Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»
Новая дакументальная стужка «Белсата» расказвае пра Аляксея Скоблю з пазыўным «Тур», які загінуў, баронячы Кіеў у 2022 годзе. Адзіным з беларусаў-добраахвотнікаў ён быў пасмяротна ўдастоены звання Герой Украіны.
Аляксей Скобля з жонкай Ірынай. Фота з архіва
14 сакавіка 2022 года яму мела споўніцца 32 гады. Ён загінуў 13 сакавіка. Ішоў чацвёрты тыдзень абароны Кіева — бітвы, ад якой залежала, ці захаваецца дзяржаўнасць Украіны, а значыць, ці захаваецца і Беларусь.
Ён быў сынам простых людзей з Мінска. Мама была выхавацелькай ў дзіцячым садку, бацька — кіроўца аўтобуса. Сам ён — аўтамеханік.
Бараніць Украіну ад расійскай агрэсіі Аляксей паехаў яшчэ ў 2015 годзе.
Аляксей Скобля. Скрын відэа: belsat_doc / YouTube
Калі вайна аціхла, вярнуўся да мірнага жыцця, ажаніўся. Калі ў 2022 годзе расіяне папёрлі на ўсю Украіну, ён адразу ўзяў у рукі зброю.
Калі іх машыну падстрэлілі пад Машчуном, ён, паранены, застаўся прыкрываць пабрацімаў. За гэты гераізм і быў удастоены звання Героя Украіны. Яго імя ўпісанае ў гісторыю.
А яго асабістую гісторыю стужкай расказала рэжысёрка Вольга Воранава.
Фільм уяўляе сабой дакументальны рэпартаж, які спалучае інтэрв'ю з таварышамі па службе, валанцёрамі і блізкімі Аляксея. У ім Тур паўстае як асоба, для якой справядлівасць была не абстракцыяй, а жыццёвым прынцыпам.
«Тур, яго ўсе вельмі паважалі. Негледзячы на ўзрост. Яго слова было важкім. Гэта быў чалавек са стрыжнем», — адзначае адна з ягоных знаёмых.
«У яго было вельмі моцнае пачуцце справядлівасці», — згадвае сябар дзяцінства.
«Калі мы сварыліся, жартавалі адзін з аднаго, то ў Аляксея заўжды было адразу пайсці і біцца. Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны і справядлівы».
Аляксей Скобля. Фота з архіва
В 2015 году Скобля далучыўся да тактычнай групы «Беларусь» у складзе «Правага сектара».
«У яго гарэлі вочы. Ён толькі прыехаў з Беларусі, і ён такі цывільны чалавек, у якога наперадзе быў увесь яго баявы шлях», — згадвае першае знаёмства з Аляксеем у 2015 годзе адзін з яго баявых таварышаў.
Аляксей Скобля. Фота з архіва
Па яго ўспамінах, у першым жа выездзе на шахту Бутаўка пад Данецкам Скобля выратаваў параненых украінскіх байцоў:
«Ён вызваўся сярод яшчэ некалькіх хлопцаў, якія адважыліся палезці на вышку і эвакуяваць параненых украінцаў з 80-й дэсантнай брыгады. І ён, рызыкуючы ўласным жыццём, выратаваў жыццё сваіх пабрацімаў».
У 2016 годзе Аляксей стаў першым з беларусаў, хто заключыў кантракт з УСУ і стаў служыць у складзе Сілаў спецыяльных аперацый Украіны (ССА). Ён прайшоў элітныя вайсковыя курсы і не аднойчы браў удзел у выкананні высокаспецыялізаваных задач, здзяйсненні дыверсій на тэрыторыі ворага.
Кульмінацыяй фільма становіцца аповед пра апошні бой Скоблі, які адбыўся 13 сакавіка 2022 года пад Кіевам за дзень да дня яго нараджэння.
Падчас выканання задання па аэраразведцы яго група патрапіла ў засаду. Атрымаўшы цяжкія раненні, Аляксей, зразумеў, што не выжыве, і загадаў групе адыходзіць, прыкрываючы іх.
Аляксей Скобля. Фота з архіва
«Ён загінуў як герой. Не ад абстрэлу мінамётнага, а канкрэтна ў кантакце з ворагам. (…) Ён верыў у Вальгалу. А патрапіць у Вальгалу можна толькі, як гаворыць пра гэта міфалогія, загінуўшы ў баі са зброяй у руках», — адзначае яго баявы таварыш.
За гэты подзвіг Аляксею Скоблю было прысвоена званне Героя Украіны. У яго гонар у Хмяльніцкім назвалі вуліцу.
«Па гэтай вуліцы ён некалі гуляў з жонкай. Цяпер, праходзячы побач, жонка кожны раз бачыць, у чый гонар была названа гэта вуліца — у гонар нашага героя», — заўважае адна з сябровак сям'і.
{POLL#1255}
Чытайце таксама:
Смяротна паранены, застаўся прыкрываць сваіх. Хто такі беларус «Тур», забіты пад Кіевам
Вайсковая разведка Украіны ўзнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў