БЕЛ Ł РУС

«Лукашэнка ніколі нічога не баіцца». Хрэнін заявіў, што вучэнні «Захад-2025» і не збіраліся праводзіць на мяжы з НАТА

1.07.2025 / 15:39

Nashaniva.com

Міністр абароны раптам прыдумаў новую версію пераносу вучэнняў углыб тэрыторыі Беларусі. Дакладней, ён заявіў, што ніякага пераносу і не было.

Віктар Хрэнін. Скрыншот СТВ

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што вучэнні «Захад-2025» з самага пачатку збіраліся праводзіць не на заходніх межах, а ў глыбіні тэрыторыі Беларусі.

Так Хрэнін адрэагаваў на словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Аляксандр Лукашэнка баіцца расійскіх правакацый, а таму вырашыў перанесці вучэнні далей ад межаў.

«Яны хай як заўгодна выказваюцца. Мы ўсё цудоўна разумеем, у нас рашэнні прэзідэнт ніколі пад ніякім ціскам не прымае. Ніколі нічога не баіцца. 

Рашэнне прынята нават не ў гэтым годзе. Канцэпцыя была прэзідэнту дакладзеная ў мінулым годзе. Паступова, падаўшы гэтую інфармацыю, данеслі, якім чынам будуць праходзіць вучэнні. Тое рашэнне, якое прынята, яно прынята даўно», — сказаў Хрэнін у эфіры «Першага інфармацыйнага». 

Міністр сцвярджае, што вучэнні ў краінах НАТА значна маштабнейшыя за беларускія і расійскія.

«Вучэнні «Абаронца Еўропы» проста маюць грандыёзны характар па колькасці прыцягваемых войскаў. 95 тысяч — гэта сур'ёзная групоўка», — лічыць Хрэнін.

Ён прызнаў, што ва Украіне і Польшчы могуць перажываць з-за вучэнняў «Захад-2025».

«Можа, яны і могуць перажываць. Але гэта іх асабістая справа. Ну і суседняя Польшча чамусьці расперажывалася, што мы тут пагроза. Сабраліся ў адказ нейкія вучэнні праводзіць. Гэта іх таксама права. Хай праводзяць», — дазволіў Хрэнін.

Беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2025» павінны прайсці ў верасні на палігонах дзвюх краін. У канцы мая Хрэнін абвясціў, што вучэнні будуць перанесеныя з заходняй мяжы ўглыб Беларусі.

«Нягледзячы на тое, што ніякія крокі па вяртанні да выканання шэрагу ключавых дамоўленасцяў у сферы кантролю за ўзбраеннямі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь так і не былі зробленыя, мы прынялі рашэнне аб зніжэнні параметраў вучэння «Захад-2025» і пераносе яго асноўных манеўраў углыб тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ад заходніх межаў», — заявіў тады Хрэнін. То-бок гаворка ішла менавіта пра перанос вучэнняў і зніжэнне іх параметраў, а не пра першапачатковую канцэпцыю. 

Адначасова ў Мінабароны заявілі, што колькасць вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэннях, будзе скарочаная ўдвая. 

Пасля гэтага Уладзімір Зяленскі заявіў, што Лукашэнка баіцца расійскіх правакацый — менавіта таму ён перанёс вучэнні далей ад межаў. У Мінабароны, відаць, пакрыўдзіліся на слова «баіцца» і прыдумалі новую версію: маўляў, вучэнні збіраліся праводзіць не на межах з самага пачатку, яшчэ ў мінулым годзе, але тады пра гэта нічога не сказалі. 

Чытайце таксама:

Зяленскі: Лукашэнка баіцца і перанясе вучэнні далей ад мяжы з Украінай

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны

Чаму вучэнні «Захад-2025» вырашылі правесці ў цэнтры краіны, а не каля межаў НАТА — меркаванне ўкраінскага палітолага

На вучэннях «Захад-2025» будуць адпрацоўваць удары тактычнай ядзернай зброяй і «Арэшнікам»

Каментары да артыкула