БЕЛ Ł РУС

Ад 300 000 да 500 000 даляраў. Стала вядома, хто прывёз Джэйсана Дэрула ў Беларусь

25.07.2025 / 19:16

Nashaniva.com

Амерыканскі спявак Джэйсан Дэрула за некалькі дзён у Мінску паспеў «адпачыць» у бары на Зыбіцкай, а таксама даць інтэрв'ю дзяржТБ, сустрэцца з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным і кіраўніком НАК Віктарам Лукашэнкам. «Люстэрка» расказвае, якімі могуць быць яго ганарары, што за бар запрасіў яго ў нашу краіну і з якім загадкавым замежным бізнэсменам амерыканец пабачыўся перш за ўсё.

Джэйсан Дэрула дае інтэрв'ю дзяржканалу «Беларусь 1». Мінск, ліпень 2025 года. Кадр відэа ютуб-канала «Телеканал Беларусь 1»

Хто такі Джэйсан Дэрула і што ён рабіў у Мінску?

Джэйсан Дэрула — амерыканскі спявак, аўтар песень, акцёр, музыка і танцор. На яго рахунку 13 плацінавых сінглаў, больш за 7 мільярдаў праглядаў кліпаў на ютубе і больш за 38 мільёнаў падпісчыкаў у інстаграме. Ён вядомы сваім трэкам Take You Dancing, а таксама дуэтамі з Нікі Мінаж, Снуп Дог, Пі Дзідзі і Maroon 5.

У Мінск Дэрула прылятаў, відаць, на мерапрыемства бара «Мама Стыфлера». Акрамя гэтага, ён сустрэўся з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным, якому расказаў пра добрыя ўражанні ад Мінска і прызнаўся, што «хацеў бы тут набыць другі дом» (Турчын у адказ паабяцаў «дапамагчы» ў гэтым пытанні).

Таксама спявак прыйшоў на сустрэчу з Віктарам Лукашэнкам — старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Па словах музыкі, абмяркоўвалася правядзенне шоу з яго ўдзелам у кастрычніку і ён «будзе рады, калі ўдасца выступіць у сталіцы Беларусі».

Джэйсан Дэрула сустракаецца з Віктарам Лукашэнкам. Мінск, ліпень 2025 года. Фота з тэлеграм-канала TEAM BY

А яшчэ музыка даў інтэрв'ю дзяржканалу «Беларусь 1», у якім расказаў, што яму вельмі падабаецца Беларусь, і пахваліў песню малавядомай выканаўцы Насці Краўчанкі, з якой яна збіраецца на конкурс «Інтэрбачанне» ў Маскве.

Што за бар яго запрасіў?

Некалькі дзён запар Дэрула з'яўляўся на афішах мінскага бара «Мама Стыфлера», размешчанага на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай. Праўда, пра выступленне гаворкі не ішло. Анонсы былі складзеныя ў даволі абцякальных фармулёўках: «З намі адпачывае сусветная зорка», «Вечарынка з зоркай сусветнага маштабу».

Па ўсёй бачнасці, амерыканец проста прысутнічаў ва ўстанове. У тыктоку ёсць некалькі відэа таго, як Дэрула нешта п'е ў клубе — і на гэтым усё.

Складана сказаць, які ганарар артыст папрасіў за сваё з'яўленне. Прадзюсарскае агенцтва BnMusic паказвае, што стартавая стаўка за выступ Дэрула складае прыкладна ад 200 000 да 350 000 даляраў ЗША.

Амерыканскае букінг-агенцтва Celebrity Talent International прыводзіць прыкладны дыяпазон: ад 300 000 да 500 000 даляраў за выступ ці проста з'яўленне Джэйсана Дэрула на прыватнай вечарыне або карпаратыўнай падзеі.

Бар «Мама Стыфлера» называе сябе «самай папулярнай тусовачнай установай на вуліцы Зыбіцкая ў Мінску». Каманда асобна падкрэслівае, што там дзейнічаюць дрэс-код і фэйс-кантроль.

Як даведалася «Люстэрка», бар належыць прадпрымальнікам Дзмітрыю Сінкевічу і Данілу Карповічу. Пра іх не так шмат публічных звестак.

Дзмітрый — аднафамілец вядомага бізнэсмена Пятра Сінкевіча, саўладальніка Expobel і ганаровага консула Нікарагуа. Аднак, мяркуючы па імені па бацьку, Дзмітрый не даводзіцца сынам Пятру, і даступныя даныя не дазваляюць сказаць, ці ёсць паміж імі якая-небудзь іншая сваяцкая сувязь.

У кожным выпадку, выглядае малаверагодным, каб бар, хай і даволі буйны, мог дазволіць сабе самастойна аплаціць візіт зоркі коштам у сотні тысяч даляраў. Але хто тады гэта зрабіў?

Верагодны адказ можна знайсці ў сацсетках Дэрула.

