БЕЛ Ł РУС

Украіна пачала вытворчасць дронаў-перахопнікаў для змагання з шахедамі

2.06.2025 / 22:40

Nashaniva.com

Украіна пачала вытворчасць дронаў-перахопнікаў, каб змагацца з расійскімі «шахедамі», якія сталі больш складанымі і часта выкарыстоўваюцца для масіраваных удараў па гарадах. Распрацоўкай і вытворчасцю такіх беспілотнікаў займаюцца як украінскія кампаніі, так і міжнародныя партнёры. Новыя дроны здольныя выяўляць і знішчаць «Шахеды», у тым ліку праз выбух побач з цэллю або прамое сутыкненне, піша Bloomberg.

Фота ілюстрацыйнае

Тры украінскія кампаніі ўжо вырабляюць такія дроны па цане каля $5000, а некаторыя мадэлі, што яшчэ распрацоўваюцца, могуць каштаваць усяго $300. Гэта значна танней, чым сам «Шахед», які каштуе каля $35 000 і цяпер масава выпускаецца ў Расіі ў шостай мадыфікацыі.

Раней украінскія CПА выкарыстоўвалі мабільныя наземныя групы з кулямётамі і ракетамі, але цяпер «Шахеды» лётаюць вышэй, хутчэй і часам выкарыстоўваюць штучны інтэлект ды сеткі мабільных аператараў замест GPS. Таму іх цяжэй перахапіць з зямлі. Выкарыстоўваць для гэтага знішчальнікі ці ракеты — дорага.

Украіна, аднак, таксама актыўна нарошчвае сваю вытворчасць. Паводле слоў дарадцы ўкраінскага міністра па справах стратэгічных галін прамысловасці Аляксандра Камышына, украінскія дроны ўжо паспяхова дзейнічаюць у раёне Кіева. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліваў, што краіна цяпер мае ўласныя дроны-«знішчальнікі» і рухаецца ў кірунку павелічэння іх вытворчасці.

У чэрвені латвійская кампанія Origin Robotics перадасць Украіне на выпрабаванне свае беспілотнікі, здольныя падрывацца побач з мішэнню. А валанцёрская арганізацыя Defense Tech for Ukraine адзначае, што расійскія дроны ўжо абсталёўваюцца камерамі задняга віду і ўмеюць ухіляцца ад перахопу. Таму ўкраінскія распрацоўшчыкі ствараюць дроны з фіксаваным крылом для тараннага ўдару і мадэлі з безадкатнымі кулямётамі.

Адна з найбуйнейшых украінскіх кампаній Skyfall адаптуе свае FPV-дроны для перахопу. Яны каштуюць ад $300 да $500 і могуць знішчаць як разведвальныя, так і ўдарныя беспілотнікі.

Чытайце таксама:

Расія нанесла масіраваны ўдар па гарадах Украіны, у Кіеве — дзевяць загінулых, 63 параненыя

У Расіі апублікавалі арыенціроўку на ўладальніка фур, якога падазраюць у дачыненні да атакі на вайсковыя аэрадромы

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю

Каментары да артыкула