Культура33

Занядбаны палац Радзівілаў прадаюць у тры тысячы разоў даражэй, чым некалькі гадоў таму

Палац сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Дзятлаве доўгі час безвынікова спрабавалі прадаць. Набылі яго некалькі гадоў таму, толькі калі цану знізілі да сімвалічных трох базавых. Цяпер палац ізноў прадаецца.

Палац Радзівілаў у Дзятлаве. Фота: Wikimedia Commons

Палац Радзівілаў у Дзятлаве выставілі на электронны таргі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць», паведамілі ў прэс-службе біржы. Райвыканкам прапануе купіць яго за 296 тысяч рублёў (каля 90 тысяч даляраў) з задаткам 30 тысяч рублёў, якія трэба выплаціць перад аўкцыёнам. 

Помнік архітэктуры быў стаяў пустым шэсць гадоў перад тым, як яго змаглі прадаць. Спачатку ў 2021 года будынак спрабавалі прадаць за 145 тысяч рублёў, у маі і жніўні наступнага года — ужо за 31 тысячу рублёў, зменшыўшы першапачатковую цану на 80%. Але ахвотных не знайшлося. 

Толькі калі на чарговым аўкцыёне, які прайшоў у лістападзе 2022 года, цану за ўвесь будынак знізілі да 3 базавых велічынь, або 96 рублёў, з'явіўся адзіны пакупнік — расійскі бізнэсовец, які ўрэшце і стаў уласнікам палаца Радзівілаў.

Яго прадстаўніца казала, што гаворкі пра камерцыялізацыю аб'екта не ідзе, і што палац будзе мець толькі сацыяльную накіраванасць, магчыма, у ім з'явіцца рэабілітацыйны цэнтр або іншая ўстанова для дапамогі людзям. 

Палац захаваў надзвычай багата ляпніны ў стылі ракако на сваіх фасадах — больш у Беларусі нідзе такога няма. Фота: Wikimedia Commons

Аднак за тры гады ніякіх заўважных змяненняў на тэрыторыі палаца ў Дзятлаве не адбылося. Калі ўласнік цягам некалькі гадоў не пачынае аднаўляць помнік архітэктуры, то па беларускім заканадаўстве гісторыка-культурную каштоўнасць дзяржава можа адабраць. Гэта адбываецца даволі часта, калі купец не ацаніў належным чынам сваіх фінансавых магчымасцей і маштабы бюракратычнай цяганіны. Сама тое, відаць, адбылося і з палацам Радзівілаў у Дзятлаве.

Цяпер яго прапануюць купіць за цану, якая ў тры тысячы разоў перавышае тую, на якую спакусіўся ўсяго адзін чалавек за ўсе тыя гады, калі палац спрабавалі прадаць. Так, пасля няўдалых аўкцыёнаў яе зноў будуць паніжаць і ўрэшце дойдуць ізноў да пары базавых, але губляецца час — а стан помніка не становіцца лепшым.

Абгортка ў стылі ракако

У іншых абставінах за палац Радзівілаў пазмагалася б нямала аматараў даўніны, але з палацам у Дзятлаве не ўсё так проста.

Здзецел, або Зецела, як калісьці называўся горад, узнік на ўскрайку тэрыторыі, заселенай балтамі. У наваколлі да ХVІ стагоддзя гаварылі на балцкай гаворцы. Літоўскамоўныя астраўкі ў навакольных лясах датрывалі да канца ХІХ ст.

Тутэйшы маёнтак вядомы аж з XV стагоддзя. У 1672 годзе Дамінік Мікалай Радзівіл атрымаў яго ў якасці пасагу ад сваёй жонкі Ганны Марыяны з Палубінскіх. Далей Дзятлавым валодалі тры пакаленні шыдлавецка-жырмунскай галіны Радзівілаў. 

Радзівілы жылі ў замку, які быў пабудаваны яшчэ за часамі Астрожскіх, якія валодалі Зецелам да сярэдзіны XVII стагоддзя, і які быў абноўлены ў канцы XVII стагоддзя. У адным з дакументаў гэтага часу згадваецца двухпавярховы каменны палац. У гады Паўночнай вайны, якая доўжылася з 1700 па 1721 гады, будынак моцна пацярпеў.

