Гісторыя5656

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Раскопкі гарадзішча на Менцы, якое і было летапісным Менскам, далі магчымасць дакладна вызначыць, калі будавалася сталіца Беларусі. Дрэвы для магутных сценаў горада былі спілаваныя з жніўня 997-га па сакавік 998 года. Адкрыццё стала вынікам супрацы археолагаў і батанікаў.

Раскопкі на вале гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

Чаму менавіта цяпер пачалі капаць гарадзішча на Менцы?

Маштабныя раскопкі ў верасні 2022 года былі анансаваныя прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, вядомым сваёй зацікаўленасцю гісторыяй і калекцыянаваннем праметаў даўніны, і адразу ж гаворка зайшла пра стварэння на гарадзішчы гісторыка-археалагічнага комплексу. 

«Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што беларуская дзяржаўнасць не прыдуманая, не кімсьці прыўнесеная, а спрадвечна наша», — тлумачыў значнасць помніка Галоўчанка.

Ужо ўвесну наступнага года пачаліся адны з самых маштабных раскопак у Беларусі, да якіх былі прыцягнутыя вялікія дзяржаўныя грошы, шмат людскіх рэсурсаў і ўвагі медыя. Людзей на раскопкі звозілі з усёй краіны: і валанцёраў з 17 ВНУ Беларусі (і нават адной расійскай), і маладых навукоўцаў з Акадэміі навук, і нават школьнікаў. Сваім візітам на Менку адзначыліся многія топавыя чыноўнікі, а таксама праваслаўны мітрапаліт.

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на раскопках гарадзішча на Менцы. Фота: Sb.by

Ход раскопак і першыя вынікі

Раскопкі працягваліся два гады, даўшы багата матэрыялаў для далейшых даследаванняў. Сярод найбольш уражальных вынікаў даследаванняў 2024 года — адкрыццё складанай сістэмы драўляных умацаванняў на Вялікім гарадзішчы.

У аснове ляжалі двайныя зрубы — клеці-гародні, сабраныя з бярвення, рубленага «ў абло». Вонкавая клець была зроблена з дубу, унутраная — са змяшаных парод, пры гэтым самыя масіўныя бярвёны дыяметрам да 40 см выкарыстоўваліся для вонкавай, паўночнай сцяны. Канструкцыі ўтрымліваліся дзякуючы гакавым замкам, замацаваным драўлянымі нагелямі. Агульная вышыня захаваных вянцоў дасягала 2,5 м, а вышыня сцен — да 6—7 м. Унутры клецяў зафіксаваны запаўненні з глею, пойменнай гліны і мулу, у якіх знойдзены фрагменты керамікі, драўляныя лапаты, вырабы з металу і косткі жывёл.

Раскопкі на вале гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

Да гародняў з паўднёвага боку прымыкаў шэраг пустацелых клецяў памерам 5 × 5 м і вышынёй да 1,5 м, а з паўночнага — два рады паўклецяў, зробленых з тоўстых дубовых бярвенняў з тымі ж гакамі і нагелямі. Такая канструкцыйная схема сведчыць пра тэхнічна развітую абарончую сістэму. У дадатак да гэтых знаходак на тэрыторыі каля паўднёвага ўваходу на гарадзішча зафіксаваны сляды пажару XI стагоддзя — з наканечнікамі стрэл, абгарэлай керамікай і прадметамі ўзбраення, а таксама пахаванні XV—XVI стст. і смеццевыя ямы XVII стагоддзя. 

Гак, канец якога быў аформлены ў выглядзе галавы барана. Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

На Малым гарадзішчы даследаванні паказалі, што тут таксама існавалі драўляныя ўмацаванні, хоць і меншых памераў, чым на Вялікім. Археолагі выявілі рэшткі згарэлай клеці, у якой знайшлі зброю, амуніцыю і срэбраныя ўпрыгожванні XI стагоддзя. З цягам часу гэтыя клеці, збудаваныя напрыканцы X — пачатку XI стагоддзя, пачалі разбурацца, іх паступова засыпала зямля.

На навакольных селішчах выяўленыя матэрыялы X—XII стагоддзяў, фрагменты печаў, гаспадарчыя і смеццевыя ямы, а таксама асобныя знаходкі пазнейшага перыяду, уключаючы пахаванні і рэдкія ювелірныя вырабы. Асабліва вылучаецца пазалочаная накладка з выявай твару Хрыста. 

