Упершыню расійскія вайскоўцы здаліся ў палон робатам — наватарская аперацыя ўкраінскай штурмавой брыгады
Сучасную вайну немагчыма ўявіць без выкарыстання дронаў. Але беспілотныя машыны могуць быць не толькі паветранымі.
«Мы хочам здацца», — напісалі расіяне, каб пазбегнуць падрыву робатамі. Скрыншот з відэа
Гісторыя беспілотных баявых машын — доўгая. Першай баявой машынай, якой не быў патрэбны кіроўца ў звыклым сэнсе, стаў французскі танк 1915 года Torpille Terrestre — у перакладзе з французскай «наземная тарпеда». Яго прызначэнне было простым: дастаўляць выбухоўку (да 200 кілаграмаў) да варожых пазіцый. Кіраванне ажыццяўлялася аператарам праз два кабелі, якія падавалі электрычнасць на рухавікі. У патрэбны момант баявая машына падрывалася.
Torpille Terrestre. Фота: smolbattle.ru
У 1918 годзе ў ЗША інжынер Элмер Вікерсхэм распрацаваў тэлетанкетку з электрапрывадам. У 1922 годзе ён атрымаў патэнт на сваё вынаходства, але ў серыю гэтая машына так і не пайшла.
Электрычная телетанкетка Элмера Вікерсхэма. Фота: masterok.livejournal.com
У 1929 годзе ў Японіі быў пабудаваны прататып тэлетанкеткі, якая атрымала назву па імені яго канструктара — маёра Нагаяма. Пры яе стварэнні была выкарыстана хадавая частка сельскагаспадарчага гусенічнага трактара Fordson амерыканскай вытворчасці.
Тэлетанкетка Нагаяма. Фота: Wikimedia Commons
Для радыёкіраванай танкеткі Нагаяма распрацаваў корпус арыгінальнай канфігурацыі, які па форме аддалена нагадваў падводную лодку. Гэта было выклікана тым, што танкетка павінна была мець магчымасць фарсіраваць водныя перашкоды.
У 1937-м годзе, рыхтуючыся да нападу на Манголію, японскія інжынеры распрацавалі «інжынерную машыну Тып 98», якая больш вядома пад назвай «Я-І-Го». Асноўнай іх задачай быў падрыў варожых умацаванняў. Кіраванне такой машынай здзяйснялася па дротах. Былі распрацаваны дзве мадыфікацыі (Ко і Оцу), некалькі машын былі перададзены на ўзбраенне, але да баявога выкарыстання справа не дайшла.
Цікавасць да такіх сістэм праяўлялі і савецкія інжынеры. У 1929—1932 гадах у Спецыяльным тэхнічным бюро была распрацавана сістэма радыёкіравання для танкаў «Мост-1», якая забяспечвала сувязь на адлегласці да некалькіх кіламетраў.
У 1930-м годзе былі праведзены першыя выпрабаванні тэлетанка, створанага на платформе танка ТТ-18. У 1932 годзе была выпушчана доследная партыя тэлетанкаў ТТ-27 у колькасці 5 штук. У тым жа годзе пачалася распрацоўка іншай мадэлі — ТТ-26.
Савецкія тэлетанкі на Краснай плошчы. Фота: smolbattle.ru
На працягу 1938-1939 гадоў праводзіліся работы па стварэнні і выпрабаванні тэлемеханічнай апаратуры для групы танкаў ТТ-БТ-7, якая складалася з тэлетанка і танка кіравання (звычайнага танка са штатным узбраеннем, дапоўненага абсталяваннем, якое дазваляла экіпажу перадаваць каманды тэлетанку).
Тэлетанк (на пярэднім плане) у суправаджэнні танка кіравання. Тэлетанк лёгка ідэнтыфікуецца па характэрных «вушках» антэн на вежы. Фота: fonzeppelin.livejournal.com
Тэлетанк прызначаўся для разведкі мінных палёў, стварэння праходаў у загароджах з дроту, вогнемятанні, стварэнні дымавой заслоны, дэгазацыі ці заражэння мясцовасці атрутнымі рэчамі.
