У Вялікабрытаніі прапануюць абавязковую кастрацыю педафілаў і сэкс-злачынцаў
Гэтая прапанова стала часткай рэформы крымінальнага заканадаўства, накіраванай на зніжэнне колькасці паўторных злачынстваў і зніжэнне загружанасці турмаў.
Фота: pixabay.com
Як паведамляе The Times, з радыкальнай ініцыятывай у барацьбе з сэксуальнымі злачынствамі выступіла міністарка юстыцыі Вялікабрытаніі Шабана Махмут. Яна стане часткай маштабнай судовай рэформы, мэта якой — зменшыць колькасць зняволеных і разгрузіць перапоўненыя турмы Англіі і Уэльса.
Паводле ўрадавых крыніц, Махмуд плануе пашырыць пілотны праект, у рамках якога ўжо прымяняецца медыкаментознае падаўленне лібіда злачынцаў, якія знаходзяцца ў некалькіх турмах паўднёва-заходняй Англіі. Новы этап ахопіць 20 рэгіёнаў, а ў далейшым праграма можа быць укарэненая ва ўсёй краіне.
Як піша выданне, ключавым аргументам на карысць такога падыходу для Шабаны Махмуд сталі вынікі даследаванняў, паводле якіх ужыванне прэпаратаў, што падаўляюць сэксуальнае жаданне, можа скараціць узровень рэцыдываў да 60%.
Міністарка юстыцыі вывучае магчымасць зрабіць хімічную кастрацыю абавязковай для асобаў, асуджаных за асабліва цяжкія сэксуальныя злачынствы. У якасці прыкладу разглядаецца практыка ЗША — у прыватнасці штата Каліфорнія, дзе хімічная кастрацыя з'яўляецца абавязковай умовай для датэрміновага вызвалення некаторых катэгорый злачынцаў.
Праграма, якая цяпер працуе ў пілотным рэжыме, можа ў перспектыве быць распаўсюджаная і на тых, хто атрымаў умоўныя тэрміны.
Вялікабрытанія мае намер пайсці далей за краіны, дзе хімічная кастрацыя выкарыстоўваецца толькі на добраахвотнай аснове — такія, як Германія, Францыя, Швецыя і Данія — і стаць у адзін шэраг з такімі дзяржавамі, як Чэхія, Нігерыя і Мадагаскар, дзе гэтая мера можа прымяняцца ў абавязковым парадку да асобных катэгорый сэксуальных злачынцаў.
Хімічная кастрацыя прадугледжвае выкарыстанне двух тыпаў прэпаратаў: селектыўных інгібітараў зваротнага захопу сератаніну (SSRI) для падаўлення дакучлівых сэксуальных думак і антыандрагенаў для зніжэння ўзроўню тэстастэрону і лібіда. Асуджаныя таксама будуць праходзіць псіхіятрычныя сеансы для кантролю іншых імпульсаў.
Новыя меры з'яўляюцца часткай больш шырокай стратэгіі па зніжэнні рэцыдываў і разгрузцы перапоўненых турмаў. Ужо зараз зняволеных выпускаюць датэрмінова, каб пазбегнуць недахопу месцаў, які можа ўзнікнуць ў лістападзе.
Незалежны агляд па прысудах, праведзены экс-міністрам юстыцыі Дэвідам Гаўкам, прапануе павялічыць выкарыстанне ўмоўных тэрмінаў, дэпартаваць больш замежных злачынцаў і больш шырока прымяняць такі від пакарання, як грамадскія работы. Таксама разглядаецца падаўжэнне максімальнага тэрміна ўмоўнага пакарання з двух да трох гадоў і вызваленне пасля адбыцця траціны тэрміна. Плануецца, што ўвядзенне комплексу захадаў дазволіць скараціць колькасць зняволеных у краіне амаль на 10 тысяч да 2028 года.
Чытайце таксама:
Хімічная кастрацыя — як гэта можа працаваць у Беларусі і ці яна эфектыўная? Тлумачыць эксперт
«Найбольш эфектыўны метад карэкцыі». Мінздароўя пракаментавала прымусовае лячэнне педафілаў