З кім Дэрула сустрэўся перш за ўсё?

Цікава, што яшчэ 22 ліпеня — відавочна, адразу пасля прылёту — Джэйсан Дэрула сфатаграфаваўся з турэцкім бізнэсменам Мустафой Эгеменам Шэнерам. У той момант яны абодва знаходзіліся ў мінскім рэстаране «Госці», што відаць па лагатыпе на меню на стале.

Гэты здымак з'явіўся ў сторыс ананімнага інстаграм-акаўнта з нікам 0009ege, пасля яго перапосцілі сам Дэрула і профіль рэстарана.

Скрыншот з ананімнага інстаграм-акаўнта 0009

Мустафа Эгемен Шэнер — афіцыйны ўладальнік беларускага ТАА «Гульнявы картэль», якое стаіць за мінскім казіно H CASINO. Гэтая ўстанова, размешчаная ў гатэлі DoubleTree by Hilton на праспекце Пераможцаў у Мінску, называе сябе «самым вялікім казіно ў Беларусі».

Паводле даных сэрвісу «Картатэка», у 2024 годзе чысты прыбытак казіно склаў 6,4 мільёна рублёў, а ў рэкордным 2022 годзе перавысіў 25 мільёнаў рублёў.

Раней журналісты-расследвальнікі называлі Шэнера грамадзянінам Турцыі, аднак у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў краінай яго грамадзянства пазначаная Беларусь.

Мустафа Эгемен Шэнер. Фота з сайта turkdunyasi.tv

У лютым 2025 года Беларускі расследавальніцкі цэнтр выпусціў матэрыял, у якім гаварылася, што ў ягоным казіно адмывалі сотні мільёнаў еўра з усёй Еўропы, сабраныя праз нелегальныя стаўкі. Гэта пацвердзіў Джэміль Анал — былы фінансавы дырэктар звязанай з Шенерам кампаніі, які на момант інтэрв'ю знаходзіўся ў нідэрландскай турме, а 1 мая быў забіты.

Па інфармацыі расследавальнікаў, па ўсёй Еўропе дзейнічала сетка па абнаяўліванні даходу ад нелегальных ставак. Далей наяўныя прывозілі ў Беларусь і ўносілі ў касу мінскага H Casino пад выглядам пройгрышу гульцоў. Нелегальны даход выдавалі за прыбытак гульнявой установы, пасля чаго грошы фармальна станавіліся «чыстымі».

Джэміль Анал заявіў у размове з журналістамі, што H Casino «крышаваў» былы сілавік. Па фота ён апазнаў Віталя Маціса, былога супрацоўніка Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.

Расследавальнікі пры дапамозе «Кіберпартызан» высветлілі, што дырэктар H Casino Андрэй Прахарэнка перасякаў мяжу разам з Мацісам як мінімум 62 разы. Сам Прахарэнка ў тэлефоннай размове з журналістам заявіў, што Маціс «ніколі ў жыцці не працаваў» у ягоным казіно, таксама ён не ведаў пра адмыванне грошай ад нелегальных ставак.

Любіць зорак і не любіць вядомасць

Турэцкае анлайн-выданне Türk dünyası яшчэ ў 2021 годзе звяртала ўвагу, што Шэнер прывозіў у Мінск турэцкіх зорак і аплачваў для іх пералёты. Тады ў спевака Ібрагіма Татлысеса было запланавана пяць канцэртаў у Беларусі з сумарным ганарарам у тры мільёны долараў. Публікацыя ў турэцкім выданні пасля была выдаленая.

Мяркуючы з афішаў, у розны час у казіно выступалі таксама турэцкія знакамітасці Сібель Джан, Linet, Хандэ Енер, Алішан, расійскія артысты Любоў Успенская, Уладзімір Праснякоў і ўкраінка Святлана Лабада.

Шенер не вядзе публічных акаўнтаў у сацсетках. Аднак на розных платформах ёсць мноства фальшывых блогаў, якія падпісаныя ягоным поўным іменем. Ён нібыта фуд-блогер, падарожнік, праграміст і спецыяліст па будаўніцтве.

Скрыншот першых радкоў выдачы Google па запыце Мустафа Эгемен Шэнер

Іх кантэнт цалкам згенераваны пры дапамозе нейрасеткі. Верагодна, стваральнік гэтых старонак хацеў зрабіць так, каб інфармацыю пра бізнэсмэна было складана знайсці праз пошук, упісаўшы яго імя. 

Чытайце таксама:

Амерыканскую зорку Джэйсана Дэрула прывезлі да Віктара Лукашэнкі

Хто такі Джэйсан Дэрула, якога прэм’ер Турчын вадзіў па Доме ўрада

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

У Нідэрландах забіты фінансіст, які расказаў пра адмыванне грошай, арганізаванае ў мінскім H Casino

Каментары да артыкула