БЕЛ Ł РУС

Трамп узяў два тыдні, каб вызначыцца адносна Ірана

19.06.2025 / 21:51

Nashaniva.com

Вашынгтон на працягу двух тыдняў вырашыць, як далей дзейнічаць у сітуацыі з Іранам. Пра гэта паведаміў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у заяве, агучанай ягонай прэс-службай на брыфінгу ў Белым доме. Трансляцыя ішла праз канал Fox News.

Дональд Трамп. Фота: AP Photo/Alex Brandon

Дональд Трамп патлумачыў, што такі тэрмін вызначаны таму, што нібыта існуе рэальная магчымасць пачатку перамоў. Хто можа на іх стаць пасярэднікам, у Белым доме пакуль не паведамляюць.

На пытанне, ці хоча Трамп змены ўлады ў Іране, ягоная прэс-сакратарка Кэралайн Лівіт адзначыла, што галоўная мэта прэзідэнта — не дапусціць з’яўлення ў Ірана ядзернай зброі. Яна таксама дадала, што Трамп аддае перавагу дыпламатыі, але не выключае выкарыстання сілы, калі гэта будзе неабходна.

Па словах Лівіт, у Ірана ўжо ёсць тэхнічныя магчымасці для стварэння ядзернай зброі, і пытанне цяпер толькі ў палітычным рашэнні. Калі вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі прыме рашэнне, Іран можа атрымаць ядзерную зброю ўжо праз некалькі тыдняў. Трамп упэўнены, што ніводная краіна, у тым ліку Расія, не зацікаўлена ў такім развіцці падзей.

Раней інфармагенцтва Reuters паведамляла, што прадстаўнік ЗША Стыў Уіткаф меў тэлефонныя размовы з кіраўніком МЗС Ірана Абасам Аракчы пасля ізраільскіх удараў па Іране.

Чытайце таксама:

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Пасля адхілення Іранам ультыматуму Трампа ЗША пасылаюць на Блізкі Усход трэці авіяносец

Супрацьбункерная бомба ЗША: што пра яе вядома і ці сапраўды яна можа разбурыць ядзерныя бункеры Ірана?

Каментары да артыкула