БЕЛ Ł РУС

На Віцебшчыне прадаюць паштовую станцыю XIX стагоддзя

28.05.2025 / 20:14

Nashaniva.com

У вёсцы Паграбенка Сенненскага раёна на аўкцыён выставілі старадаўнюю паштовую станцыю. Яе прадаюць амаль дарма — у больш чым 220 разоў танней за першапачатковую цану.

Будынак размешчаны непадалёк ад аўтадарогі Р87 Орша — Віцебск, якая з’яўляецца часткай старога тракта Кіеў — Санкт-Пецярбург. Купіць прапануецца станцыйны дом плошчай 115 квадратных метраў і палову флігеля для ямшчыкоў (74 квадратных метраў).

Гэтыя будынкі адносяцца да гісторыка-культурнай спадчыны і, як лічыцца, былі пабудаваныя ў 1840 годзе. Праўда, энцыклапедыя «Архітэктура Беларусі» сцвярджае, што станцыя з’явілася ў канцы 1840-х гадоў паводле тыпавога праекта. Да нядаўняга часу тут месцілася дарожная служба.

Падобныя станцыі на іншых дарогах часам выкупляюць і перарабляюць, напрыклад, у кавярні — як пад Івацэвічамі ў Брэсцкай вобласці.

Пачатковая цана лота — усяго 126 рублёў, а з улікам выдаткаў на таргі — 232 рублі (прыкладна $77). Для параўнання, у 2019 годзе маёмасць ацэньвалася ў 36 тысяч рублёў ($17 тысяч). Такім чынам, цяперашняя цана ў 221 раз ніжэйшая за першапачатковую.

Аўкцыён адбудзецца 11 чэрвеня ў 13:00.

Чытайце таксама:

У Беларусі ўжо тры гады прадаюць былы кляштар за адну базавую

Мураванку Храптовічаў у Шчорсах выставілі на аўкцыён. Колькі каштуе

Як цяпер выглядае палац Горватаў у Нароўлі, які рэстаўруюць энтузіясты ФОТЫ

Занядбаны палац Радзівілаў прадаюць у тры тысячы разоў даражэй, чым некалькі гадоў таму

Каментары да артыкула