж лагерамі дзвюх самых вялікіх партый вельмі малаверагодныя. Таму вынік выбараў залежыць ад таго, каго ў другім туры вырашаць падтрымаць (ці не падтрымаць) прыхільнікі адзінаццаці кандыдатаў, якія выляцяць у першым туры.
Згодна з данымі ўсіх без выключэння перадвыбарных сацыялагічных апытанняў, у другі тур, запланаваны на 1 чэрвеня, выйдуць кандыдат ад кіроўнай партыі «Грамадзянская платформа» мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі і дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі, які падтрымліваецца «Правам і справядлівасцю».
Вынікі фіналу кампаніі прагназаваць надзвычай цяжка. Эксперты адзначаюць некаторую перавагу ў сацыялагічных апытаннях Рафала Тшаскоўскага, але ўстрымліваюцца ад адназначных прагнозаў, адзначаючы, што вынік выбараў будзе вісець на валаску. Польская кампанія зараз — гэта барацьба за сімпатыі выбарцаў у другім туры выбараў. І кожны з фаварытаў выкарыстоўвае ў гэтай барацьбе ўласныя метады.
Сюжэт выбараў прэзідэнта Польшчы, першы тур якіх адбудзецца 18 мая, просты і бясхітрасны.
У 2015 годзе ўладу ў краіне атрымала правакансерватыўная партыя «Права і справядлівасць», ідэалагічным лідарам якой быў і застаецца 75-гадовы Яраслаў Качыньскі. Восем гадоў яе кіравання адзначыліся некаторым зварочваннем у краіне грамадзянскіх свабод, ціскам на незалежныя СМІ, шматлікімі карупцыйнымі скандаламі, а таксама ператварэннем Польшчы ў краіну з самым жорсткім, фактычна сярэдневечным заканадаўствам аб абортах. Адносіны Варшавы з Еўрасаюзам у гэты перыяд моцна сапсаваліся.
Пасля парламенцкіх выбараў 2023 года кааліцыя ліберальных, левых і хрысціянска-дэмакратычных сіл атрымала магчымасць зноў абраць прэм'ерам Дональда Туска — аднаго з самых дасведчаных палітыкаў краіны.
З аднаго боку, прэм'ер валодае вырашальным уплывам на эканоміку і сацыяльную сферу ў польскай палітычнай сістэме, а паўнамоцтвы прэзідэнта датычацца хутчэй знешняй палітыкі і нацыянальнай бяспекі. З другога — прэзідэнт мае магчымасць накладаць вета на прыманыя парламентам законы і тым самым моцна ўскладняць працу ўрада. Абраны ў 2015 годзе прадстаўнік «Права і справядлівасці» прэзідэнт Анджэй Дуда актыўна карыстаўся гэтым інструментам. Пераадолець прэзідэнцкае вета — задача немагчымая: занадта хісткай з'яўляецца большасць, на якую абапіраецца ўрад Туска.
Калі прэзідэнтам стане Рафал Тшаскоўскі, кандыдат ад партыі Дональда Туска, кіроўная кааліцыя атрымае магчымасць рэалізаваць сваю палітыку без аглядкі на пазіцыю кіраўніка дзяржавы. Калі на выбарах пераможа вылучэнец партыі Яраслава Качыньскага Караль Наўроцкі, супрацьстаянне паміж урадам і прэзідэнцкім палацам разгорнецца з новай сілай і працягнецца, відавочна, або распадам цяперашняй кааліцыі, або датэрміновымі парламенцкімі выбарамі.
Больш за тое, паражэнне кандыдата любой з гэтых партый з вялікай доляй верагоднасці прывядзе да сыходу яе лідара — Дональда Туска або Яраслава Качыньскага — на палітычную пенсію. Для Польшчы, на палітычнай сцэне якой менавіта гэтыя дзве фігуры дамінуюць ужо больш за дваццаць гадоў, любы такі вынік стане гістарычнай падзеяй.
Тшаскоўскі: правы паварот левага палітыка
53-гадовага Рафала Тшаскоўскага называлі фаварытам выбараў-2025 яшчэ пяць гадоў таму. Тады, у «каранціннай» прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, яму не хапіла двух працэнтных пунктаў супраць Анджэя Дуды, які абраўся на другі тэрмін.

