Грамадства44

Хімічная кастрацыя — як гэта можа працаваць у Беларусі і ці яна эфектыўная? Тлумачыць эксперт

На мінулым тыдні па ініцыятыве Генпракуратуры зацвердзілі план мерапрыемстваў, які прадугледжвае ўвядзенне хімічнай кастрацыі педафілаў. «Наша Ніва» распытала беларускага сэксолага з больш чым дзесяцігадовым стажам працы пра тое, што гэта за метад і наколькі ён эфектыўны.

Фота: pixabay.com

Спецыяліст (імя яго не раскрываецца ў мэтах бяспекі) тлумачыць, што хімічная кастрацыя — гэта прыём пэўных прэпаратаў, якія памяншаюць узровень тэстастэрону і праз гэта зніжаюць лібіда. Такім чынам чалавек робіцца менш агрэсіўным, у яго пагаршаецца палавая функцыя і пажада. Так як хімічная кастрацыя — гэта медыкаментознае ўздзеянне, яно збольшага абарачальнае, але гэтыя прэпараты, як і любыя іншыя, маюць свае паказанні і супрацьпаказанні.

Як такая тэрапія паўплывае на астатнія сістэмы і органы чалавека? Тэстастэрон — важны палавы гармон, які ўплывае не толькі на сэксуальную функцыю, але і на метабалізм іншых органаў і сістэм, у прыватнасці, касцёва-сустаўнай. Таму, папярэджвае медык, калі змяншаць узровень тэстастэрону, гэта выкліча пэўныя пабочныя эфекты. Але з іншага боку, гэтыя ж прэпараты выкарыстоўваюць, каб лячыць анкалагічныя і эндакрыналагічныя хваробы, таму існуе вялікі досвед іх выкарыстання.

Прэпараты хімічнай кастрацыі будуць рабіць мужчыну больш фемінным, яго рэакцыі стануць мякчэйшыя, чалавек паспакайнее і стане больш разважлівым.

Наўрад ці гэта адаб’ецца на ім з прафесійнага боку, але, хутчэй за ўсё, трохі зменіцца яго сацыяльнае жыццё. Калі не прымяняць прэпараты доўга, цягам некалькіх гадоў, наўрад ці псіхіка значна зменіцца. А вось на здароўе лекі паўплываць могуць, але гэта, хутчэй, індывідуальнае пытанне, лічыць сэксолаг.

Пакуль незразумела, як будуць працаваць у Беларусі пратаколы хімічнай кастрацыі, але наш эксперт тлумачыць, як гэта звычайна адбываецца ў свеце.

«Адпаведныя прэпараты прымяняюць ад 6 да 24 месяцаў пад наглядам медыка, паралельна пацыент працуе з псіхатэрапеўтам. Людзі пастаянна апісваюць свае паводзіны і адзначаюцца ў медыкаў. Калі ў чалавека станоўчая дынаміка і спецыялісты яе пацвярджаюць, а таксама няма небяспекі рэцыдыву, прэпараты паціху адмяняюць.

На сёння хімічная кастрацыя — гэта, хутчэй, спосаб кантролю за людзьмі, якіх абвінавацілі ў педафіліі. Яе прымяняюць дзеля абмежавання людзей, у тым ліку тых, якія ўжо адбылі тэрмін зняволення, каб знізіць імавернасць рэцыдыву. Таксама хімічная кастрацыя можа замяняць зняволенне і выступаць нечым накшталт прымусовага лячэння», — кажа сэксолаг.

Але пакуль, як звяртае ўвагу эксперт, не вельмі зразумела, хто будзе гэтым займацца ў Беларусі. Магчыма, гэтую справу перакінулі на псіхіятраў, але, як паказвае практыка, псіхіятры не маюць неабходных ведаў у галіне сэксалогіі, адпаведна незразумела, як яны будуць з гэтым спраўляцца. А можа, гэтую задачу возьмуць на сябе судовыя сэксолагі, якія ёсць у нашай краіне.

Наколькі гэта эфектыўная мера? На думку эксперта, усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Насамрэч існуюць даволі складаныя расстройствы, звязаныя з педафіліяй, і яны, як кажа сэксолаг, часам патрабуюць пэўных мер стрымлівання.

Хімічная кастрацыя — гэта больш гуманны метад, чым кастрацыя хірургічная, яна шмат дзе практыкуецца, гэты метад мае як прыхільнікаў, так і тых, хто выступае супраць. Медык лічыць, што хаця б на нейкі час хімічная кастрацыя магла б быць для чалавека фактарам стрымлівання.