Вядома, што ў пачатку 1940-х гадоў на ўзбраенні Чырвонай Арміі быў 61 радыёкірааваны танк. У баявых умовах яны ўпершыню былі выкарыстаныя ў ходзе савецка-фінскай вайны, але беспаспяхова: танкі мелі слабую браню і лёгка паражаліся супрацьтанкавай зброяй яшчэ да падыходу да цэлі.
Падбіты тэлекіраваны танк ТТ-26. Люты 1940 года. Фота: Wikimedia Commons
З пачаткам Другой сусветнай вайны распрацоўкі па ўдасканаленні тэлетанкаў у СССР спыніліся.
У той жа час цікавасць да наземных беспілотных платформаў нямецкіх інжынераў прывяла да стварэння гусенічнай самаходнай міны-танкеткі «Галіяф». У трох розных мадыфікацыях яны дастаткова шырока выкарыстоўваліся нацысцкімі войскамі ў перыяд Другой сусветнай вайны для барацьбы з танкамі і ўмацаваннямі праціўніка.
Адзін з вядомых прыкладаў — разбурэнне барыкад, створаных паўстанцамі Варшавы ў 1944 годзе. Захаваўся нават узор гэтай машыны ў музеі Варшаўскага паўстання.
Брытанскія салдаты з захопленымі нямецкімі самаходнымі мінамі-танкеткамі «Галіяф». Фота: Wikimedia Commons
«Галіяф» уяўляў сабой невялікую гусенічную платформу, якая магла перавозіць ад 75 да 100 кілаграмаў выбухоўкі. Кіраванне адбывалася з дыстанцыйнага пульта, які быў звязаны з танкеткай дротам. Яна мела абмежаваную эфектыўнасць — дрот часта рваўся, тэхналогія была дарагой, устаноўка мела нізкую праходнасць і хуткасць.
У перыяд халоднай вайны асноўная ўвага навукоўцаў і інжынераў ВПК была скіравана на стварэнне беспілотных лятальных апаратаў. Да стварэння такога ж тыпу наземных сістэм вярнуліся толькі праз некалькі дзясяткаў гадоў.
У 1963 годзе інжынеры тагачаснага УНДІ-100 (больш вядомага як «УНДІтрансмаш») пачалі даследчыя і канструктарскія працы па стварэнні шасі месяцахода. У гэтым жа годзе быў створаны макетны ўзор радыёкіруемай машыны на базе танка Т-55.
Рабатызаваны танк Т-55 на выпрабаваннях. Скрын відэа: MrKarnawal / YouTube
У ЗША Пентагон фінансаваў праекты па стварэнні наземных робатызаваных платформаў для выяўлення і абясшкоджвання мін. У Ізраілі развіваліся аўтаномныя наземныя патрульныя машыны для аховы мяжы.
У 1980-х IBM, Honda і іншыя карпарацыі пачалі распрацоўку эксперыментальных платформаў на колавай і гусенічнай базе, з GPS-навігацыяй, камерамі і сістэмамі пазнавання перашкод. Але яны былі арыентаваны на выкарыстанне ў мірных мэтах.
На пачатку XXI стагоддзя наземныя беспілотныя платформы пачалі пастаўляцца ў вайсковыя падраздзяленні — найперш для размініравання, правядзення разведкі і назірання, транспарціроўкі боепрыпасаў і эвакуацыі параненых з поля бою.
Беспілотны наземны апарат (танкетка) на спіне ў амерыканского салдата. Фота: Wikimedia Commons
У 2006 годзе ў Паўднёвай Карэі створаны «робат-вартавы», прызначаны для аховы межаў з Паўночнай Карэяй.
