БЕЛ Ł РУС

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»

28.06.2025 / 20:32

Nashaniva.com

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў выступіў на III з'ездзе праўладнай партыі «Белая Русь» і ў сваёй прамове заявіў пра неспадзяваную ідэалагічную пагрозу: маўляў, у Беларусі на патрыятычнай тэматыцы сталі фарміравацца фінансаваныя звонку «псеўдапатрыятычныя ячэйкі», нацэленыя на дэструктыўную дзейнасць.

Уладзімір Пярцоў

Звяртаючыся да дэлегатаў з'езда, Пярцоў заявіў:

«Мы ўсе людзі палітычна пісьменныя і падкаваныя, упэўнены, кожны — патрыёт на сваім працоўным месцы. На нас з вамі ўскладаецца высокая адказнасць, на нас ускладаецца праца па фарміраванні палітычнага ландшафту, адзінай стройнай ідэалагічнай сістэмы па тым самым супрацьборстве ў барацьбе за розумы і сэрцы нашых грамадзян».

Паводле яго слоў, урокі 2020 года ўладамі засвоеныя, аднак спыняцца на гэтым ніяк не выпадае:

«Але трэба будзе нам зрабіць значна больш. Таму што, як вы бачыце, на патрыятычнай тэматыцы, мімікрыруючы пад патрыётаў, сталі фармавацца псеўдапатрыятычныя ячэйкі. Уступаючы ў калабарацыю з дзяржаўнымі і прадзяржаўнымі грамадскімі аб'яднаннямі і палітычнымі партыямі, жадаючы разам з вамі прайсці гэты шлях па заваёве розумаў і сэрцаў, яны фінансуюцца з-за мяжы і нацэленыя самым галоўным чынам на рэалізацыю альтэрнатыўных, дэструктыўных палітычных задум у наступны электаральны перыяд — 2029-2030 гадоў».

Пасля канстатацыі гэтага сумнага факту галоўны ідэолаг краіны заклікаў да мабілізацыі ў змаганні з гэтай навалай:

«Мы гэтага дазволіць не можам, мы выдатна разумеем, што іншай, запасной Радзімы ў нас няма. І толькі разам, толькі разам, адзіным баявым кулаком палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, дзяржаўныя органы і арганізацыі і ў цэлым патрыятычна настроеныя грамадзяне нашай краіны змогуць прайсці і гэта няпростае выпрабаванне, якое нам рыхтуюць палітычныя апаненты і іх наймальнікі, галоўным чынам — за мяжой». 

Чытайце таксама:

Партыю «Белая Русь» узначаліла Вольга Чамаданава

Азаронак: Не хачу адчуваць сябе хутаранінам у вышыванцы

Эйсмант, Радзькоў, Пярцоў і Карлюкевіч напісалі кнігу пра Лукашэнку «Наш прэзідэнт»

Каментары да артыкула