КДБ правёў ператрусы ва ўдзельнікаў апытанняў Беларускай аналітычнай майстэрні
У людзей, што ўдзельнічалі ў Беларусі ў сацыялагічных апытаннях, арганізаваных Беларускай аналітычнай майстэрняй (Варшава), прайшлі ператрусы, ёсць затрыманыя. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Рэйды праводзілі супрацоўнікі КДБ.
Паводле інфармацыі крыніц, некаторыя грамадзяне маюць статус сведкаў, як мінімум на аднаго затрыманага распачата крымінальная справа. Адзін з удзельнікаў апытанняў здолеў выехаць у бязвізавую краіну.
Ініцыятыва «Хрысціянская візія» паведаміла, што па справе могуць быць затрыманыя полацкая журналістка Ціна Палы́нская і яе 22-гадовая дачка. Паводле інфармацыі «ХВ», абедзве знаходзяцца ў віцебскім СІЗА № 2.