Разборка канструкцый клецяў, выяўленых пры раскопках вала Вялікага гарадзішча. Фота: тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Усё пералічанае, па меркаванні археолагаў, гаворыць пра тое, што археалагічны комплекс на рацэ Менцы з’яўляецца адным з найважнейшых помнікаў дамангольскага перыяду на тэрыторыі Беларусі.

Напэўна, упершыню з часоў раскрыцця старажытнага Берасця ў канцы 1960-х гадоў на гарадзішчы на Менцы было вырашана закансерваваць у такім значным аб’ёме выяўленыя драўляныя канструкцыі для далейшага экспанавання.

Пазалочаная накладка з выявай твару Хрыста. Фота: сацсеткі сядзібы «Стары Менск»

Дрэва як крыніца для датавання

Цікаўнасць да драўляных канструкцый была і іншая, бо менавіта дрэва магло даць адказ на тое, калі тут з’явіўся горад, то-бок умацаванае паселішча. 

У канцы 2023 года Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі адабраў 50 узораў драўніны выяўленых канструкцый для іх відавой ідэнтыфікацыі і датавання найстаражытнейшых збудавання горада. Першыя вынікі радыевугляроднага аналізу драўніны сталі вядомыя ў лютым 2024 года. У газеце «Навука» выйшаў артыкул «Шанец сталіцы стаць больш старажытнай» пра раскопкі на рацэ Менцы.

Радыевугляродны аналіз бярвення з вала паказаў, што яны датуюцца ў дыяпазоне 750-991 гг. Звычайна пры такой разбежцы прынята браць сярэдняе значэнне, а гэта азначала, што Мінску як гораду прыблізна каля 1150 гадоў, што больш як на 190 гадоў больш, чым калі лічыць ад даты першай пісьмовай згадкі.

Адбор узораў драўніны з раскопак гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальная батанікі НАН Беларусі

Дэндрахраналогія ўглыб тысячагоддзя

Другі спосаб датавання драўніны, дэндрахраналагічны аналіз, дае куды больш дакладнае датаванне, але ў выпадку з такімі старажытнымі помнікамі атрымаць яго значна больш складана.

Адбор узораў драўніны з раскопак гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальная батанікі НАН Беларусі

Гадавыя колцы ўтвараюцца ў выніку сезоннага росту дрэў: летам дрэвы растуць хутчэй, утвараючы светлыя шырокія колцы, а зімой рост запавольваецца, ствараючы вузкія цёмныя колцы. Кожнае колца адпавядае аднаму году жыцця дрэва.

Шырыня колцаў адлюстроўвае ўмовы надвор'я ў розныя гады. Параўноўваючы ўзоры з аднаго рэгіёна, навукоўцы супастаўляюць колцы, каб выбудаваць храналагічную паслядоўнасць, якая сягае ў старажытнасць. Гэтая паслядоўнасць дазваляе дакладна датаваць узрост драўніны ў археалагічных помніках, у творах мастацтва і архітэктуры.

Адбор узораў драўніны дубу з раскопак гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальная батанікі НАН Беларусі

Праблема ў тым, што на Беларусі няма дубоў хоць бы 700-гадовага ўзросту, максімальны зафіксаваны ўзрост дуба ў Беларусі — каля 400 гадоў. Гэта значыць, што для таго, каб заглянуць глыбей, трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы драўніны, напрыклад, у помніках архітэктуры. Але і тут ёсць відавочныя абмежаванні: у краіне няма драўляных помнікаў, ранейшых за XVII стагоддзе.

Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі цесна супрацоўнічаюць з гісторыкамі. Яны вывучылі драўляныя знаходкі з раскопак у Віцебску і Полацку, а ў планах — даследаванні ў Крэве і Мсціславе. З дапамогай дэндрахраналогіі вызначалі ўзрост чоўна, паднятага з Нёмана, а падчас рэканструкцыі Сафійскага сабора ў Полацку праводзілі датаванне дубовых элементаў яго канструкцыі, якія паказалі, што яны былі ссечаныя ў 1124—1137-х гадах.

