Дрон скінуў ёмістасць з фарбай на пасольства Расіі ў Швецыі
Гэта не першы такі выпадак.
Фота: Радыё Свабода
Дрон скінуў у нядзелю раніцай ёмістасць з фарбай на тэрыторыю пасольства Расіі ў Швецыі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал пасольства.
«Праляцеўшы над тэрыторыяй дыппрадстаўніцтва, беспілотнік скінуў ёмістасць з фарбай на пляцоўку перад галоўным уваходам. Асаблівы цынізм інцыдэнту надае тое, што аператарамі дрона была выкарыстана шкляная ёмістасць, якая пры скідзе з вышыні здольная нанесці цяжкія калецтвы людзям», — гаворыцца ў паведамленні.
У паведамленні адзначаецца, што такое адбываецца ўжо не ўпершыню, і што адказнасць за падобныя інцыдэнты будзе ляжаць на ўладах Швецыі.
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі Марыя Захарава паведаміла, што ў панядзелак шведскі бок атрымае ноту пратэсту, і заявіла, што «Швецыя абавязаная ўтаймаваць сваіх ультрас».
Апошні аналагічны выпадак адбыўся 15 красавіка. Тады ў паведамленні расійскага пасольства адзначалася, што гэта ўжо «адзінаццаты інцыдэнт падобнага характару», піша Расійская служба Радыё Свабода.