БЕЛ Ł РУС

Аднакурснік пра каханка Мельнікавай: Лабееў яшчэ ва ўніверсітэце часам выкарыстоўваў псеўданім «Гардзееў»

24.05.2025 / 11:43

Nashaniva.com

Патаемным каханкам зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай быў 32-гадовы Аляксей Лабееў, супрацоўнік беларускіх спецслужбаў. Ён карыстаўся пашпартам на імя Аляксея Гардзеева.

Лабееў-Гардзееў вучыўся на вайсковым факультэце БДУ і яго сакурснік, з якім давялося паразмаўляць Еўрарадыё, быў вельмі здзіўлены з’яўленню даўняга знаёмага ў навінах.

«Бо я яго памятаю звычайным, простым чалавекам, і навіны пра гэтае здарэнне з Мельнікавай для мяне выглядаюць неяк сюррэалістычна», — кажа нам экс-аднакурснік агента.

Ніякіх асаблівых успамінаў пра Лабеева не было — хлопец ніяк не выдзяляўся.

«Лабееў нічога такога не рабіў, памятаю яго ўсмешлівым і абсалютна звычайным, нічым асабліва не выбітным курсантам. З пацанскімі замашкамі, але яны там былі амаль ува ўсіх. Ён вучыўся на вайсковага псіхолага. Дарэчы, я ўзгадаў куды ён быў размеркаваны — гэта група артылерыі 6-й брыгады ў Гродне. Я звольніўся з войска ў 2018-м годзе, і калі не памыляюся, на момант майго звальнення ён усё яшчэ быў там», — дадае суразмоўца.

Цікавы факт: па словах сакурсніка, Лабееў яшчэ ва ўніверсітэце часам выкарыстоўваў псеўданім «Гардзееў», у тым ліку падпісваўся так у сацыяльных сетках.

З чым сакурснік Лабеева-Гардзеева не згодны, дык гэта з тэзай «Інсайдара» пра тое, што з вайсковага факультэта часта ідуць у спецслужбы — «гэта не такая дэманічная структура».

«Шмат навучэнцаў — гэта людзі з вёсак, райцэнтраў, бо яны разглядаюць вайсковую службу як надзейную опцыю для заробку. Большая частка па размеркаванні трапляе ў вайсковыя часці на пасады па адпаведнай кваліфікацыі. Але ёсць і выключэнні — як правіла, гэта дзеці розных генералаў ці іншых сілавікоў вышэйшага звяна. Напрыклад, курсанты штогод праходзілі практыку (ад месяца да двух), часцей за ўсё ў вайсковых часцях. Але вось спадар Міраслаў Церцель [сын кіраўніка КДБ Івана Церцеля] ездзіў на Кубу», — кажа выпускнік факультэта.

Чытайце таксама:

«Магчыма, яна збегла ад каханка, ці ён яе забіў, ці яна ў Беларусі». Аўтар расследавання пра Анжаліку Мельнікаву

«Магчыма, пачытваў курсы пікапу». Знаёмы бойфрэнда Мельнікавай расказаў пра яго падчас вучобы ў БДУ

Жонка агента-каханка Анжалікі Мельнікавай звязаная з арганізацыяй Руская мадэль эфектыўнага спакушэння

Азараў: Каханак Мельнікавай браў удзел у правакацыі з Азаронкам і быў узнагароджаны

Каханак Анжалікі Мельнікавай — агент беларускіх спецслужбаў з пашпартам прыкрыцця

Каментары да артыкула