БЕЛ Ł РУС

У Мінадукацыі расказалі, як будуць арганізаваныя вучэбна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў

21.05.2025 / 17:47

Nashaniva.com

З наступнага года для вучняў 10-х класаў увядуць абавязковыя вучэбна-палявыя зборы працягласцю 10 дзён. Прадстаўніца Міністэрства адукацыі Ірына Каржова патлумачыла, як яны будуць арганізаваныя.

Фота ілюстрацыйнае

Па словах чыноўніцы, сам прадмет «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка» ужо існуе, а зборы пасля 10 класа праводзяцца і цяпер. Іх вынікі ўжо ўваходзяць у гадавую адзнаку па гэтым прадмеце. Адзінае, што мяняецца, — гэта працягласць: замест 5 дзён будзе 10.

Такі фармат ужо выкарыстоўваецца ў кадэцкіх і сувораўскіх вучылішчах, а таксама спецыялізаваных ліцэях. Але школьнікам не абавязкова знаходзіцца там кругласутачна — заняткі будуць ладзіцца на базе найбліжэйшых вайсковых часцей, кафедраў ВНУ або цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Заняткі будуць праводзіць настаўнікі разам з вайсковымі спецыялістамі, выкарыстоўваючы тэхніку і абсталяванне войска. Усё будзе арганізавана як звычайны навучальны працэс, у тым ліку з харчаваннем паводле нормаў.

Калі школа палічыць патрэбным, можна будзе праводзіць і выязныя мерапрыемствы. Для гэтага падрыхтуюць спецыяльныя праграмы і рэкамендацыі.

Гэтыя зборы, на думку чыноўнікаў, патрэбныя для таго, каб вучні маглі на практыцы замацаваць веды і навучыцца дзейнічаць у складаных сітуацыях. Яны таксама дапамагаюць рыхтавацца да службы ў арміі. За 10 дзён вучні пройдуць 60 гадзін заняткаў па тактыцы, фізічнай і медыцынскай падрыхтоўцы, аказанні першай дапамогі, страявой і агнявой падрыхтоўцы, абароне ад зброі масавага паражэння.

Чытайце таксама:

Для ўсіх дзесяцікласнікаў увядуць вучэбна-палявыя зборы

Мінадукацыі рэкамендуе круціць на школьных выпускных песні нявесткі Лукашэнкі

Беларускім выпускнікам дазволяць пераздаваць нулявыя вынікі ЦЭ

Каментары да артыкула