БЕЛ Ł РУС

На Заслаўскім замку спрабуюць раскрыць таямніцу падземнага ходу

16.06.2025 / 22:11

Nashaniva.com

На тэрыторыі Заслаўскага замка пачаліся вялікія археалагічныя раскопкі. Адна з заяўленых мэтаў — вывучыць загадкавы падземны ход, які быў знойдзены яшчэ ў 1970-х гадах, але да гэтага часу не даследаваны, паведамляе тэлеканал СТБ.

Фота: СТБ

Гэты ход упершыню выявіў яшчэ ў савецкія часы археолаг Георгій Штыхаў. Тады яго часткова расчысцілі: шырыня ходу складае каля 80 сантыметраў, вышыня — каля 1 метра 20 сантыметраў. Аднак адна са сцен была пашкоджаная, таму далейшыя даследаванні прыпынілі.

Цяпер каманда археолагаў, валанцёраў і студэнтаў імкнецца высветліць, якое было прызначэнне гэтага падземнага ходу. Як патлумачыў Іван Спірын, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, ход можа быць як падземным калідорам, так і дрэнажнай сістэмай або сакрэтным лазам.

Даследаванні праходзяць на заходняй частцы замка — каля замкавай брамы XVI стагоддзя, праз якую раней у яго ўваходзілі княскія дружыны і купецкія караваны. Плануецца завяршыць працу да канца чэрвеня, але тэрміны могуць зрушыцца з-за надвор'я ці знаходак.

Калі ўдасца дакладна вызначыць прызначэнне падземнага ходу і ўмовы дазволяць, гэты аб’ект можа стаць адкрытым для наведвальнікаў.

Заслаўскі замак быў пабудаваны ў XVI стагоддзі. Цяпер на яго месцы захаваліся Спаса-Праабражэнская царква, руіны замкавай брамы, валы і равы.

Чытайце таксама:

Археолагі пачалі раскопкі на Заслаўскім замку. У планах — выявіць вялікую браму

Аднавіліся раскопкі на Менцы, цікавая знаходка ўжо ў першы дзень

Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Каментары да артыкула