Расія пачала сцягваць свае войскі да мяжы ў раёне Харкава
Расія спрабуе сканцэнтраваць свае войскі каля мяжы з Украінай у раёне Харкава. Паводле звестак Узброеных сіл Украіны і заходніх вайсковых аналітыкаў, гэта можа быць падрыхтоўкай да летняга наступлення на Харкаўскую і Сумскую вобласці, піша Sky News.
Расійскія войскі рыхтуюцца да параду ў Маскве на 9 мая. Фота: Sefa Karacan/Anadolu via Getty Images
Прадстаўнік штаба ўкраінскай брыгады «Хартыя» паведаміў, што расійскае камандаванне сцягвае войскі бліжэй да лініі фронту на Харкаўскім напрамку, але спробы штурму пакуль безвыніковыя.
Паводле інфармацыі Sky News, непадалёк ад мяжы размешчаныя рэшткі 50-тысячнай расійскай групоўкі, якая раней дзейнічала ў Курскай вобласці.
Вайсковы аналітык Майкл Кларк мяркуе, што Расія рыхтуе шырокамаштабнае наступленне, у якім могуць удзельнічаць элітныя падраздзяленні Паветрана-дэсантных войскаў. Калі яны застануцца на гэтым участку, то расійскі наступ вельмі верагодны; калі ж іх перакінуць у іншае месца, напрыклад, пад Пакроўск — то верагоднасць наступу на паўночным усходзе зменшыцца.
Брытанскі эксперт з Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI) Джэк Уотлінг лічыць, што расійскае наступленне будзе паступовым, з павольным павелічэннем колькасці і маштабу атак, і што гэты працэс ужо пачаўся.
Ён таксама адзначае, што ў Расіі ёсць прыкладна чатыры месяцы для дасягнення поспеху, бо запасы яшчэ савецкай тэхнікі могуць вычарпацца да сярэдзіны восені. Потым Расіі давядзецца абапірацца толькі на тое, што яна зможа вырабіць сама.
Нядаўна прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскім кіраўніцтвам прынята рашэнне стварыць «буферную зону бяспекі» ўздоўж мяжы.
Чытайце таксама:
Бітва за Канстанцінаўку: чаму гэтае месца можа стаць галоўнай мэтай наступу Расіі
Перамовы ў Стамбуле завяршыліся. Масква патрабуе здачы Украінай чатырох абласцей