БЕЛ Ł РУС

«Беларусіянізм — гучыць прыгожа». Вольга Лойка прапанавала сваю нацыянальную ідэю

23.06.2025 / 8:0

Nashaniva.com

У новым выпуску аналітычнага ТОКу эканамічная аглядальніца Вальга Лойка паразважала аб тым, якая ідэя можа аб'яднаць беларусаў замежжа з тымі, хто жыве ў Беларусі.

Нядаўна Лукашэнка зноў запатрабаваў ад чыноўнікаў выпрацаваць нацыянальную ідэю.

Вольга Лойка заўважае, што «ў Лукашэнкі складана з абстрактным мысленнем, яму складана самому сфармуляваць, чаго ён хоча, прыкладны кірунак, які ён мог бы бачыць у якасці нацыянальнай ідэі» і дадае, што шмат якія нацыянальныя ідэі вельмі простыя. Самыя вядомыя — гэта амерыканская мара і ізраільскі сіянізм.

Лойка прапаноўвае: «Я б, дапусцім, на месцы нас як беларусаў за межамі краіны таксама сфармулявала б нейкую нацыянальную ідэю, які-небудзь умоўны такі беларусіянізм з цалкам канкрэтным напаўненнем. Гэта і адзіная дзяржава для ўсіх беларусаў як мэта, мара, і салідарнасць як наша фішка, якая сапраўды ўвайшла ўжо ў аналы, і як салідарнасць дыяспары з вялікай зямлёй».

У якасці апошняга аглядальніца прыводзіць ініцыятыву «Мальдзіс» па выкупе і перадачы культурных каштоўнасцей Беларусі.

Вольга Лойка. Фота: loykool / facebook

Яшчэ адным праектам маглі б стаць летнія матэматычныя лагеры для дзяцей, асабліва для тых, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі або паходзіць з няпоўных сем’яў. Фінансавацца такія летнікі могуць праз спецыяльны фонд, створаны IT-кампаніямі. Па словах Лойкі, ужо цяпер такая ідэя абмяркоўваецца сярод заможных беларусаў.

«Мы вывезем 10 дзяцей за лета, яны пракачаюць свае матэматычныя скілы, павучаць мову, адпачнуць, безумоўна, вернуцца ў Беларусь, і ў гэтым нічога дрэннага не будзе. Я не думаю, што дзяржава была б супраць», — даводзіць экспертка.

Яшчэ адна ідэя — выдзяляць стыпендыі для навучання ў найлепшых сусветных ВНУ. Тым чыноўнікам, каму гэта можа не спадабацца, Лойка нагадвае:

«Нават Міхаіл Гуцэрыеў пра гэта гаварыў. Хлопцы, каб не дапусціць тэхналагічнага адставання, вельмі важна, каб маладыя расіяне (як і маладыя беларусы) былі актыўнымі ў гэтым навуковым, навучальным асяроддзі.

Яшчэ адзін напрамак — гэта медыцынская дапамога беларускім дзецям: «Давайце, дыяспара возьме нейкую частку на сябе — «мы там вам гатовы дапамагчы нейкім аб'ёмам збору, нейкім сваім унёскам».

«Гэта для ўсіх беларусаў, для любых беларусаў. І ў гэтым была б цалкам сабе нацыянальная ідэя. Досыць сімпатычная прынамсі. Па меншай меры, у ёй было б бачна нейкае напаўненне», — даводзіць эканамічная аглядальніца і дадае:

«Беларусіянізм — гучыць прыгожа. Не для Лукашэнкі, канечне».

Чытайце таксама:

Ініцыятыва Maldzis вяртае старадрук Сімяона Полацкага

«Гэта вяршыня». Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў выпрацаваць нацыянальную ідэю

Вольга Лойка прапанавала «закон Ціханоўскай» для чыноўнікаў і патлумачыла, што гэта такое

Каментары да артыкула