БЕЛ Ł РУС

У Кітаі турыст пашкодзіў дзве фігуры Тэракотавай арміі

31.05.2025 / 21:51

Nashaniva.com

У кітайскім горадзе Сіянь псіхічна хвораму турысту ўдалося пралезці праз агароджу і пашкодзіць дзве гліняныя фігуры знакамітай Тэракотавай арміі. Інцыдэнт адбыўся 30 мая, піша The Guardian.

Фота ілюстрацыйнае

30-гадовы мужчына прыехаў з іншага горада і, пераадолеўшы ахоўную сетку, ускочыў у раскоп і пачаў цягнуць ды штурхаць фігуры. У выніку дзеянняў вандала два старажытныя ваяры атрымалі пашкоджанні.

Ахоўнікі музея дасталі мужчыну з ямы глыбінёй 5,4 метра і перадалі паліцыі. У музеі паведамілі, што 31 мая экспазіцыя працягнула працу ў звычайным рэжыме.

Тэракотавая армія была створана каля 209 года да н. э. для аховы маўзалея першага імператара Кітая. У ёй каля 8 тысяч воінаў, і гэта адзін з галоўных археалагічных сімвалаў краіны. Фігуры былі выпадкова знойдзеныя селянінам у 1974 годзе, калі ён капаў калодзеж.

Комплекс знаходзіцца за 1,5 км ад грабніцы імператара і ўваходзіць у Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА з 1987 года. Музей з'яўляецца галоўнай турыстычнай славутасцю Сіяня.

Чытайце таксама:

У Егіпце знайшлі старажытныя грабніцы, якім больш за 3000 гадоў

У Іспаніі знайшлі абломкі буйнога карабля часоў Сярэднявечча

У ізраільскай пустыні знайшлі загадкавую піраміду, поўную скарбаў

Каментары да артыкула