БЕЛ Ł РУС

Адна з дзяржаў рыхтуецца да першай у свеце планаванай міграцыі ўсёй нацыі

26.07.2025 / 19:2

Nashaniva.com

Тысячы жыхароў Тувалу, невялікай астраўной дзяржавы ў Ціхім акіяне, падалі заяўкі на спецыяльную міграцыйную візу ў Аўстралію з-за пагрозы знікнення сваёй краіны, выкліканай змяненнем клімату, піша выданне Live Science.

Адзін з астравоў Тувалу. Фота: Carolyn Van Houten/The Washington Post via Getty Images

З 2025 года ў межах дамоўленасці пад назвай Falepili Union жыхары Тувалу атрымалі магчымасць пераехаць у Аўстралію, дзе могуць жыць, працаваць і вучыцца, маючы роўны доступ да медыцынскай дапамогі і адукацыі з грамадзянамі гэтай краіны. Міграцыя праводзіцца праз латарэю: штогод магчымасць пераехаць атрымліваюць 280 чалавек.

Падаваць заяўкі можна было з 16 чэрвеня па 18 ліпеня, і за гэты час было атрымана больш за 5 000 заяў, што складае амаль палову насельніцтва Тувалу (прыкладна 11 000 чалавек). 3125 чалавек зарэгістраваліся за першыя чатыры дні.

Тувалу — гэта дзевяць нізінных атолаў паміж Аўстраліяй і Гавайскімі астравамі. Сярэдняя іх вышыня над узроўнем мора — усяго 2 метры, а максімальная — 4,5 метры. Узровень мора вакол Тувалу ўжо падняўся на 15 см за апошнія 30 гадоў. Паводле прагнозаў, да 2050 года большая частка тэрыторыі краіны будзе затопленая падчас прыліву.

Асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Тувалу ўжо цяпер:

Праграма Falepili Union мае на мэце забяспечыць для грамадзян Тувалу «перасяленне з годнасцю», без крызіснага высялення або статусу ўцекачоў. Нават пасля перасялення людзі могуць вяртацца дадому, калі пажадаюць.

Праграму разглядаюць як глабальны прэцэдэнт, які звязвае міграцыю непасрэдна з наступствамі кліматычных змяненняў.

У будучыні падобныя дамоўленасці могуць быць заключаныя і з іншымі дзяржавамі Ціхага акіяна, напрыклад, з Кірыбаці.

Паводле ацэнак, калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, то за 10 гадоў каля 40% насельніцтва Тувалу можа выехаць з краіны. Каб дзяржаве пазбегнуць страты кваліфікаваных кадраў і адпаведна эканамічнага спаду, колькасць выдаваных віз пакуль абмежаваная.

Чытайце таксама:

Як глабальная змена клімату адаб’ецца на Беларусі? Не зусім так, як мы ўяўляем

Навукоўцы б'юць трывогу: скандынаўскія ледавікі імкліва растаюць

Глабальнае пацяпленне спрыяе росту папуляцыі пацукоў у гарадах

Расія страціла цэлы востраў у Арктыцы

Гальфстрым спыняецца? Поўнач Еўропы, у тым ліку і Беларусь, можа ператварыцца ў тундру

З-за змены клімату пачала зелянець Антарктыда ФОТЫ

Каментары да артыкула