Магчыма, цяперашняя кампанія Тшаскоўскага была некалькі бляклай, пазбаўленай асаблівасцей і яркіх хадоў менавіта таму, што яго галоўнай задачай на працягу ўсёй выбарчай гонкі было не спатыкнуцца, не дапусціць памылку, якая магла б зняць яго з пазіцыі лідара электаральных рэйтынгаў. Гэта, па вялікім рахунку, Тшаскоўскаму ўдалося: перадвыбарныя апытанні прагназуюць, што ён прыйдзе да прамежкавага фінішу выбараў першым з вынікам у 30-35% галасоў выбарцаў.
У рамках сваёй кампаніі Тшаскоўскі шмат ездзіў па Польшчы, сустракаўся з прадстаўнікамі малога бізнэсу, удзяляў увагу прадстаўнікам мясцовай улады — ён жа і сам мэр горада, самага вялікага і багатага ў Польшчы. На працягу апошніх некалькіх тыдняў Тшаскоўскі шмат расказваў пра тое, як папрыгажэла за два яго мэрскія тэрміны Варшава.
А яшчэ падчас цяперашняй кампаніі Тшаскоўскі спрабаваў змагацца з двума сваімі галоўнымі недахопамі з пункту гледжання патэнцыйнага выбарца.
А менавіта — многія палякі лічаць Тшаскоўскага занадта разумным і занадта левым.
Закрытыя даследаванні штаба кандыдата нібыта паказалі, што польскі выбарца бачыць прэзідэнтам сваёй краіны хутчэй не рэзідэнта высокіх салонаў з багатым досведам працы на вяршынях палітычнага Алімпа ў Варшаве і Бруселі, які разбіраецца ў сучаснай філасофіі і размаўляе на паўдзясятку моваў, а чалавека прасцейшага.
Мянушка «Банжур», якую далі Тшаскоўскаму злыя языкі, не столькі адлюстроўвае яго свабодную французскую мову, колькі іранізуе над яго сацыяльнай дыстанцыяй ад «пана Кавальскага» з польскай глыбінкі.
У адказ на гэты грамадскі запыт Тшаскоўскі моцна спрасціў сваю перадвыбарчую рыторыку, часта паўтараў, што вялікая палітыка павінна вярнуцца да «здаровага сэнсу», то-бок да простых і зразумелых звычайнаму паляку рашэнняў.
Моцным ходам кампаніі Тшаскоўскага, што наблізіў гэтага палітычнага небажыхара да простага народу, стала сустрэча з Зэнекам Марцынюком — зоркай музычнага стылю дыскa-пола, вельмі папулярнага сярод небагатых жыхароў польскай правінцыі.
Нарэшце, Тшаскоўскі мусіў улічваць, што за апошнія гады польскае грамадства істотна паправела. І гэта было патэнцыйнай праблемай для яго, якога лічылі хутчэй левым палітыкам — не грэбуючым выйсці на гей-прайд, адкрыта выступаючым за доступ жанчын да абортаў або за падзел дзяржавы і звышуплывовай у Польшчы каталіцкай царквы.
Ужо падчас гэтай кампаніі Тшаскоўскі шмат гаварыў пра неабходнасць эканамічнага нацыяналізму, выказваўся супраць усынаўлення дзяцей ЛГБТ-парамі (хоць гэтае пытанне і блізка не абмяркоўваецца ў польскім грамадстве) і нават выступіў за пазбаўленне часткі ўкраінскіх жанчын дзяржаўных выплат за выхаванне непаўналетніх дзяцей.
Аднак гэты правы паварот Тшаскоўскага прывёў хутчэй да расчаравання часткі яго «арганічнага» электарату і выклікаў хвалю крытыкі ў ліберальных СМІ: назіральнікі задаваліся пытаннем, ці не сведчыць такая ідэалагічная эластычнасць кандыдата пра адсутнасць у яго ўласных цвёрдых перакананняў.
Менавіта з гэтай прычыны складана ацаніць пазіцыю Тшаскоўскага адносна вайны, што працягваецца за ўсходняй мяжой яго краіны, агучаную ім падчас перадвыбарных дэбатаў. Украіна, сказаў ён, павінна стаць «буфернай зонай» паміж агрэсіўнай Расіяй і добра ўзброенай Польшчай.