Палац Радзівілаў на малюнку Напалеона Орды. Фота: Wikimedia Commons

Мяркуецца, што менавіта пры сыне Дамініка Радзівіла, Мікалаі Фаўстыне, пачалося ўзвядзенне новага палаца, асновай для якога паслужыў будынак XVII стагоддзя. Мікалай Фаўстын памёр у 1746 годзе, а палац, як сцвярджаюць гісторыкі архітэктуры, быў скончаны толькі ў 1751 годзе. Гэта значыць, што будаўніцтва працягваў ягоны малодшы сын Станіслаў Радзівіл.

Праўда, Станіслаў перадаў рэзідэнцыю дачцэ і зяцю, а сам пачаў будаўніцтва новага ансамбля ў Жырмунах. Палац у Жырмунах не захаваўся, але вы маглі чуць пра гэтую мясціну.

У 2018 годзе машына з гноем, якая ехала праз руіны пампезнай палацавай брамы, зачапіла яе, абваліўшы вялікі кавалак цаглянай сцяны. Гэты выпадак стаў анекдатычным прыкладам адсутнасці адэкватнай аховы культурнай спадчыны ў Беларусі.

Чарцёж галоўнага фасада палаца, выкананы ў 1846 годзе, пасля канфіскацыі яго расійскімі ўладамі. Фота: Wikimedia Commons

Рэзідэнцыі ў Дзятлаве пашчасціла нашмат болей. Пасля завяршэння будаўніцтва на высокай тэрасе над Дзятлаўкай паўстаў двухпавярховы палац на высокім цокалі. Мяркуецца, што ад ранейшага палаца новы палац атрымаў у спадчыну магутныя контрфорсы ў вуглах.

Магутны контрфорс на вуглу палаца, якія, як мяркуецца, застаўся ад даўнейшага палаца. Фота: Wikimedia Commons

У канцы XVIII стагоддзя палац купіў граф Станіслаў Солтан. Пасля здушэння паўстання 1831 года палац быў канфіскаваны і перайшоў да расійскага вайсковага ведамства, у ім размясціліся штабы і лазарэт. Пасля чарговага вызвольнага паўстання, у 1864 годзе ў выніку перабудовы будынак страціў высокі дах. У 1889 годзе палац быў прыстасаваны пад казармы.

За польскім часам, у 1930 годзе, былы палац ператварылі ў прытулак для дзяўчатак. Пасля Другой сусветнай вайны і аж да нашага часу ў ім размяшчалася медыцынская ўстанова.

Ляпніна ў стылі ракако на фасадзе палаца Радзівілаў у Дзятлаве. Фота з сацсетак

Нягледзячы на два стагоддзі выкарыстання палаца не па прызначэнні, на яго фасадах захавалася багатая ляпніна ў стылі ракако. Медальёнаў з партрэтамі людзей, якія ўпрыгожваюць сцены палац звонку, здаецца, больш нідзе ў Беларусі няма.

Партрэтны медальён на фасадзе палаца Радзівілаў у Дзятлаве. Фота з сацсетак

Нязручны помнік

Як можна зразумець, аб'ект шматслойны і складаны, а таму патрабуе асабліва далікатнай рэстаўрацыі, якая будзе здольная выявіць усе этапы існавання помніка. 

Але ёсць шэраг куды больш важкіх прычын, чаму палац нікому не патрэбны і за адну базавую велічыню. Будынак захаваў цэльнасць, накрыты дахам, але абцяжараны не толькі ахоўнымі абавязацельствамі — ён размешчаны максімальна невыгодна для любога купца, які б хацеў на ім пасля зарабляць. 

Палац мае вельмі цесны ўчастак, які не дае магчымасці аднавіць гістарычнае асяроддзе. Фота: Публічная кадастравая карта

Па-першае, ён прадаецца з вельмі невялікім участкам у 40 сотак, які мае значны ўхіл да сядзібных ставоў. Самі ставы ў яго тэрыторыю не ўваходзяць і наўрад ці іх можна будзе купіць, то-бок палац як бы адарваны ад свайго гістарычнага асяроддзя.

