Беларусу, які ваюе за Расію, далі расійскі пашпарт. У Беларусі ён касіў ад войска
33-гадовы беларус Антон Хілько, які паходзіць з Рэчыцкага раёна, атрымаў расійскі пашпарт за ўдзел у вайне на баку Расіі супраць Украіны, піша «Белсат».
Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, Хілько спачатку дапамагаў расійскім вайскоўцам як валанцёр — вазіў гуманітарную дапамогу на фронт, за што атрымаў падзякі ад вайсковых камандзіраў і кіраўніцтва Чувашыі. Увесну 2025 года ён падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны Расіі і пачаў служыць у войску.
Пры гэтым у мінулым у Беларусі Хілько двойчы судзілі за ўхіленне ад вайсковай службы. У 2011 годзе ён атрымаў спачатку штраф, а потым паўтара года «хіміі» — абмежавання волі без накіравання ў турму. У 2013 годзе ён напісаў у сацсетцы «Аднакласнікі»: «Хутка этап!!!», што можа сведчыць пра накіраванне на адбыццё пакарання.
З 2015 года Антон жыў у расійскіх Чэбаксарах (сталіца Чувашыі) разам з сям’ёй, але расійскае грамадзянства атрымаў толькі цяпер — як узнагароду за падтрымку расійскай арміі. Дарэчы, яго жонка і дзеці ўсё яшчэ застаюцца грамадзянамі Беларусі.
Паводле беларускіх і расійскіх СМІ, у Расіі Антона Хілько таксама шукалі судовыя прыставы праз запазычанасці. Аднак ці адбываў ён за гэта пакаранне, не ўдакладняецца.
Хілько — адзін з прынамсі 71 беларуса, які, паводле падлікаў, мог далучыцца да расійскай арміі як замежны найміт. Усяго ў Маскве з красавіка 2023 па травень 2024 года на вайну з Украінай было завербавана больш за 1500 замежнікаў.
Чытайце таксама:
Стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расіі і трапіў у палон
У баях на Данбасе ва ўкраінскі палон трапіў 54-гадовы беларус Сяргей
На вайне ва Украіне знік яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расіі
«Жэня ў нас ногі страціў». На парад у Мінск прыехалі вагнераўцы-беларусы — расказваем, хто яны