Ці сапраўды верагодны будучы прэзідэнт Польшчы глядзіць на Украіну не як на частку еўрапейскай сістэмы бяспекі, а як на «буфер», або так Тшаскоўскі рэагуе на трэнд усё большага пагаршэння стаўлення польскага грамадства да ўкраінцаў — не зусім зразумела.
Наўроцкі: 28 квадратных метраў правалу

Першапачатковая задумка патрыярха польскай палітыкі Яраслава Качыньскага, відаць, была неблагая: ён відавочна меў намер паўтарыць поспех Анджэя Дуды дзесяцігодняй даўніны. Тады Качыньскі вылучыў у прэзідэнты мала каму вядомага 42-гадовага функцыянера з лаўкі запасных сваёй партыі, і той, умела выкарыстоўваючы эфект палітычнай навізны, трыумфальна перамог на выбарах 2015 года.
Вось і ў гэты раз выбар Качыньскага спыніўся на беспартыйным, хоць і блізкім да «Права і справядлівасці» па ідэалагічных перакананнях 42-гадовым дырэктары Інстытута нацыянальнай памяці Каралі Наўроцкім.
Яго біяграфія поўная супярэчлівых эпізодаў, як праца ахоўнікам у шыкоўным гатэлі курортнага прыморскага горада Сопат або знаёмства з прадстаўнікамі мясцовага крыміналітэту. А яшчэ падчас цяперашняй кампаніі стала вядома, што ў 2018 годзе Наўроцкі пад псеўданімам напісаў кнігу пра вядомага гданьскага гангстара, а пазней — ужо пад сваім сапраўдным імем — хваліў аўтара гэтай працы і хваліўся тым, што ўзяў у яго аўтограф.
Адсутнасць у Наўроцкага палітычнага досведу, яго сумніўныя аратарскія здольнасці (падчас кампаніі ён часта рабіў акцэнт на дэманстрацыі сваёй выдатнай фізічнай формы) і шэраг скандалаў, у якія патрапіў кандыдат, на пэўным этапе прывялі да таго, што рэйтынг Наўроцкага пачаў падаць. Эксперты ж сталі сур'ёзна разважаць пра магчымасць выхаду ў другі тур яго бліжэйшага прыхільніка — ультраправага палітыка Славаміра Менцэна.
Але ў гэты момант у кампанію «незалежнага кандыдата» ўжо непасрэдна ўключылася ўся магутнасць апарату «Права і справядлівасці», а на нядаўнім вялікім партыйным сходзе з палымянай прамовай у падтрымку Наўроцкага выступіў прэзідэнт Анджэй Дуда. І менавіта Дуда, кажуць, прыклаў руку да арганізацыі нядаўняга візіту Наўроцкага ў ЗША.
Гэта паездка павінна была стаць наглядным адказам усім, хто папракаў кандыдата ў поўнай адсутнасці досведу міжнароднай дзейнасці і кантактаў за межамі Польшчы. Вынікам гэтага візіту стала сумесная фатаграфія з Дональдам Трампам у Авальным кабінеце, якую Наўроцкі запосціў у сваіх сацыяльных сетках.
Так, прызнаваў потым Наўроцкі, да поўных перамоў з амерыканскім лідарам справа не дайшла, але ж і ездзіў ён туды не па гэта, а каб прыняць удзел у Нацыянальным дні малітвы. Але, пераконваў правы кандыдат, задзел на будучыя канструктыўныя адносіны закладзены, а яшчэ Трамп нібыта даў наказ словамі «You will win» («Ты пераможаш»).
«Маёй перамогі не хочуць Брусель, Берлін, Масква і Кіеў», — гэта заява Наўроцкага неўзабаве пасля вяртання з Вашынгтона павінна была максімальна вычарпальна апісаць яго знешнепалітычнае крэда. Але ўжо праз некалькі дзён практычна ўвесь пазітыўны эфект ад сустрэчы Наўроцкага з Трампам проста выпарыўся: вакол кандыдата ў прэзідэнты Польшчы разгарэўся «кватэрны скандал».
