Працэсію Божага Цела ў Мінску сёлета правядуць раней за само свята, каб не перасякацца з мерапрыемствамі па «генацыду беларускага народа»
Правядзенне агульнагарадской працэсіі Божага Цела запланавана ў Мінску сёлета на нядзелю, 15 чэрвеня. Мяркуецца, што ўрачыстае шэсце, як і раней, пачнецца ад касцёла на Залатой Горцы і пройдзе праз цэнтр сталіцы, паведамілі парафіянам пробашчы сталічных парафій, піша Katolik.life.
Свята Цела і Крыві Хрыстовых, да якога прымеркаваная працэсія, сёлета католікі адзначаюць у чацвер, 19 чэрвеня. У Мінску і ў многіх іншых гарадах правядзенне эўхарыстычных працэсій звычайна пераносяць на бліжэйшую пасля свята нядзелю, каб большая колькасць вернікаў мела магчымасць прыняць удзел ва ўрачыстым шэсці. Але сёлета працэсію ў Мінску запланавалі правесці перад святам — па дзвюх прычынах.
З-за «позняга» Вялікадня ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыстовых прыпадае на другую палову чэрвеня, у той час як у Мінску імкнуцца праводзіць працэсію ў канцы мая — пачатку чэрвеня, да разгару канікул і сезону адпачынкаў, каб больш вернікаў змаглі сабрацца на набажэнстве.
Па-другое, бліжэйшая нядзеля пасля ўрачыстасці — 22 чэрвеня, калі дзяржава адзначае «Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа». На гэтую дату ў горадзе запланаваны адпаведныя мерапрыемствы.
Другі горад Беларусі, дзе арганізуюць найбольш масавыя працэсіі Божага Цела па цэнтральных вуліцах, — Гродна. Тут звычайна дату правядзення шэсця не пераносяць і праводзяць у чацвер, непасрэдна ў дзень свята. Гэта значыць, што і сёлета працэсія ў Гродне павінна прайсці 19 чэрвеня.
Чытайце таксама:
Адбылася беатыфікацыя каталікоў, ахвяраў сталінскага рэжыму
«У мяне было пяць мужчын. Шосты — Ісус». Ася Паплаўская хацела стаць манашкай, але не атрымалася
Беларускія біскупы запрасілі Папу Льва XIV наведаць Беларусь
Першымі беларусамі, якія сустрэліся з новым Папам, стала дэлегацыя грэка-католікаў