Стала вядома імя аднаго з катаў паэта Міхася Чарота
У адным з дакументаў у варшаўскім Архіве новых актаў знайшлося сведчанне, хто менавіта «вёў справы на беларускага паэта Чарота і атрымаў паказанні як на «ворагаў» народа і былых беларускіх нацыяналістаў і ўдзельнікаў антысавецкай змовы», паведамляецца ў тэлеграм-канале Беларускага інстытута публічнай гісторыі.
Віктар Быхоўскі
Гэта ўраджэнец Бабруйска Віктар Эмануілавіч Быхоўскі (на фота). Падчас Вялікага тэрора ў 1937-1938 гадах ён узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел НКВД БССР, які займаўся беларускімі нацыяналістамі.
Адзін з калег ахарактарызаваў Быхоўскага «як садыста і ліпача, здольнага сфабрыкаваць любую справу». Праўда, пасля махавік рэпрэсій дайшоў і да яго. За катаванні арыштаваных і фальсіфікацыі спраў у 1939 годзе Быхоўскі быў асуджаны на 10 гадоў лагераў.
Міхась Чарот
Паэта Міхася Чарота арыштавалі 24 студзеня 1937 г. Пасля шматлікіх допытаў і катаванняў ён прызнаў віну. Расстралялі творцу ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі.
У яго камеры пазней знайшлі на муры апошні верш паэта:
«Я не чакаў
І не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою,
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары,
Кажу вам — я не вінаваты!»
Чытайце таксама:
«Купалінка» — народная песня ці аўтарская? Правільны адказ — і такая, і такая
Ноч паэтаў. Святлана Ціханоўская чытае верш Міхася Чарота «Жывыя акорды» ВІДЭА