Падчас перадвыбарных дэбатаў Караль Наўроцкі заявіў, што ў яго, як і ў кожнага звычайнага паляка, знаходзіцца ў ўласнасці адна кватэра. Гэта прымусіла журналістаў звярнуць увагу на яшчэ адну кватэру плошчай у 27 квадратных метраў, якая фігуруе ў яго дэкларацыі. Аказалася, што да 2011 года яна знаходзілася ў камунальнай уласнасці, а жыў у ёй пажылы хворы жыхар Гданьска, цяпер вядомы як «Ежы Ж.».
Схема, па якой кватэра апынулася ва ўласнасці Наўроцкага, была простая. У 2011 годзе ён ад імя Ежы Ж. купіў гэтую кватэру за 10% яе намінальнага кошту — польскае заканадаўства прадугледжвае такую магчымасць выкупу камунальнага жылля яго жыхарамі. Затым Наўроцкі плаціў за старога камунальныя плацяжы і, відавочна, часам дапамагаў яму фінансава. А праз пяць гадоў, калі Ежы атрымаў права продажу свайго жылля за поўны кошт, Наўроцкі заключыў з ім натарыяльнае пагадненне аб куплі гэтай кватэры.
Ці атрымаў 80-гадовы цяпер стары нейкія грошы ад Наўроцкага на самой справе — не зусім зразумела, але фактам з'яўляецца тое, што цяпер Ежы не мае ўласнага жылля, пражывае ў камунальным доме для пажылых і не стварае ўражанне забяспечанага чалавека.
Штаб Наўроцкага і сам кандыдат некалькі разоў мянялі свае тлумачэнні адносна гэтай сітуацыі, канстатуе выданне Gazeta Wyborcza.
Спачатку яны сцвярджалі, што Наўроцкі абавязаўся даглядаць старога да канца яго жыцця і павінен быў атрымаць кватэру ва ўласнасць пасля яго смерці. Потым — што кватэра перайшла ва ўласнасць палітыка ў абмен на тое, што апошнія паўтара дзясятка гадоў ён аплачваў за Ежы камунальныя плацяжы. Яшчэ пазней — што поўны кошт кватэры ўсё ж такі быў выплачаны старыку.
Паводле апошняй версіі тлумачэнняў Наўроцкага, увесь гэты скандал быў інспіраваны спецслужбамі, а злашчасную кватэру кандыдат у прэзідэнты перадае нейкай дабрачыннай арганізацыі.
«Кватэрны скандал» — гэта скандал абсалютна новага тыпу, сцвярджаюць крытыкі Наўроцкага. Ён не датычыць абстрактных матэрый тыпу складаных карупцыйных схем, вываду сродкаў у заакіянскія афшоры або маніпуляцый з карпаратыўным правам — гэта абсалютна зразумелая жыццёвая сітуацыя з відавочным пацярпелым, старым, які, як бы там ні было, страціў уласную кватэру і заканчвае сваё жыццё ў не самым прыемным месцы.
З аднаго боку, сацыёлагі сцвярджаюць, што «кватэрны скандал» не надта паўплываў на цяперашнія рэйтынгі Наўроцкага: яны застаюцца на ўзроўні прыкладна 25% галасоў выбарцаў. Гэта сведчыць пра тое, што «ядзерны электарат» «Права і справядлівасці» збіраецца галасаваць за Наўроцкага, нягледзячы ні на што.
З другога боку, эксперты падазраюць, што «кватэрны скандал» можа адбіць жаданне падтрымаць Наўроцкага ў другім туры ў прыхільнікаў іншых кандыдатаў у прэзідэнты. І менавіта гэта можа стаць вырашальным фактарам, які паўплывае на вынік фіналу галасавання.
11 іншых кандыдатаў
Тым больш, што на фінішным адрэзку кампаніі з вострай крытыкай на Наўроцкага абрынуўся будучы трэці прызёр выбараў — вылучэнец ультраправай партыі «Канфедэрацыя» 38-гадовы Славамір Менцэн.
Яго, па даных апошніх сацапытанняў, збіраюцца падтрымаць каля 15% палякаў, і адносны поспех Менцэна на гэтых выбарах — гэта даніна ўмацаванню правых настрояў у польскім грамадстве, нарастаючай ролі сацсетак у выбарчай кампаніі і стомленасці палякаў ад ўяўнага вечным супрацьстаяння двух вялікіх партый.
