Следчы камітэт Расіі: Тэракт у «Крокус Сіці Хол» быў здзейснены па замове Украіны
Следчы камітэт Расіі завяршыў расследаванне тэракту, які адбыўся 22 сакавіка 2024 года ў маскоўскай канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол», піша РБК. Як сцвярджаюць следчыя, злачынства было здзейснена па замове з боку Украіны з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Расіі.
Фота: Аляксей Арлоў / «Ведомости»
Па справе праходзяць 19 абвінавачаных, і ўсе матэрыялы ўжо перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Увечары 22 сакавіка ўзброеныя нападнікі ўварваліся ў залу перад канцэртам гурта «Пікнік», адкрылі агонь па людзях і падпалілі будынак. У выніку загінулі 149 чалавек, яшчэ адзін лічыцца зніклым без вестак, а больш за 600 атрымалі раненні. Агульныя матэрыяльныя страты ацэньваюцца прыкладна ў 6 мільярдаў расійскіх рублёў.
Следства ўстанавіла, што напад арганізавалі члены забароненай у Расіі тэрарыстычнай групоўкі «Вілаят Харасан» разам з саўдзельнікамі. Частка з іх прайшла падрыхтоўку за мяжой, іншыя знаходзіліся на тэрыторыі Расіі і займаліся пошукам зброі, яе пераробкай і дастаўкай. Частку ўзбраення прывезлі спачатку ў дагестанскі Каспійск, а перад нападам — у Маскву.
Пасля тэракту злачынцы спрабавалі ўцячы, як сцвярджаюць расійскія следчыя, нібыта ва Украіну, але былі затрыманыя ў Брянскай вобласці. Следства працягвалася больш за год. У асобным парадку працягваецца расследаванне ў дачыненні да яшчэ двух арганізатараў і чатырох удзельнікаў тэрарыстычнай групы.
Падазраваным выстаўленыя абвінавачанні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Расіі, уключаючы тэрарызм, удзел у тэрарыстычнай арганізацыі, незаконны абарот зброі і выбуховых рэчываў, а таксама падрыхтоўку да тэракту.
Сярод тых, хто праходзіць па справе, — грамадзяне розных краін, у асноўным яны з Таджыкістана.
Пры гэтым варта адзначыць, што раней паведамлялася, што следства фактычна абвяргала заявы расійскіх уладаў пра дачыненне Украіны да тэракту ў канцэртным зале «Крокус». Сцвярджалася, што тэрарысты былі завербаваныя афганскай ячэйкай «Ісламскай дзяржавы» «Вілаят Харасан».
Чытайце таксама:
Следства абвергла заявы Пуціна аб датычнасці Украіны да тэракту ў «Крокусе»
Ісламісты, адказныя за выбух у «Крокусе», назвалі свае наступныя цэлі
Расія пастрожыла прыём таджыкаў пасля «Крокуса», дык яны цяпер спрабуюць у абыход — праз Беларусь