БЕЛ Ł РУС

Беларуска ў Польшчы пазнаёмілася з аргенцінцам і паехала да яго на радзіму. Ён аказаўся сямейным тыранам

22.05.2025 / 17:16

Nashaniva.com

Паліцыя Аргенціны выратавала ад хатняга тырана беларуску Аляксандру М. і яе дачку Эмілі. Малады чалавек, з якім у беларускі завязаўся раман, адабраў у дзяўчыны тэлефон і хаваў яе нават ад знаёмых. Па гісторыю вызвалення беларускі піша Most на падставе паведамленняў аргенцінскай прэсы.

Фота: freepik.com

З Маркасам М. Аляксандра пазнаёмілася ў Польшчы. Малады чалавек (ён на два гады маладзейшы за беларуску) працаваў на той жа фабрыцы, у яе ў падначаленні. У іх завязаўся раман, а праз нейкі час Маркас прапанаваў дзяўчыне пераехаць да яго ў Аргенціну. У пары нарадзілася дачка Эмілі.

Спачатку пара прыляцела ў Буэнас-Айрэс, але адтуль пераехала ў сталіцу правінцыі Чака, горад Рэсістэнсіа. Там Маркас змяніўся. Калі ў Польшчы ў маладых людзей бывалі невялікія сваркі, то ў Аргенціне Маркас стаў дэманстраваць агрэсію: адабраў у дзяўчыны тэлефон, біў яе, а затым перастаў дазваляць выходзіць з дому.

Як піша выданне La Voz, калі хтосьці са знаёмых прыходзіў у дом, Аляксандра павінна была сядзець у пакоі. Збегчы яна баялася, а з улікам моўнага бар'ера ўрэшце апынулася ў поўнай ізаляцыі.

Пакуты доўжыліся паўтара года, а дапамога прыйшла нечакана. Суседка ўбачыла, як Аляксандра плача ў двары, і патэлефанавала на гарачую лінію для ахвяраў гендарнага гвалту.

У дом прыехала паліцыя. У той дзень Аляксандра была з дачкой, яе партнёр гуляў у камп'ютарныя гульні. Беларуску адвезлі ў бяспечнае месца. Маркаса падазраюць у незаконным пазбаўленні волі. Яго папярэдне арыштавалі на 10 дзён, мужчыну можа пагражаць ад двух да шасці гадоў зняволення.

Аляксандра з маленькай дачкой ужо вылецелі ў Беларусь.

«Я мару даць сваёй дачцэ добрае жыццё. Дом, месца для гульняў. І навучыць яе правільна выбіраць таго, хто будзе побач», — прыводзіць словы Аляксандры La Voz.

Чытайце таксама:

«Муж прымушаў мяне займацца сэксам утраіх». Гісторыя гвалту, якога ніхто не заўважаў

Марына Ментусава расказала, чаму разышлася з мужам

Скандал у каралеўскай сям'і Нарвегіі: сына прынцэсы абвінавачваюць у сэксуальным гвалце

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым

Каментары да артыкула