БЕЛ Ł РУС

Сціплы звонку, царскі ўсярэдзіне. Пад Мінскам прадаюць катэдж з сюрпрызам

21.05.2025 / 19:53

Nashaniva.com

У вёсцы Вялікі Трасцянец, прылеглай да ўсходняй часткі Мінска, выставілі на продаж дом, які нагадвае хутчэй загарадную сядзібу ці палац. Звонку ён здаецца звычайным, а вось усярэдзіне чакае сапраўдная раскоша, піша «Анлайнер».

Пабудаваны катэдж у далёкім 2007 годзе з газасілікатных блокаў з уцяпленнем. Перакрыцці ў ім — жалезабетонныя, дах пакрыты мяккай чарапіцай. Звонку будынак выглядаў бы цалкам звычайным, калі б не беласнежная лесвіца са скульптурамі львоў і ліхтарнымі слупамі ў выглядзе жаночых фігур. Яна як быццам намякае, што ўсярэдзіне будзе нешта цікавае.

Агульная плошча дома — 377 «квадратаў». Складаецца ён з трох узроўняў. На першым паверсе — прасторная кухня-сталовая, гасцёўня са столямі вышынёй 3,28 метра, упрыгожаная калонамі, пазалочанымі буфетамі, скульптурамі і аксамітнымі крэсламі. Разынкай прасторы можна назваць вялікія вокны ад падлогі да столі — у сучасных каркасніках панарамнае шкленне ўжо не рэдкасць, але ў 2000-х падобныя архітэктурныя рашэнні выкарыстоўваліся не так часта.

На другім паверсе знаходзяцца чатыры жылыя пакоі і санвузел. Інтэр'ер тут сціплейшы і нагадвае стыль пачатку 2000-х: столі з гіпсакартону і характэрная мэбля таго часу.

 

На цокальным паверсе размясціліся другая кухня, пральня, кладоўка, кацельня і яшчэ адзін санвузел.

Разынка дома — адкрыты паўкруглы балкон, які быццам створаны для вячэрніх серэнад. Праўда, у цяперашнія часы варта разлічваць хіба што на ранішнюю каву з відам на туі і акультураны ўчастак.

Усе камунікацыі на месцы: газавае ацяпленне, цэнтральнае водазабеспячэнне, мясцовая каналізацыя.

Прадаецца такі аб'ект за $270 000 па курсе. У пераліку атрымліваецца ўсяго толькі $716 за «квадрат». Цяпер падобную цану можна сустрэць хіба што толькі ў дамах для чаргавікоў.

Чытайце таксама:

У Мінску прадаюць звычайны звонку дом, але з багатым начыннем: пазалотай, ляпнінай і карцінамі на сценах

Кватэру памерам з катэдж прадаюць у цэнтры Мінска

У Мінску плануюць знесці яшчэ адзін прыватны сектар. Але будаваць шматпавярховікі не будуць

Каментары да артыкула