БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, хто з’яўляецца хэдлайнерам Сходу неабыякавых — мерапрыемства апанентаў Ціханоўскай

16.06.2025 / 13:30

Nashaniva.com

Арганізатары трымалі інтрыгу да апошняга.

Георгій Дзмітрук узначальвае адну з частак БХД. Фота: racyja.com

Грамадская ўвага да Сходу неабыякавых — анансаванага круглага стала часткі апазіцыі — трымалася за кошт таямнічасці вакол мерапрыемства. Арганізатары не называлі імёны ўдзельнікаў, дэананімізаваў сябе толькі Міхаіл Кучараў — прадстаўнік беларусаў Люксембурга.

Аднак з улікам таго, хто рэпосціў запрашэнні на Сход — былыя палітвязні Сяргей Пятрухін і Сяргей Коршун, блогер-правакатар Віталь «Вірус» Кандраценка — было відавочна, што плануецца чарговая сустрэча апанентаў Святланы Ціханоўскай.

Трэба аддаць належнае арганізатарам: яны ўсяляк спрабавалі прыцягнуць увагу да падзеі, нават з дапамогай фантазійных гісторый пра тое, як фэйсбук нібыта масава баніў гэтых самых ананімных арганізатараў, а невядомыя хакеры ўзламвалі іх акаўнты ў іншых сацсетках.

Як цяпер стала вядома, у ліку арганізатараў Сходу неабыякавых аказаліся прадстаўнікі ўсё тых жа палітычных аб’яднанняў, якія раз за разам патрабуюць ад Ціханоўскай пачаць дыялог з імі — «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Георгія Дзмітрука і «Народная грамада» Яўгена Вільскага.

Што аб'ядноўвае БХД і НГ, апроч крытычнага стаўлення да Ціханоўскай?

Па-першае, на выбарах у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе іх супольны блок «Салідарнасць» заняў перадапошняе месца — 1,55% ад колькасці тых, хто ўзяў удзел у галасаванні.

Па-другое, звяртае на сябе ўвагу колькасць ускрытых агентаў і стукачоў. У базе даносаў, здабытай «Кіберпартызанамі» на ўзламаным сайце КДБ, знайшлі два старыя звароты ад сяброў «Народнай грамады». Пазней выявілася, што і адзін з лідараў гэтых хрысціянскіх дэмакратаў, Яўген Дудкін, быў агентам беларускіх спецслужбаў. 

Па-трэцяе, БХД і НГ узялі ў кааліцыю яшчэ адно палітычнае аб'яднанне, «Краіну для жыцця» (якое заняла на выбарах у КР апошняе месца), і падпісалі сумесны мемарандум супраць лідарства Ціханоўскай. 

Цяпер жа Георгій Дзмітрук у эфіры «Радыё Рацыя» запрасіў беларусаў замежжа на гэты самы Сход неабыякавых.

Яшчэ адзін удзельнік — Антон Малкін, беларус з Германіі. Ён раней уваходзіў у Штаб аб'яднаных сіл разам са згаданым раней Кучаравым, а таксама Вольгай Карач і Валерыем Цапкалам.

У тэлеграм-чаце Сходу (у ім 27 чалавек) актыўнічае былая палітзняволеная Алена Пуцыковіч. Яна таксама адміністратарка ў чаце блогера-канспіролага Віталя «Віруса» Кандраценкі». Пуцыковіч апынулася ў цэнтры скандалу з бел-чырвона-белым сцягам на гей-парадзе ў Вільні.

Збіраецца на мерапрыемства і былы палітвязень Юрый Чудзіновіч, які нядаўна выйшаў на свабоду.

Анатоль Лябедзька запэўніў, што ніякае з іншых палітычных утварэнняў — Партыя БНФ, АГП, рух «За свабоду», БСДП (Г), «Зяленыя», аргкамітэты па стварэнні партый «Наша партыя», Беларуская хрысціянская дэмакратыя, «Разам» — не дэлегуюць сваіх прадстаўнікоў на Сход.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула