Наталля Падольская зладзіла вяселле ў другі раз. У госці прыйшлі Z-артысты і нават Пяскоў
Каб адсвяткаваць 20 гадоў з моманту знаёмства, Наталля Падольская і Уладзімір Праснякоў арганізавалі сабе маштабнае весялле.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пясков разам з жонкай Таццянай Наўкай на чарговым вяселлі Наталлі Падольскай і Уладзіміра Праснякова. Фота тут і далей: інстаграм Наталлі Падольскай
Дату для новага вяселля артысты абралі невыпадкова: 5 чэрвеня яны распісаліся 15 гадоў таму. У гэты дзень у розныя гады адбываліся і іншыя важныя для пары падзеі: у 2005 яны пазнаёміліся, а ў 2015 нарадзіўся іх старэйшы сын Арцемій.
Праснякоў і Падольская з сынамі Арцеміем і Іванам
Наталля прызналася ў інстаграме, што яны марылі зрабіць маштабнае вяселле «ў гонар 20-годдзя сумеснага жыцця». Спявачка напісала: «Мы ганарымся такой лічбай. Мы хацелі, каб нашы дзеці бачылі такіх шчаслівых маму і тату на свяце кахання. Мы ўдзячныя нашым дарагім родным і любімым сябрам, якія падзялілі гэты дзень з намі. Мы вас вельмі любім».
Спявачкі Паліна Гагарына і Пелагея
На свята сабраўся ўвесь расійскі бамонд: Ларыса Доліна, Рыгор Лепс, Пелагея, Паліна Гагарына, Аляксандр Рэва і іншыя. Быў нават прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пясков разам з жонкай Таццянай Наўкай.
Ларыса Доліна і Рыгор Лепс
На вяселлі быў дрэс-код — усе госці і жаніх з нявестай былі ў белым. Наталля нават змяніла тры сукенкі: была класічная для цырымоніі, элегантная для вячэры і міні для сольнага выступлення.
Уладзімір Праснякоў з бацькамі
Уладзіміра да аркі з белых кветак вялі бацькі, а ў гэты момант граў на белым раялі Дзмітрый Малікаў.
На вяселлі граў Дзмітрый Малікаў
Упершыню Наталля Падольская і Уладзімір Праснякоў сустрэліся ў 2005 годзе на суперпапулярным шоу «Фабрыка зорак». Беларуска, якой тады было 23 гады, удзельнічала ў пятым сезоне праекта, а 37-гадовы Праснякоў прыйшоў туды як зорны госць.
Нядаўна Наталля прызналася ў інстаграме, што спачатку будучы муж здаўся ёй вельмі пафасным чалавекам. Уладзімір жа сказаў, што яшчэ да знаёмства бачыў дзяўчыну па тэлебачанні: «Я падумаў: «Якая мудрая дзяўчына. Сама маладзенькая, але спявае сур’ёзныя песні».
Наталля Падольская
У тым жа 2005 артысты сустрэліся на запісе спартыўнага шоу «Вялікія гонкі» (у ім зоркі праходзілі паласу перашкод). Наталля кажа, што гэта было так, як традыцыйна паказваюць у кіно: аператар здымае, як пара глядзіць адно на аднаго, а ўвесь свет вакол іх быццам бы спыняецца. Па словах спявачкі, яна адразу зразумела, што Уладзімір яе чалавек. Ён жа кажа, што «адбылася хімія» — і без каханай побач яму было цяжка дыхаць.
Праснякоў быў тады афіцыйна жанаты з мадэльеркай Аленай Ленскай. Развод ён аформіў толькі ў 2006-м.
Раней Наталля казала ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе»: «Мне сябры распавядалі, што яны з Ленай былі ў стадыі расстання. Пра тое, што ён жанаты, я даведалася ад Ігара Нікалаева. Я ачмурэла, калі шчыра. І мы тады разышліся на паўгода».
Ажаніліся артысты ў чэрвені 2010 года.
Нагадаем: Наталля Падольская ёсць у базе «Міратворца» праз тое, што выступала ў акупаваным Расіяй Крыму. Публічна яна імкнецца пазбягаць пытанняў, звязаных з распачатай Пуціным вайной. Максімум, які Наталля дазваляла сабе ў сацыяльных сетках — гэта пісаць, што моліцца за мір. Але гэта не перашкаджала спявачцы выступаць на розных прапагандысцкіх мерапрыемствах. Праз гэта Латвія забараніла Падольскай уезд на сваю тэрыторыю.
Нядаўна Падольская для свайго ютуб-канала брала інтэрв'ю ў кіраўніцы RT Маргарыты Сіманьян, дзе абдымала яе.
Яе муж Уладзімір Праснякоў вайну падтрымлівае адкрыта. Напрыклад, у 2022 годзе ён зрабіў маштабны сольны канцэрт — і ўвесь свой ганарар абяцаў пералічыць расійскім салдатам на перадавой. Таксама спявак ездзіў у вайсковыя шпіталі і выступаў перад па раненымі вайскоўцамі. У сваіх інтэрв'ю Праснякоў падкрэслівае: «Лічу важным быць побач з Радзімай, калі яна праходзіць праз сур'ёзныя выпрабаванні».
Чытайце таксама:
Шчодры сваяк падарыў на вяселле 1200 фальшывых еўра з «банка прыколаў»
Анжаліка Агурбаш зноў выходзіць замуж
Нявеста ў Гродне трапіла ў бальніцу перад самой рэгістрацыяй. Вяселле прайшло ў стацыянары
Блогер Сяргей Бяспалаў расказаў, чаму ажаніўся летась, а адсвяткаваў гэта толькі цяпер