Менцэн выступае за максімальнае спрашчэнне падатковай сістэмы Польшчы, поўнае перафарматаванне яе сістэмы аховы здароўя. Ён вядомы еўраскептык і прыхільнік узмацнення строгасці заканадаўства аб міграцыі. Крытыкі Менцэна ўспамінаюць, што ў 2019 годзе ў ходзе кампаніі па выбарах у Еўрапарламент ён заявіў, што выступае супраць «габрэяў, гомасэксуалістаў, абортаў, падаткаў і Еўрасаюза», аднак ядро яго прыхільнікаў, падобна, не бачыць у гэтых тэзісах нічога вартага асуджэння.
Адна з галоўных інтрыг перад другім турам выбараў — да якога галасавання закліча сваіх прыхільнікаў Менцэн у фінале кампаніі. З ідэалагічнага пункту гледжання «Канфедэрацыя», мабыць, бліжэй Наўроцкаму і «Праву і справядлівасці». З іншага боку, крызіс, які непазбежна напаткае партыю Качыньскага пасля імавернай паразы на прэзідэнцкіх выбарах, згуляе на руку Менцэну і ягонай сіле, даўшы ім шанец стаць правай партыяй нумар адзін у відавочна правеючай Польшчы.
Вынікі іншых кандыдатаў у прэзідэнты будуць мець меншае значэнне для вызначэння пераможцы выбараў. Аднак яны могуць закласці падмурак для далейшых сур'ёзных змен на польскай палітычнай сцэне.
Адносна высокі вынік спікера ніжняй палаты польскага парламента Шымана Галаўні дасць яму магчымасць не толькі захаваць пазіцыі свайго блока Трэці шлях унутры кіруючай кааліцыі, але і, па даных выдання Polityka, заявіць пра прэтэнзіі на пасаду мэра Варшавы, якая можа вызваліцца пасля перамогі на выбарах Рафала Тшаскоўскага.
Нарэшце, своеасаблівым барометрам грамадскіх настрояў стануць вынікі кампаніі двух кандыдатаў у прэзідэнты, чые погляды здаюцца эксцэнтрычнымі нават на фоне маляўнічай і разнастайнай польскай палітычнай сцэны.
Першы з іх — 58-гадовы ультраправы дэпутат Еўрапарламента Гжэгаж Браўн. Лозунг яго кампаніі — «прэч камунізм, прэч яўрэекамунізм, прэч еўракамунізм». Ён выступае супраць «украінізацыі Польшчы»: падчас нядаўняга мітынгу ў Бялай Падлясцы на ўсходзе Польшчы яго прыхільнікі сарвалі сіне-жоўты сцяг, які быў вывешаны ў знак салідарнасці з ваюючай Украінай над уваходам у гарадскую адміністрацыю. Праз некалькі дзён Браўн спаліў сцяг Еўрасаюза ў цэнтры Катавіц на поўдні Польшчы. Ён выступае за вяртанне смяротнага пакарання, «нармалізацыю» стасункаў з усімі суседзямі Польшчы, забарону прапаганды «ідэалогіі ЛГБТ» і ўвядзенне ў польскае заканадаўства паняцця «замежнага агента».
Другі з кандыдатаў, на якога варта звярнуць увагу, — 54-гадовы лідар малавядомага дагэтуль руху дабрабыту і міру Мацей Мацяк. Галоўная ідэя яго перадвыбарчай рыторыкі палягае ў тым, што Польшча павінна неадкладна аднавіць стасункі з Расіяй і адмовіцца ад падтрымкі Украіны, якая, на ягоную думку, непазбежна пацерпіць паразу ў вайне.
Польскія сацыёлагі сцвярджаюць, што падобныя погляды з'яўляюцца абсалютна непапулярнымі ў польскім грамадстве. Пры гэтым некаторыя назіральнікі задаюцца пытаннем, якім чынам палітыку, якая стаіць на такіх пазіцыях, наогул атрымалася сабраць сто тысяч подпісаў палякаў у падтрымку вылучэння сваёй кандыдатуры.
У любым выпадку вынікі гэтых кандыдатаў у першым туры прэзідэнцкіх выбараў — нават калі яны не перавысяць велічыні статыстычнай хібнасці (а асабліва калі перавысяць) — раскажуць пра польскае грамадства нават больш, чым даволі лёгка прагназаваныя працэнты лідараў выбарчай гонкі.
Каментары