БЕЛ Ł РУС

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты

11.07.2025 / 18:42

Nashaniva.com

Па словах даследчыкаў, гэтага золата столькі, што хапіла б пакрыць увесь зямны шар слоем у амаль у паўметра. Але ёсць адна загваздка.

Фота: Michael Steinberg / pexels.com

Золата заўсёды мела асаблівае значэнне для людзей — не толькі як каштоўны метал, але і як сімвал улады, свабоды ды багацця. Яно натхняла паэтаў, разбурала імперыі, выклікала войны і рабілася прадметам асабістай апантанасці.

Фізічныя ўласцівасці золата — адметны бляск, хімічная ўстойлівасць, лёгкасць апрацоўкі, высокая электра– і цеплаправоднасць, нетаксічнасць — зрабілі яго ідэальным матэрыялам як для ювелірных вырабаў, так і для прамысловых патрэб. І пры гэтым яно дастаткова рэдкі метал.

Як піша New Atlas, за ўсю гісторыю чалавецтва было здабыта каля 216 тысяч тон золата — гэтага хапіла б, каб зрабіць куб з бакамі ў 22 метры.

Але ўсё гэта — драбяза ў параўнанні з найвялікшым радовішчам золата, якое вывучаюць навукоўцы з Універсітэта Гётынгена.

Дзе ж яно? Па словах аўтараў даследавання, якое апублікавана ў часопісе Nature, у самым цэнтры Зямлі — у яе расплаўленым ядры.

Як яны тлумачаць, усё золата, што мы калі-небудзь здабылі, — гэта толькі сляды, што засталіся ў лёгкіх сілікатных пародах зямной кары. Асноўны аб’ём знаходзіцца ў ядры, куды яно правалілася на ранніх этапах фарміравання планеты 4,5 мільярда гадоў таму.

Золата — сідэрафільны (ад грэч. sideros ≈ жалеза і philéo ≈ люблю) элемент, яно натуральна цягнецца да жалеза і лёгка з ім злучаецца. А паколькі жалеза — асноўны кампанент зямнога ядра, большая частка золата апынулася менавіта там.

Паводле ацэнак, яго там столькі, што хапіла б пакрыць усю паверхню Зямлі пластом таўшчынёй каля 46 сантыметраў.

Графічнае адлюстраванне ўнутранай будовы Зямлі: у цэнтры знаходзіцца перагрэтае металічнае ўнутранае ядро, вакол яго — цвёрдае вонкавае ядро, далей — камяністая мантыя і, бліжэй да паверхні, тонкая зямная кара. Ілюстрацыйны малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту / Матэрыялы даследавання

Аднак здабыць гэтае золата не ўяўляецца ніякай магчымасці. Ядро — гэта расплаўленая жалезная сфера на глыбіні тысяч кіламетраў. Але, як сцвярджаюць вучоныя, ёсць надзея: паводле даследаванняў, золата патроху выходзіць вонкі.

Даследчыкі прааналізавалі суадносіны ізатопаў рутэнію і вальфраму ў акіянскіх базальтах і пікрытах (магматычных горных пародах) з Гаваяў, Бафінавай Зямлі, Галапагосаў і вострава Рэюньён. Яны заўважылі, што адзін з ізатопаў рутэнію меў анамальна высокі ўзровень прысутнасці. Гэта сведчыць, па словах вучоных, аб тым, што пароды, якія змяшчаюць гэты ізатоп, паходзяць з вельмі глыбокіх нетраў Зямлі.

Вымярэнні паказваюць, што пароды, якія змяшчаюць рутэній, паступілі з мяжы паміж ядром Зямлі і мантыяй, а затым выйшлі на паверхню праз вулканічныя каналы.

Гэта значыць, што замест таго каб заставацца ў ядры назаўжды, золата і іншыя металы паступова паднімаюцца ўверх — праз гарачыя патокі расплаўленай пароды з глыбіняў Зямлі да мантыі, а адтуль — у тыя пласты, дзе мы ўжо можам іх здабыць. Але гэты працэс доўжыцца сотні мільёнаў гадоў.

Калі вам не хочацца чакаць мільёны гадоў, ёсць іншы варыянт — здабываць золата ў космасе. Навукоўцы мяркуюць, што некаторыя астэроіды, якія засталіся пасля ўтварэння Сонечнай сістэмы, вельмі багатыя на металы.

Напрыклад, астэроід Псіхея складаецца амаль цалкам з металічных парод і не мае такой абалонкі, як Зямля, што хавала б скарбы глыбока ўнутры. Калі ў ім сапраўды ёсць золата і іншыя каштоўныя металы, яго кошт можа дасягаць 10 квадрыльёнаў долараў. Прывабна, праўда? Засталося толькі даляцець і прыастэроідзіцца.

Чытайце таксама:

Біткойн vs золата: хто зарабіў больш, калі купіў іх год таму?

У Парыжы на аўкцыёне прадалі за рэкордную суму шаблю Напалеона з ружовага золата

Геафізік ацаніў перспектывы здабычы рэдказямельных металаў пад Маладзечнам, Жыткавічамі і Ляхавічамі

Каментары да артыкула