2024 год стаў самым цёплым у гісторыі метэаназіранняў на еўрапейскім кантыненце. У выніку анамальнай цеплыні скандынаўскія ледавікі зменшыліся ў сярэднім на 1,8 метры, піша Euronews.

Ледавікі ў Швецыі і Нарвегіі растаюць з беспрэцэдэнтнай хуткасцю. Навукоўцы непасрэдна звязваюць гэта з глабальным пацяпленнем, выкліканым змяненнем клімату, забруджваннем атмасферы і выкідамі парніковых газаў.
Паводле звестак Еўрапейскай службы назірання за кліматам «Капернік», 2024 год стаў самым цёплым у гісторыі метэаназіранняў на еўрапейскім кантыненце. У выніку анамальнай спякоты скандынаўскія ледавікі зменшыліся ў сярэднім на 1,8 метра — паказчык, які значна перавышае гістарычныя нормы.
Эксперты папярэджваюць: калі цяперашняя тэндэнцыя захаваецца, значная частка ледавікоў знікне на працягу найбліжэйшых дзесяцігоддзяў.
«Мы павінны клапаціцца пра гэтыя невялікія ледзяныя вяршыні. Яны неверагодна важныя для нас, людзей — для энергетыкі, сельскай гаспадаркі, водазабеспячэння, для ўсяго! Уся экалогія гор і Альпаў залежыць ад таго, як гэтая вада паступае і расходуецца», — тлумачыць Эрык Хус, спецыяліст па вывучэнні ледавікоў у Швецыі.
Ён успамінае сваё апошняе наведванне ледніка Карсагласірэн:
«Калі ў жніўні мы прыехалі ў Карсагласірэн, я быў узрушаны, калі ўбачыў, што ўся ягоная пярэдняя частка рухнула. Мяне працяў боль, а на вочы навярнуліся слёзы. Як ён мог так хутка разбурыцца?»
Нягледзячы на тое, што сёлета багатыя снегапады часова прыпынілі раставанне леднікоў, эксперты заклікаюць не цешыць сябе ілюзіямі. Прафесарка Ніна Кірхнер падкрэслівае, што такія зімы даюць ілжывае пачуццё бяспекі:
«Самае галоўнае — не ўспрымаць гэтую снежную зіму як знак адмены небяспекі. У доўгатэрміновай перспектыве гэта не мае значэння. Ледавікі ў Швецыі працягнуць скарачацца».
Раставанне ледавікоў — частка натуральнага кліматычнага цыклу, але высокая хуткасць гэтага працэсу не дае экасістэмам адаптавацца да пераменаў.
Паводле даных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, каля 70% прэснай вады на планеце паступае менавіта з ледавікоў і снегавога покрыва. Гэтыя рэсурсы жыццёва важныя для сельскай гаспадаркі, прамысловасці, энергетыкі і водазабеспячэння.
У свеце налічваецца больш за 275 000 ледавікоў, размешчаных на плошчы каля 700 000 квадратных кіламетраў. Яны ўтрымліваюць прыкладна 170 000 кубічных кіламетраў лёду.
Ледавікі — гэта не толькі крыніца вады, але і своеасаблівыя «капсулы часу», якія захоўваюць гісторыю клімату, экасістэм і чалавечай дзейнасці. Страта гэтых прыродных архіваў прывядзе да непрадказальных наступстваў. Разам з ледавікамі знікнуць далікатныя экасістэмы, сфармаваныя за тысячы гадоў, а гэта ў сваю чаргу паставіць пад пагрозу біяразнастайнасць планеты.
Міжурадавая група экспертаў па змяненні клімату (МГЭЗК) папярэджвае: калі радыкальна не скараціць выкіды парніковых газаў цяпер, то ўжо да 2100 года чатыры з пяці ледавікоў у Швецыі значна або цалкам растануць.
Шведскія ласі мігруюць. За гэтым у прамым эфіры сочаць мільёны жыхароў краіны
Ад Антарктыды адкалоўся велізарны айсберг. Навукоўцаў уразіла, што аказалася пад ім
Навукоўцы б'юць трывогу: ледзяны шчыт Грэнландыі паскорана расколваецца
Гальфстрым спыняецца? Поўнач Еўропы, у тым ліку і Беларусь, можа ператварыцца ў тундру
Мяжа растала. Швейцарыя і Італія перакройваюць карту з-за леднікоў, што адступілі
Каментары