Адна з дэндрахраналагічных шкал была сфарміравана яшчэ ў савецкі час на падставе матэрыялаў са Смаргоні. Яшчэ адну распрацавалі ў 2019—2021 гадах на базе драўніны з Лёзненскага раёна — дубоў, паднятых са дна рэк Лучоса і Чарніца. Увесь працэс быў вельмі працаёмкі: усе ўзоры здабываліся ўручную. Акрамя таго, была створана шкала і для Заходне-Дзвінскага рэгіёна. Нядаўна была створана і апублікавана беларуская тысячагадовая храналогія па сасне.

Адзін з узораў драўніны дубу з раскопак гарадзішча на Менцы, які паслужыў для дэндрахраналагічнага датавання ўмацаванняў горада. Скрыншот з відэа АНТ

Дацягнуць дэндрахнаналагічную шкалу да часу ўзвядзення ўмацаванняў гарадзішча на Менцы тэхнічна складана, але цалкам магчыма. У сакавіку 2025 года супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі паведамілі, што ім удалося дакладна сінхранізаваць і пабудаваць шкалу па ўзорах, узятых з раскопак на Менцы.

На Менцы ўзоры для дэндрахраналагічнага аналізу адбіраліся на працягу двух гадоў — па меры раскопак, калі археолагі даходзілі да ніжніх ярусаў клецяў (чацвёртага-пятага вянцоў).

У датаванні пабудоў дэндрахраналагічным метадам ёсць адна нязручнасць — спіл дрэва можна дакладна датаваць толькі калі захавалася апошняе колца абалоны, знешнія вільготныя маладыя слаі дрэва, якія знаходзяцца пад карой. Але звычайна ў архітэктуры выкарыстоўваецца апрацаванае дрэва, счасаныя з бакоў ствалы.

На Менцы драўніна знаходзілася ў вільготнай глебе і была добра закансерваваная, што дазволіла выявіць нават асобныя бярвёны з захаванай карой — ключавы фактар для дакладнага датавання.

Усяго даследчыкі адабралі 95 узораў: 84 спілы і 11 кернаў (пры дапамозе спецыяльнага бура). З іх 34 удалося сінхранізаваць у адзіную храналогію даўжынёй 170 гадоў. 

Атрыманыя на Менцы ўзоры навукоўцы параўналі з трыма ўжо існуючымі дэндрахраналагічнымі шкаламі.

У выніку было ўстаноўлена, што дрэвы з умацаванняў гарадзішча на Менцы былі спілаваныя з жніўня 997-га па сакавік 998 года, а раслі яны пачынаючы з 820-х гадоў. Гэта цалкам укладаецца ў радыевугляродны дыяпазон (750—991 гг.), пацвярджаючы дакладнасць вынікаў.

Новая дата — зіма 997/998 гадоў — была афіцыйна агучаная на навуковай канферэнцыі ў маі гэтага года. Яе прэзентавалі ў супольным дакладзе кіраўнік раскопак Андрэй Вайцяховіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза і загадчык цэнтра археалогіі Аляксей Аўласовіч.

Ці можна «састарыць» горад?

Дакладнае датаванне драўніны гаворыць пра тое, што паселішча на Менцы, якое лічыцца летапісным Менскам, стала горадам, гэта значыць займела ўласныя ўмацаванні, не раней за 998 год.

Можна падлічыць, што зыходзячы з гэтай даты гісторыя горада налічвае каля 1027 гадоў, у той час як адштурхваючыся ад даты першай летапіснай згадкі яму 958 — узрост горада ўдалося павялічыць на 69 гадоў.

Тым не менш узрост гарадоў усё ж прынята адлічваць ад першай пісьмовай згадкі пра іх, але ў практыцы нашага рэгіёна ёсць выпадкі, калі прымалася палітычнае рашэнне лічыць горад нашмат старэйшым, чым было прынята.

Найбольш яскравы прыклад адбыўся з Кіевам, калі савецкае кіраўніцтва Украіны вырашыла ў 1970-х гадах адзначыць маштабны юбілей, але не было нагоды. Першая летапісная згадка пра Кіеў — у «Аповесці мінулых гадоў» — адносіцца да 860 года. 1100-годдзе было прапушчана, бо прыпала на 1960-я. Чакаць наступнай круглай даты трэба было яшчэ амаль стагоддзе.