Амерыканская кампанія Foster-Miller распрацавала баявога робата, які быў абсталяваны буйнакаліберным кулямётам. Улетку 2007 гады тры робаты гэтай фірмы былі паспяхова выпрабаваныя ў Іраку.
Робаты Foster-Miller TALON SWORDS, абсталяваныя зброяй. Фота: Wikimedia Commons
Цяпер існуе вялікая разнастайнасць наземных беспілотных платформ. Яны знайшлі шырокая прымяненне ў расійска-ўкраінскай вайне. На лета 2025 года вытворчасцю такога віду ўзбраення ва Украіне займаецца каля 40 кампаній.
Самаходны комплекс Ratel S/ Фота: ratel.ukraine / instagram
Напрыклад, кампанія Ratel выпускае некалькі відаў такой тэхнікі. Сярод іх — лёгкія наземныя беспілотныя платформы (дроны) Ratel S, здольныя выконваць як функцыі мабільнай боегалоўкі для атакі танкаў і бліндажоў праціўніка, так функцыі мініравання, перавозкі і эвакуацыі.
Дрон мае электраматор, які не стварае шуму. Ён можа перамяшчацца з максімальнай хуткасцю 24 кіламетры на гадзіну і працаваць без падзарадкі да дзвюх гадзін. Запас ходу дасягае 10 кіламетраў. Яго кіраванне ажыццяўляецца аператарам з пульта ў радыусе 1500 метраў ці 3 кіламетры з рэтранслятарам.
Ratel S з'яўляецца мадыфікацыяй грузавога колавага дрона Ratel М, які першапачаткова ствараўся для падвозу боепрыпасаў і вады для ваенных, а таксама эвакуацыі параненых з поля бою.
Ratel М падымае вагу да 250 кілаграм, можа працаваць ад акумулятара 8 гадзін улетку або 5 гадзін узімку. Максімальная дальнасць кіравання складае 6 кіламетраў. Поўны прывад і вялікія колы дазваляюць дрону пераадольваць перашкоды на шляху.
Акрамя таго, на самаходную платформу можна ўсталяваць абсталяванне для размініравання супрацьпяхотных мін.
Кампанія-вытворца таксама вырабляе цяжкія колавыя дроны Ratel H, здольныя транспартаваць да 1400 кілаграмаў грузу.
Яны прызначаны для шматмэтавага выкарыстання: транспартаванне грузаў ці боепрыпасаў на пазіцыі, эвакуацыі параненых. Таксама на самаходную платформу можна ўстанавіць дадатковыя тэхнічныя сродкі, напрыклад, РЭБ абмежаванай дальнасці.
Некалькі дзён таму ва ўкраінскіх СМІ з'явілася інфармацыя аб паспяховай аперацыі Трэцяй асобнай штурмавой брыгады, падчас якой упершыню расійскія вайскоўцы здаліся ў палон наземным рабатызаваным платформам.
«Без пяхоты і без страт. Трэці штурм ажыццявіў беспрэцэдэнтную аперацыю — байцы атакавалі варожыя пазіцыі ў Харкаўскай вобласці, зачысцілі іх і ўзялі акупантаў у палон выключна з дапамогай беспілотнікаў і наземных рабатызаваных комплексаў», — паведамляе брыгада на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Варожыя ўмацаванні былі атакаваны дронамі і наземнымі робатызаванымі комплексамі. Наступны робат ужо падыходзіў да разбуранага бліндажа, калі расіяне, каб пазбегнуць падрыву, абвясцілі аб капітуляцыі. Ацалелых расійскіх байцоў іншымі самаходнымі платформамі, якіх вайскоўцы называюць «птушкамі», даставілі да ўкраінскай лініі фронту і ўзялі ў палон.
Чытайце таксама:
Украіна мае наземны дрон, які падрывае масты на Данбасе
ГУР заявіла, што марскі дрон знішчыў расійскі верталёт Мі-8 у Крыме