Расіяне ўдарылі балістычнымі ракетамі па Адэскім порце
Расійскія войскі нанеслі ўдар балістычнымі ракетамі па порце Адэсы, у выніку чаго загінуў адзін чалавек і яшчэ восем былі параненыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер. Паводле яго слоў, чацвёра параненых знаходзяцца ў цяжкім стане.
Гэты ўдар адбыўся ў адказ на самы маштабны за час вайны налёт украінскіх дронаў на тэрыторыю Расіі, які доўжыўся з 20 па 23 траўня. Расійскае Міністэрства абароны заяўляе, што было збіта 756 дронаў. Пад атакі трапілі 15 расійскіх рэгіёнаў і акупаваны Крым.
Акрамя ракет, раніцай 23 мая Расія выкарыстала супраць Адэсы таксама дроны-камікадзэ, у выніку чаго пацярпелі два чалавекі і быў пашкоджаны прыватны дом.
Таксама 23 мая расійскія войскі атакавалі Чугуеў у Харкаўскай вобласці. Паводле мясцовых уладаў, загінула адна жанчына.
Гэта не першы ўдар па Адэскім порце — падобная атака была і 11 сакавіка, калі загінулі чатыры члены экіпажа гандлёвага судна. Напад тады адбыўся на фоне перамоў Украіны і ЗША ў Саудаўскай Аравіі, дзе Кіеў прапаноўваў перамір’е, але Крэмль не падтрымаў гэтую ініцыятыву.
Такія ўдары па цывільнай інфраструктуры Украіны з боку Расіі адбываюцца рэгулярна і не заўсёды прывязаныя да канкрэтных падзей. Напрыклад, 17 мая ў Сумскай вобласці дрон ударыў па маршрутцы, загінулі 9 чалавек. А 16 мая былі атакі на Харкаўскую, Херсонскую і Адэскую вобласці — загінулі як мінімум два чалавекі, 14 атрымалі раненні.
Чытайце таксама:
Патрушаў пагражае забраць ва Украіны Адэсу
Кіраўнік раёна Курскай вобласці папрасіў Пуціна захапіць украінскія Сумы