Абапіраючыся быццам бы на археалагічныя знаходкі, спачатку збіраліся адзначаць 2700-годдзе Кіева, каб зрабіць яго адным з найстаражытных гарадоў Еўропы, роўным вечнаму Рыму.

Залатая брама, адноўленая да 1500-годдзя Кіева па гіпатэтычных уяўленнях. Фота: Wikimedia Commons

Але такую прапанову палічылі зусім фантазійнай на ўзроўні ЮНЕСКА, таму давялося абмежавацца 1500-годдзем. Адзінай зачэпкай для аднясення заснавання Кіева на V стагоддзе былі некалькі знойдзеных манет візантыйскага імператара Анастасія I, які кіраваў у 491—518 гг. У астатнім археалогія паказвае на існаванне паселішча прынамсі ў VI стагоддзі, а горада — з IX стагоддзя.

Тым не менш дырэктыўна, без прывязкі да якой-небудзь даты, была вызначана дата адзначэння 1500-годдзя Кіева — 1982 год, да якога сталіцу савецкай Украіны добраўпарадкавалі і нават аднавілі некаторыя помнікі старажытнарускай даўніны.

Гэта не тое, чаго хацелі?

Датаванне гарадзішча на Менцы мае пад сабой канкрэтны навуковы грунт, які пакідае мала месца для сумненняў, што ўмацаванні вакол паселішча ўзніклі блізка да 998 года. Аднак ці пяройдуць улады на такое «летазлічэнне»?

Прынятая раней дата 1067 год давала надзею ў агляднай перспектыве, праз 42 гады, адзначыць 1000-годдзе сталіцы, а паводле новай даты такая магчымасць была прапушчана. І хоць малаімаверна, што нехта з прадстаўнікоў цяперашніх уладаў дажыве да юбілею, для горада лепш мець у перспектыве вялікае свята, чым не мець. 

А ці ўдалося паказаць, «што беларуская дзяржаўнасць не прыдуманая, не кімсьці прыўнесеная, а спрадвечна наша», як тое наказваў сам Галоўчанка перад пачаткам работ?

Год пабудовы Менска прыпадае на пасля часу, калі пасля няўдалага замаху на кіеўскага князя Уладзіміра Святаслававіча, прыкладна ў 980-я гг. з Кіева былі выгнаныя Рагнеда са сваім сынам Ізяславам. Паводле летапісаў, Ізяслаў атрымаў у валоданне «дзедаўшчыну», дзедавы землі — полацкія ўладанні свайго дзеда Рагвалода.

Той перыяд быў непрацяглым перыядам прамой залежнасці беларускіх земляў ад Кіева. Заўважце, што паводле летапіснага падання Ізяслаў вярнуўся не ў стольны Полацк, а ў адмыслова пабудаваны правінцыйны гарадок — цяперашняе Заслаўе каля Менска, дзе ён быў адгароджаны ад полацкага веча.

У час раскопак гарадзішча старажытнага Менска знайшлі донца глінянай пасудзіны з геральдычным знакам, які належаў сыну князя Уладзіміра і княгіні Рагнеды Ізяславу. Фота з сацсетак

Сам горад Ізяслаўль згадваецца ў крыніцах нашмат пазней, толькі ў 1127—1128 гадах. З той жа імавернасцю Рагнеда з Ізяславам маглі саслаць не на голае месца, дзе пасля ўзнік Ізяслаўль, а ў паселішча на Менцы, якое, як мы цяпер ведаем, трохі пазней умацавалі сценамі. Даказаць ці абвергнуць гэта амаль немагчыма, нават знаходка ў час раскопак фрагмента посуду з радавым знакам князя Ізяслава не ёсць надзейным доказам.

Зрэшты, нельга выключаць і іншую гіпотэзу — пабудова магутнага, добра абароненага Менска на паўднёвым рубяжы Полацкага княства магла быць звязаная не з высылкай Ізяслава і Рагнеды, а акурат з аднаўленнем самастойнасці Полацкай зямлі, якое магло паступова адбывацца пры Ізяславе, ягоным сыне Брачыславе і ўнуку — слынным Усяславе. Бо Ізяслава з Рагнедай выслалі ж на гадоў 10 раней за пабудову Менска. Так што з’яўленне Менска магло быць моцным знакам самастойнасці.

