Гурт «Дразды» аб'явіў пра развітальныя гастролі
Беларускі гурт «Дразды» абвясціў пра развітальнае турнэ, якое пройдзе летам 2025 года і нібыта стане завяршэннем 20-гадовай творчай дзейнасці калектыву.
Франтмэн гурта, 43-гадовы Віталь Карпанаў напісаў у інстаграме:
«Драздам 20 год! У гэтым годзе мы дадзім шэраг развітальных шоў! Дзякуй усім, хто быў з намі».
Хоць гэта ўсё падаецца як шчырае развітанне, некаторыя прыхільнікі мяркуюць, што такі зварот можа быць маркетынгавым ходам, каб прыцягнуць увагу і прадаць больш квіткоў. Дарэчы, кошт іх невысокі — напрыклад, у Маладзечне на канцэрт 12 ліпеня квіткі каштуюць 30—40 беларускіх рублёў.
Гурт быў створаны ў 2005 годзе і хутка стаў вядомым у Беларусі. Асабліва папулярны ён у правінцыйных гарадах і мястэчках, у якіх часта выступае з канцэртамі. Шмат песень гурта — на беларускай мове. Самая вядомая і папулярная песня — «Хата бацькоў», напісаная ў 2021 годзе. Яе афіцыйная версія набрала 4,6 мільёна праглядаў на YouTube.
Гурт «Дразды» і асабіста Віталь Карпанаў займалі падкрэслена праўладную пазіцыю. Не стаў выключэннем і 2020 год, калі гурт удзельнічаў у масавых праўладных мерапрыемствах, у тым ліку з удзелам самога Лукашэнкі. Гэта, аднак, не засцерагло «Драздоў» ад атак з боку прарасійскіх актывістаў кшталту Вольгі Бондаравай, прычынай чаго стала шырокае выкарыстанне ў іх творчасці беларускай мовы.