Зяленскі: ЗША аднавілі пастаўкі зброі Украіне
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у сваім пятнічным відэазвароце, што ЗША зноў пачалі пастаўкі зброі ва Украіну пасля чарговага перапынку. Паводле яго слоў, паступілі пазітыўныя сігналы на высокім палітычным узроўні — як ад ЗША, так і ад еўрапейскіх партнёраў. Вайскоўцы дакладаюць, што пастаўкі ўжо адноўленыя.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Pier Marco Tacca / Getty Images
Зяленскі таксама сказаў, што на наступным тыдні Украіна працягне супрацоўніцтва з ЗША ў вайсковай сферы. У прыватнасці, чакаецца візіт спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны — Кіта Келага, які прыедзе ў Кіеў 14 ліпеня і прабудзе там цэлы тыдзень. Акрамя таго, Украіна рыхтуе новыя еўрапейскія абарончыя пакеты дапамогі.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што Кіеў працуе не толькі над атрыманнем зброі з-за мяжы, але і над павелічэннем уласнай вытворчасці. Па словах Зяленскага, ёсць добрыя дамоўленасці і надзея на новыя, каб забяспечыць Украіне больш зброі, больш сістэм супрацьпаветранай абароны і лепшую абарону неба.
Раней паведамлялася, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп плануе ў панядзелак зрабіць «важную заяву наконт Расіі». Паводле звестак Reuters, ён мае намер упершыню з моманту сваёй інаўгурацыі выдзеліць Украіне пакет вайсковай дапамогі на $300 мільёнаў. У яго ўвойдуць ракеты для комплексаў Patriot і ракеты сярэдняга радыусу дзеяння. Да гэтага пастаўкі ішлі ў межах праграмы, зацверджанай былым прэзідэнтам Джо Байдэнам.
Чытайце таксама:
Пуцін гатовы да пагаршэння адносін з Трампам і не будзе спыняць вайну
Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА
Крэмль перадаў Трампу новыя прапановы па Украіне
Трамп заявіў, што выступіць з важнай заявай наконт Расіі
«Са студзеня Расія страціла 100 тысяч салдат. Забітымі. Не ўсяго, а забітымі»