Лукашэнка загадаў адрэгуляваць правілы прадастаўлення і выкупу арэнднага жылля
Пытанне прадастаўлення арэнднага жылля павінна стаць адным з прыярытэтаў на пяцігодку, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам урада 29 мая, піша БелТА.
Фота: БелТА
Па яго словах, гэта асабліва важна для невялікіх населеных пунктаў (да 20 тыс. чалавек) і будзе добрым стымулам для людзей.
«Прынцып не складаны: адпрацаваў пэўную колькасць гадоў, дапусцім 10 або 15, без перапынку ў арганізацыі, якая табе прадаставіла жыллё ў арэнду, тады атрымліваеш права выкупіць яго ва ўласнасць. Гэта прынцыповае пытанне, па якім вельмі шмат дыскусій. І людзі ставяць перад намі гэтае пытанне, — сказаў Лукашэнка.
— Тое ж самае з выкупам арэнднага жылля на вёсцы, якое ўжо сур’ёзна фізічна зношанае, не адпавядае санітарным і тэхнічным патрабаванням. Дзіўна, але сёння ў такіх дамоў фактычна няма гаспадарскай рукі. З аднаго боку — арганізацыя, на балансе якой яны лічацца. Яна і павінна праводзіць капітальны рамонт, як у нас гэта прынята, адзін раз у 30 гадоў. З другога — наймальнік, які жыве, а ў бягучы рамонт укладвацца не спяшаецца або эканоміць. Бо жыллё ж не сваё. Вось і разбураецца гэтае жыллё патроху».
Па краіне такіх дамоў каля трох-чатырох тысяч. Штогод на іх рэнавацыю патрабуецца больш за 10 млн рублёў. «А між тым у насельніцтва ёсць запыт: калі прадасць ім гэтае жыллё, дом, дзяржава — яны яго адрамантуюць. Але пры гэтым патрэбны зразумелыя ўмовы. І мы павінны іх вызначыць для людзей», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Таксама ёсць меркаванне: дастаткова правесці разавую рэвізію такога жылля (напрыклад, да 1 ліпеня) і прадаваць толькі яго. Для чаго такія абмежаванні? Якая з іх карысць? Што будзеце рабіць з дамамі, якія працягваюць старэць і праз год-другі па іх спатрэбяцца новыя працэдуры?» — абазначыў шэраг пытанняў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што рашэнні павінны быць сістэмнымі і аднолькава прымальнымі для людзей і эканомікі рэгіёна, асабліва ў кантэксце замацавання кадраў.
«Можа, дом мэтазгодна маладому спецыялісту дзесьці ў мядзведжым вуглу, як у нас кажуць (хоць у Беларусі ўжо такіх няма), і падарыць. Дарма аддаць. Магчыма, у каго ёсць альтэрнатыўнае меркаванне, давайце абмяркуем. Я думаю, мы можам гэта абмеркаваць. І яшчэ. На дадзены момант вы прапануеце падзяліць гэтыя пытанні на два ўказы. Не ведаю. Спецыялісты тут ёсць. Можа быць, разумней зрабіць адзін усеахопны дакумент, і чалавеку, які прымае рашэнне па дадзеным пытанні, будзе прасцей», — дадаў ён.