Рэканструкцыя планіроўкі сядзібы. Ад былой рэзідэнцыі застаўся толькі сам палац і пару ставоў. Фота: «Старадаўнія сядзібы Гарадзеншчыны», Анатоль Федарук

Па-другое, з іншага боку палац Радзвілаў выходзіць сваім галоўным фасадам на тэрыторыю раённай бальніцы. Калісьці адсюль быў парадны пад'езд да палаца з колам гонару, абапал якога размяшчаўся рэгулярны парк. Але за савецкім часам проста на месцы парку пабудавалі велізарны гмах бальнічнага корпуса — не самае прыемнае і канфліктнае суседства. 

І фактычна новы ўласнік не можа аднавіць ні парк, ні парадны пад'езд, бо ўсё гэта засталося на тэрыторыі бальніцы, якая наўрад ці зацікаўлена ў коле гонару. 

Замест парку і кола гонару перад палацам гмах раённай бальніцы і ваенны помнік пасярод пляца, выкладзенага пліткай. Фота: Wikimedia Commons

У такой сітуацыя было б разумна, калі б дзяржава сама пачала рэстаўрацыю помніка, напрыклад, пад музей — ёй прасцей дамовіцца з кіраўніцтвам бальніцы пра нейкія саступкі.

Або прапанаваць купцам не толькі зніжку, але і нейкія прывілеі за аднаўленне палаца Радзівілаў, напрыклад, вяртанне паловы выдаткаў, якія будуць патрачаныя на аднаўленне помніка архітэктуры, як робяць у суседніх еўрапейскіх краінах.

Але нічога такога няма ў беларускім заканадаўстве, адзінае, што можа прапанаваць дзяржава — ненулявую перспектыву адабрання помніка, калі рэстаўрацыя не пачнецца ў абмежаваны тэрмін, і выплаты ў Фонд Лукашэнкі ў памеры 5% з усяго прыбытку, які атрымае ўласнік з палаца пасля паспяховага яго аднаўлення. Каго можна прывабіць такімі ўмовамі?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Мде
    08.05.2025
    Гэтая дзяржава безнадзейная..
  • помнік
    08.05.2025
    няроўнасці і няволі
  • Аматар спадчыны
    08.05.2025
    Уладзь рады, што палац ў руках народнай дзяржавы, а не панскага прыватніка?

Цяпер чытаюць

«Можа, баяўся заставацца ў шлюбе са мной, бо працуе на БТ». Настаўніца, якая з'ехала праз даносы Бондаравай, распавяла пра развод і жыццё ў эміграцыі2

«Можа, баяўся заставацца ў шлюбе са мной, бо працуе на БТ». Настаўніца, якая з'ехала праз даносы Бондаравай, распавяла пра развод і жыццё ў эміграцыі

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША скарачаюць адставанне ад Кітая ў гіпергукавой гонцы1

Лукашэнка памілаваў 42 палітвязняў8

«Страшней, што свой заб'е, а не дрон варожы». Як жывуць у вёсцы Курскай вобласці, дзе расійскі салдат расстраляў шматдзетную маці

Па БТ паказалі інтэрв'ю з чарговым зняволеным палякам — Ежы Жывалеўскім1

Новая эра свабодных ведаў. Вікіпедыя робіць стаўку на штучны інтэлект4

На польска-літоўскай мяжы затрымалі беларуса, які вёз у багажніку егіпцяніна1

Мір — гэта грэх. Расійскі святар абвінаваціў тых, хто супраць вайны, у духу антыхрыста8

«Апошнімі дзецьмі, якіх блаславіў Папа Францішак, былі мае». Беларускі бізнэсовец распавёў, як хрысціў сыноў у Ватыкане3

Побач з Нацбанкам выстраілася вялікая чарга. Хтосьці нават стаяў усю ноч

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Можа, баяўся заставацца ў шлюбе са мной, бо працуе на БТ». Настаўніца, якая з'ехала праз даносы Бондаравай, распавяла пра развод і жыццё ў эміграцыі2

«Можа, баяўся заставацца ў шлюбе са мной, бо працуе на БТ». Настаўніца, якая з'ехала праз даносы Бондаравай, распавяла пра развод і жыццё ў эміграцыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць