БЕЛ Ł РУС

Беларусаў, якія нанеслі свае бізнэсы на карту «Новай Беларусі» і вярнуліся ў краіну, прымушаюць каяцца і клясці Лібера

23.05.2025 / 16:41

Nashaniva.com

Ужо дзве беларускі, якія размяшчалі звесткі пра свой эміграцыйны бізнэс у базе «Новая Беларусь», апублікавалі ў сваіх інстаграм-акаўнтах «пакаяльныя відэа» з парадамі для сяброў. Выглядае, што ў сілавікоў новая методыка працы.

Павел Лібер. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У першым відэа дзяўчына называе свае поўныя анкетныя звесткі і кажа, што жыве ў Гомелі. Яна расказвае, што ў 2022 годзе паехала жыць у Грузію і «пакінула свае кантактныя звесткі ў экстрэмісцкай платформе «Новая Беларусь».

Гаворка ідзе пра сэрвіс SVAE (раней — «Новая Беларусь»), на якім беларусы-эмігранты, якія займаюцца бізнэсам ці аказваюць паслугі, маглі пакінуць звесткі пра сябе — каб карыстальнікі платформы з дыяспары маглі іх знайсці.

З Грузіі дзяўчына вярнулася ў Беларусь. Тут, выглядае, да яе прыйшлі сілавікі.

У канцы відэа дзяўчына заклікае «не давяраць збеглым палітэмігрантам, якія гарантуюць канфідэнцыйнасць вашай інфармацыі».

У другім відэа іншая дзяўчына кажа, што калі жыла і вучылася ў Тбілісі, то «зарэгістравала свае паслугі на карце праграмы «Новая Беларусь». Яна думала, што «так можна і што яе звесткі абароненыя».

У выніку яна вярнулася ў Беларусь. А цяпер да яе маці прыйшлі з ператрусам. У апублікаванай гісторыі ў інстаграме дзяўчына кажа, што «публікацыя ўзгодненая з праваахоўнікамі Беларусі». Дадае, што «спадзяецца, што ўсе скончыцца добра».

Скрыншот сторыс дзяўчыны з другога відэа, які яна выпусціла да таго, як расказаць пра сваю бяду

Дзяўчына кажа, што, маўляў, стваральнікі праграмы не паклапаціліся пра абарону звестак і заклікае не карыстацца праграмамі, якія стварае Павел Лібер, бо «так вы становіцеся чальцом экстрэмісцкага фарміравання».

Як працуе гэтая карта?

Усё проста — вы перадаяце назву свайго бізнэсу і кантактныя звесткі адміністратарам праграмы SVAE (раней — «Новая Беларусь»). Яны наносяць іх на карту і робяць даступнымі ўсім ахвотным.

На момант стварэння сэрвісу ён быў цалкам легальным, аднак з цягам часу сілавікі абвесцілі яго «экстрэмісцкім фармаваннем».

Гаворка ідзе не пра зліў інфармацыі з самой праграмы, а пра тое, што сілавікі загадзя захавалі агульнадаступныя звесткі абедзвюх дзяўчын і пасля прыйшлі да іх з ператрусамі. Гэта зроблена для таго, каб пацвердзіць «зліў» з платформы «Новая Беларусь», якога, хутчэй за ўсё, не было.

Безумоўна, беларусам, асабліва тым, хто вяртаецца ў Беларусь, варта быць асцярожнымі з размяшчэннем сваіх звестак у прадуктах, якія патэнцыйна могуць прызнаць «экстрэмісцкімі», і ўлічваць рызыку ўзаемадзеяння з любымі падобнымі сэрвісамі. Па рэпрэсіўнай логіцы лукашэнкаўцаў, не мае значэння, што людзі дадавалі інфармацыю пра свой бізнэс на карту ў «бяспечны» час.

Магчыма, запіс падобных відэа — умова для вызвалення ад адказнасці альбо для мінімізацыі наступстваў. 

У мінулым годзе сілавікі адмовіліся ад практыкі выстаўлення ў сваіх каналах відэа з затрыманымі беларусамі. Цяпер жа, выглядае, яны настойваюць, каб людзі публікавалі ролікі падобнага зместу ў сваіх акаўнтах.

Чытайце таксама:

17-гадовы стартапер заявіў, што базу карыстальнікаў «Новай Беларусі» ўзламалі. Лібер адказвае: абвінавачванне абсурднае

17-гадовы стартапер Бурбіцкі намякае, што Лібер прабраўся да яго ў кватэру і раскідаў рэчы

%MCEPASTEBIN%

Каментары да артыкула