Значэнне раскопак

Варта аддаць належнае навукоўцам, што яны не пайшлі ў пагоні за старажытнасцю Менска па шляху стварэння міфаў, а выдалі роўна тое, што паказалі даследаванні.

У кожным разе вялікія раскопкі і адкрыцці сталі магчымыя дзякуючы апекаванню топавых чыноўнікаў, для якіх беларуская гісторыя трошкі большае, чым толькі ідэалагічны інструмент.

Такая рэдкая праява свядомага патрыятызму сярод беларускіх эліт паказала, як шмат можна зрабіць пры спрыянні дзяржавы.

«Медыйныя» раскопкі выклікалі шырокую цікаўнасць да ўсяго азначанага перыяду, звярнулі ўвагу на іншыя археалагічныя аб'екты, адрадзілі навуковыя дыскусіі па некаторых пытаннях, запатрабавалі выкарыстання самых сучасных навуковых методык і прывялі да супрацоўніцтва розных галін навукі.

Як бы ўзбагацілася беларуская культура і падрасла беларуская навука, калі даследаванні тыпу як на гарадзішчы на Менцы былі не адзінкавым прыкладам, а паўсюднай практыкай?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары56

  • X
    31.05.2025
    А калі будзем адзначаць Дзень горада цяпер? Якая новая дата?
  • Žvir
    31.05.2025
    Dyk heta ž i jość piśmovaja krynica, toļki napisanaja nie čalaviekam, a pryrodaj, i adpaviedna značna boļš praŭdzivaja, jaje nie zšaļmuješ, jak tyja lietapisy, i praŭdzivaść jejnuju pad sumnieŭ nie pastaviš...

    To bok, calkam pravamierna zaćvierdzić novuju datu zasnavaņnia Miensku na Miency !

    A chto choča adśviatkavać tysiačahodny jubiliej Miensku na Miency ŭ 2067-m. - nichto nie zabaronić, Novy hod pa starym styli śviatkujuć, dyk i tysiačahoddzie adśviatkujecie, ničoha z horadam praz heta nia zrobicca, a sapraŭdny jubiliej niachaj śviatkujuć unuki... Znajšli mnie prabliemu, nahodu vypić...
  • Žvir
    31.05.2025
    X, Miensk na Miency, i Miensk na Niamizie - heta dva roznych horada z svajoju ŭlasnaj historyjaj, jakija isnabali pobač u prykladna adzin čas.

    Potym Iziaslaŭ pabudavaŭ Zaslaŭje, i sfarmavalasia ŭnikaļnaje "trymiasta", kanhlamierat haradoŭ, z cikavaj, nieŭvasobiŭšajsia pierspiektyvaj i budučyniaj.

    Pažar zniščyŭ Miensk na Miency, i jahonyja žychary pierasialilisia ŭ Miensk na Niamizie. Horad uzbujniŭsia, atrymaŭ novy impuļs dlia razvicvia i značnaść, a Zaslaŭje zachavalasia, jak pradmieście.

Цяпер чытаюць

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю37

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам машына сутыкнулася з матацыклам ВІДЭА

У Мінску праходзіць велакарнавал «Viva Ровар» ФОТЫ2

Брэсцкія памежнікі не прапусцілі без чаргі інваліда з Расіі — былога прэс-сакратара паліцыі Інгушэціі. Ён абураны10

Макрон заклікаў стварыць «кааліцыю незалежных» і не глядзець на Вашынгтон і Пекін4

Чарэшні на Камароўцы патаннелі ўтрая. Чым яшчэ выгадна закупіцца?2

Паўлючэнка: Вольга Сямашка хацела атрымаць для аўдыту менавіта фонд «Разам»21

Папулярная актрыса выпусціла мыла з вадой з уласнай ванны1

Ганна Бонд крытыкуе, дэпутатка Мірончык-Іванова спявае пра «крошку»: у Мінску з аншлагам прайшоў канцэрт «Руки вверх»37

Кот здольны адрозніваць свайго гаспадара ад незнаёмца па паху3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю37

Украіна масіравана атакавала расійскія аэрадромы і знішчала бамбардзіровачную авіяцыю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць