БЕЛ Ł РУС

Беларуска родам з Хойніцкага раёна прыкінулася грузінкай і падманула даверлівага італьянца

6.07.2025 / 22:28

Nashaniva.com

У Мінску завяршылі расследаванне крымінальнай справы супраць 23-гадовай дзяўчыны, якую абвінавачваюць у махлярстве. Як паведамілі ў пракуратуры Фрунзенскага раёна, справа ўжо накіравана ў суд, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота ілюстрацыйнае

У красавіку 2025 года дзяўчына пазнаёмілася з грамадзянінам Італіі праз сацыяльныя сеткі. Яны некалькі разоў сустракаліся і вячэралі за ягоны кошт. Пры гэтым беларуска ўводзіла яго ў зман — сцвярджала, што нарадзілася ў Грузіі, хоць насамрэч прыехала ў Мінск з Хойніцкага раёна.

Пазней дзяўчына пад рознымі зачэпкамі пазычыла ў італьянца 450 рублёў, абяцаўшы хутка вярнуць грошы. Каб замаскіраваць махлярства, яна нават падрабіла квітанцыі аб пераводзе і сцвярджала, што ў банку адбыўся збой. Але праз некаторы час яна зусім перастала выходзіць на сувязь.

Італьянец зразумеў, што стаў ахвярай падману, і звярнуўся ў міліцыю. Там хутка знайшлі махлярку і завялі крымінальную справу.

Дзяўчына афіцыйна не працуе і раней да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася. Аднак у 2020 годзе яна ўжо здзяйсняла падобнае махлярства — абяцала купіць куртку праз інтэрнэт і не аплаціла яе. Тады справу спынілі, бо махлярка дамовілася з пацярпелай.

Цяпер ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — завалоданне маёмасцю шляхам падману або злоўжывання даверам. Сваю віну дзяўчына прызнала цалкам, але шкоду пацярпеламу не кампенсавала. У якасці меры стрымання да яе прымянілі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Чытайце таксама:

Што вядома пра сетку кол-цэнтраў, якія ўцюхвалі беларускім пенсіянерам біядабаўкі

Махляры купілі беларусу білет на самалёт у Маскву і ў сланцах і шортах выманілі ў яго 230 тысяч даляраў

Беларусам тэлефануюць падаткавікі

Жыхарка Чачэрска прадавала ў інтэрнэце «золата», а дасылала ўжываныя рэчы

Каментары да артыкула