Сэксолаг тлумачыць, што цяпер не толькі ў Беларусі, але і ў свеце назіраецца ўсё больш парафілічных (звязаных з сэксуальнымі адхіленнямі) і, у прыватнасці, педафілічных расстройстваў. Чаму? «Думаю, што гэта звязана ў цэлым з агульнасусветным ростам напружання ў сацыяльным асяроддзі з улікам эканамічных, палітычных і сацыяльных тэндэнцый. Раней людзі з такімі залежнасцямі былі чымсьці абмежаваныя, у тым ліку іх стрымлівала асяроддзе. Цяпер, калі напружання вельмі шмат, такія людзі яго не вытрымліваюць, бо ў іх не вельмі добра наладжаны механізмы псіхалагічнай абароны, што абмяжоўваюць нашы паводзіны. Таму ў людзей менш магчымасцяў стрымліваць свае анамальныя паводзіны, і яны робяцца іх закладнікамі».

Але тут ёсць складанасць, якую важна ўлічваць. З аднаго боку, як расказвае медык, існуе педафілія, і гэта даволі цяжкае расстройства, а з іншага — сустракаюцца педафільныя паводзіны, якія больш блізкія да абсэсіўна-кампульсіўных расстройстваў. Педафільныя паводзіны — гэта, хутчэй, не пра імкненне да дзяцей, а пра адпаведныя думкі, якім чалавек спрабуе супрацьстаяць, напрыклад, пра залежнасць ад дзіцячай парнаграфіі ці фантазій на гэтую тэму, якім чалавек можа даць рады. Але гэтыя думкі і фантазіі ніколі не рэалізуюцца. Даволі цяжка адрозніць педафілію ад педафільных паводзінаў, і практычна ніхто гэтым не займаецца.

На думку сэксолага, хімічная кастрацыя апраўдвае сябе як мера лячэння, бо на фоне зніжэння лібіда можна праводзіць псіхатэрапеўтычную працу. З іншага боку, гэта настолькі індывідуальная з’ява, што, на погляд медыка, амаль немагчыма прадказаць, ці падыдзе чалавеку хімічная кастрацыя. Ёсць шмат навуковых артыкулаў, якія даказваюць, што гэта паспяховы метад, і столькі ж артыкулаў, паводле якіх ён бессэнсоўны і нават шкодны.

«На некаторых людзей прэпараты хімічнай кастрацыі не ўплываюць, яны не паніжаюць гэтым людзям лібіда. Таксама вельмі часта пацыенты маніпулююць працэсам хімічнай кастрацыі: прыкрываюцца ім і пры гэтым працягваюць учыняць супрацьпраўныя дзеянні. Пры гэтым іх нельга ні ў чым абвінаваціць, бо яны быццам бы лечацца.

З аднаго боку, гэта чаканае новаўвядзенне, я разумею яго некаторую каштоўнасць. З іншага боку, сумняваюся, што да хімічнай кастрацыі будуць падыходзіць індывідуальна ў кожным канкрэтным выпадку. Якія тады будуць наступствы, незразумела», — падсумоўвае сэксолаг.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Найбольш эфектыўны метад карэкцыі». Мінздароўя пракаментавала прымусовае лячэнне педафілаў

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін» і бяздзетнасці

Алег Гайдукевіч: Мы за прымусовую кастрацыю педафілаў

Каментары4

  • Вертыкаль з гарызантальлю
    26.06.2023
    Рыхтуйцеся... Будзем паніжаць Вашае лібіда, каб меньш агрэсіўныя былі))
  • Мужык
    26.06.2023
    А што будзе, калі пасля гэтага ўколу бахнуць віягры?
  • Моад'диб
    26.06.2023
    А гэты сэксолаг І. Кона чытаў? Беларуская прафесійная думка, як яна ёсць...

Цяпер чытаюць

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця35

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка прызнаўся, што цяпер надта цяжка збыць беларускае масла10

Ці выпадкова падзенне агульначалавечага ўзроўню інтэлекту супала з распаўсюджваннем інтэрнэту?9

«А калі ў сажалку трапіць снарад?» Мясцовыя актывісты расказалі, як вядуць змаганне супраць фекальнай сажалкі пад Жодзінам1

У сейм Польшчы ўнеслі законапраект, які ўскладняе атрыманне грамадзянства. Ён можа закрануць многіх беларусаў16

Украінскі беспілотнік ударыў па маскоўскім парку «Патрыёт»7

Новы паўночнакарэйскі эсмінец атрымаў прабоіны пры спуску на ваду. Кім Чэн Ын у гневе4

У Вялікабрытаніі прапануюць абавязковую кастрацыю педафілаў і сэкс-злачынцаў3

«Самага міленіяльнага выканаўцу выбралі на выпускны да зумераў». Гродзенскія выпускнікі не ацанілі хэдлайнераў свята2

Ціманоўская паскардзілася, што яе былы муж вывез у Грузію сабаку і там пакінуў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця35

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць