Беларусы здымаюць у Польшчы серыял пра свінгераў
Паўтара года таму рэжысёр Андрэй Кашперскі і сцэнарыст Міхаіл Зуй прадставілі серыял «Працэсы» — трагікамедыю пра Беларусь часоў рэпрэсій. Цяпер Кашперскі і Зуй рыхтуюць новую прэм’еру ў стылістыцы Вудзі Алена і зусім без палітыкі.
Фота: архіў суразмоўцы
Серыял, які робяць Кашперскі і Зуй, завецца «Свінгеры». Праўда, ад самога свінгерства тут збольшага толькі назва.
Героі серыяла, шэсць малазнаёмых людзей, жывуць у Еўрасаюзе, большасць з іх — беларусы. Яны ўжо не першы год у эміграцыі і ўладкаваліся ў замежжы настолькі, каб перайсці ад пытанняў выжывання да больш далікатных рэчаў.
Андрэй Кашперскі расказвае:
«Яны спрабуюць арганізавацца і заняцца групавым сэксам. Свае патрэбы накшталт працы, сям’і і легалізацыі яны ўжо закрылі, але застаецца праблема нечага фізічнага, духоўнага, можа, нават праблема шчасця.
Фота: архіў суразмоўцы
У кожнай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам, і ў кожнай серыі ў іх не атрымліваецца. Бо гэта дарослыя людзі, шмат хто з іх у крызісе сярэдняга ўзросту, і шмат каму перашкаджаюць дарослыя, побытавыя і жыццёвыя праблемы».
Паводле слоў Кашперскага, ідэя «Свінгераў» узнікла яшчэ ў 2021-м. Тады ён і Міхаіл Зуй распрацоўвалі канцэпцыю серыялаў «Працэсы», а таксама «Тут быў Ленін» — гэты праект задумваўся для «Чынчынчэнэла», які так і не выйшаў.
Андрэй успамінае, што хацелася стварыць нешта іншае, больш лёгкае. Так узнікла ідэя «Свінгераў» — апалітычнай гісторыі пра дарослых людзей, якія заўжды спрабуюць пра нешта дамовіцца ў адным пакоі, але ў іх не атрымліваецца.
Фота: архіў суразмоўцы
Кашперскі называе фільмы, якія яго натхнілі на «Свінгераў» — сярод іх стужкі Вудзі Алена і Рамана Паланскі:
«Мне хацелася чагосьці лёгкага і максімальна размоўнага, каб гэта адрознівалася і ад «Чынчынчэнэла», і ад «Працэсаў», і ад усяго, што мы рабілі раней і робім цяпер».
Пакуль знялі толькі першую серыю «Свінгераў», усяго іх плануецца дзесяць. Даўжыня кожнай серыі — 15 хвілін. Першую з іх, мяркуе Кашперскі, можна будзе пабачыць праз некалькі месяцаў на лакальных паказах у Варшаве.
Цяпер трэба знайсці грошы на новыя серыі — стваральнікі «Свінгераў» плануюць рабіць гэта восенню, кажа Андрэй:
«Прыйдзем з нашым пітчынгам на Netflix. Гэта нічога не значыць, шмат хто туды ідзе. Але, напэўна, было б добра з яго пачаць. Пакуль хочацца знайсці фінансаванне праз кінафонды, тэлебачанне ці стрымінгі, пайсці больш прафесійным шляхам.
Фота: архіў суразмоўцы
Але калі мы раптам пабачым, што сабралі толькі частку сродкаў, а астатнюю частку нам трэба збіраць праз краўдфандынг, мы, вядома, пра гэта падумаем».
Кашперскі супакойвае — калі тэма свінгерства для вас непрымальная, вы ўсё роўна можаце глядзець гэты серыял, і вось чаму:
«Такім жа чынам усе гэтыя героі маглі дамаўляцца пра што заўгодна — пра тое, каб пайсці разам у басейн, кіно ці оперу. То-бок гэта проста гісторыя пра дарослых людзей, якія сустрэліся і спрабуюць разам нешта рабіць».
Чытайце таксама:
Новы «Супермен» атрымаўся на рэдкасць душэўным і без глянцу
У Варшаве пакажуць нямое кіно пад адкрытым небам, у тым ліку беларускі фільм «Прастытутка»