Кіраўнік раёна Курскай вобласці папрасіў Пуціна захапіць украінскія Сумы
Пуцін у адказ на просьбу вырашыў «пажартаваць».
Уладзімір Пуцін у Курскай вобласці. Скрыншот відэа ТАСС
Кіраўнік Глушкоўскага раёна Курскай вобласці Павел Залатароў заклікаў Уладзіміра Пуціна захапіць Сумскую вобласць Украіны.
Гэтая просьба прагучала падчас візіту Пуціна на Куршчыну, паведамляе агенцтва «РИА Новости».
«Сумы павінны быць нашы», — заявіў Залатароў. Так ён адказаў на пытанне Пуціна пра тое, на колькі кіламетраў трэба адвесці Узброеныя сілы Украіны ад мяжы.
Залатароў дадаў, што захоп украінскай вобласці нібыта патрэбны для бяспекі прыгранічных раёнаў Курскай вобласці.
«Мы не можам жыць як на паўвостраве. Нас павінна быць больш. Хаця б Сумы. Я думаю так. І з вамі, як з галоўнакамандуючым, мы пераможам», — сказаў Залатароў.
Пуцін у адказ вырашыў, як пішуць расійскія дзяржСМІ, «аджартавацца»: «Таму Аляксандра Яўсеевіча [Хінштэйна] і абіралі [кіраўніком Курскай вобласці], ён таксама гэтак хоча — усяго пабольш».
На першых за тры гады перамовах у Стамбуле на мінулым тыдні расійская дэлегацыя пагражала захопам Сумаў і Харкава, калі Украіна не пагодзіцца на выкананне ўсіх умоў Расіі і не выведзе войскі з Запарожжа і Херсона.
Чытайце таксама:
Рубіа: Трамп не пайшоў ні на якія саступкі Пуціну
Еўрапейскія лідары былі агаломшаныя вынікамі размовы Пуціна і Трампа — Axios
Трамп заявіў, што гатовы адступіць ад перамоваў паміж Украінай і РФ, калі не будзе прагрэсу