Кіно44

«Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» — новы блакбастар з супергероямі і Педра Паскалем. Там згадваецца і Мінск

Пакуль новы «Супермен» скарае экраны, Marvel прадставілі свой адказ на супергеройскую сагу Джэймса Гана. У сусветным пракаце «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» (The Fantastic Four: First Steps) — перазапуск легендарнай гісторыі пра чатырох астранаўтаў, якія атрымалі ў космасе суперсілы. Да Беларусі фільм дойдзе ў пачатку жніўня — ці варта глядзець?

Фота: кадр з трэйлера

«Фантастычная чацвёрка» — не самая вядомая з марвэлаўскіх гісторый ва Усходняй Еўропе. Моцныя мужчынскія персанажы накшталт Чалавека-Павука ці Жалезнага чалавека доўгі час былі нам бліжэйшыя, чым навуковец Рыд Рычардс, яго каханая С’ю і сябры Джоні ды Бен. 

Кіношнікі пачалі падбірацца да «Фантастычнай чацвёркі» яшчэ ў 90-я, але першы вялікі фільм па гэтай гісторыі выйшаў толькі ў 2005-м. Атрымалася сумнеўна — хаця ён і сабраў 330 мільёнаў даляраў у пракаце, але быў апляваны крытыкамі. Наступная выніковая спроба экранізацыі была ў 2015-м, але тая стужка і ўвогуле правалілася ў пракаце.

У гэты раз Marvel надалі гэтым героям больш увагі. На галоўную ролю паклікалі Педра Паскаля. Пасля прарыўнай ролі ў серыяле «Апошнія з нас» (The Last of Us) гэты 50-гадовы чыліец не сядзіць без справы — паралельна з «Фантастычнай чацвёркай» у сусветным пракаце яшчэ два фільмы з яго ўдзелам, вестэрн «Эдынгтан» (Eddington) і камедыя «Матэрыялісты» (Materialists).

Герой Паскаля Рыд Рычардс — галоўны чалавек у камандзе пад назвай «Фантастычная чацвёрка». Гэта навуковец, здольны расцягваць сваё цела на любыя адлегласці. Яго каханая — С’ю Шторм (Ванэса Кірбі), жанчына, якая можа рабіць сваё цела нябачным. Яшчэ ў камандзе ёсць Джоні Шторм, малодшы брат С’ю: ён умее лётаць і пакрываць сваё цела полымем. І Бен Грым, персанаж са звышчалавечай сілай.

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Нам прадстаўляюць гэтую каманду праз чатыры гады пасля таго, як касмічныя прамяні далі ім суперздольнасці. За гэты час былыя астранаўты ператварыліся ў славутых абаронцаў чалавецтва, а Рыд і С’ю настолькі звыкліся са сваім сямейным жыццём, што ўжо збіраюцца стаць бацькамі.

Ідылічную карціну разбурае Срэбраная Сёрферка — іншапланецянка, якая папярэджвае зямлян, што хутка іх свет скарыць касмічны бог Галактус. Дарэчы, у сцэне з яе з'яўленнем стваральнікі стужкі падтрымалі трэнд заходняга кіно на згадванне Беларусі. Там пакажуць шыльду кінатэатра, дзе ў пракаце фільм Sunrise in Minsk (Світанне ў Мінску).

Так ці інакш, задача «Фантастычнай чацвёркі» — перашкодзіць апакаліпсісу. На шляху да яе будуць касмічныя падарожжы, палон у Галактуса і настолькі дзівацкая ідэя выратавання планеты, што не атрымаецца казаць хоць пра нейкую сувязь з рэальным светам.

Фота: кадр з трэйлера

У гэтым, адсутнасці сувязі з рэальнасцю і сапраўднымі эмоцыямі, «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» вельмі прайграе лепшым экранізацыям коміксаў. Гэты фільм застанецца цікавым для тых, хто даўно знаёмы з Рыдам Рычардсам і кампаніяй, дый проста для фанатаў Marvel. Як і заўжды ў свеце супергерояў, гэта фільм, які можна паглядзець з дзецьмі.

Але гэтай стужцы няма чым апеляваць да дарослых гледачоў, якіх не звязвае з Marvel дзіцячае мінулае. І ўсё праз недахопы сцэнара, які не могуць выратаваць моцныя акцёры накшталт Паскаля і Кірбі. 

Дарэчы, пра Паскаля і Кірбі. На экране яны гралі пару, але стварыць паміж сабой хімію ў іх так і не атрымалася. Цікава, што гэтая ж хімія паміж Педра Паскалем і Ванесай Кірбі цалкам прысутнічае ў рэальным жыцці, хаця Кірбі і чакае дзіця.

Вось як гэта выглядае на кадры з інтэрв'ю, якое выйшла тыдзень таму:

Фота: BuzzFeed UK / Youtube

Каментатары ў сацсетках шалеюць, будуючы тэорыі наконт адносінаў паміж акцёрамі, хаця тыя і кажуць, што іх звязвае толькі блізкае сяброўства.

Гэтую стужку цяпер часта параўноўваюць з «Суперменам» — мінулай супергеройскай прэм’ерай. У адрозненне ад яго, сцэнарысты цяперашняй «Фантастычнай чацвёркі» не здолелі стварыць персанажаў, за якіх хацелася б заўзець, і дастаткова захапляльную гісторыю. Ды і цэнтральны антаганіст атрымаўся недапушчальна бляклым для касмічнага бога, які пажырае планеты.

Пры гэтым фільм «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» зроблены ў якаснай стылістыцы рэтрафантастыкі. Гэта спроба паказаць будучыню такой, якой яе ўяўлялі ў 60-я, у час стварэння гісторыі пра «Фантастычную чацвёрку». Тым больш гэты час важны і для самой гісторыі, бо дзеянне адбываецца хаця і ў паралельным сусвеце, але ў першай палове 60-х.

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Гэтыя альтэрнатыўныя 60-я адноўленыя ў фільме з вялікім клопатам і далікатнасцю, і гаворка не толькі пра адзенне ды знешнасць. Вашай увазе — цэлыя вуліцы альтэрнатыўнага Нью-Ёрка, стылізаваныя пад 60-я такім чынам, што іншапланецяне і касмічны карабель выглядаюць у гэтым сусвеце так, нібыта на сваім месцы. І калі стылёвае кіно — гэта ваша, новую «Фантастычную чацвёрку» лепш не прапусціць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Ё
    29.07.2025
    “Там пакажуць шыльду кінатэатра, дзе ў пракаце фільм Sunrise in Minsk (Світанне ў Мінску).” Дык а дзе скрыншот ?
  • Film
    29.07.2025
    Смешна бачыць, як з актора, які фактычна стаў вядомы пасля адной мемнай сцэны, цяпер робяць нейкую суперзорку.
  • 911
    30.07.2025
    Film, кто виноват, что ты не в курсе, что до этой мемной сцены он лет 30 снимался в десятках сериалах и фильмах?

Цяпер чытаюць

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў32

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Расія нанесла ўдар па Кіеве: разбураныя два жылыя дамы4

У «Аземпіка» з'явіўся сур'ёзны канкурэнт. Амерыканцы ўжо часцей купляюць менавіта гэты прэпарат для пахудзення

Трамп увёў пошліны 50% на тавары з Бразіліі5

Біцэпсы Івана Краўцова здзівілі сацсеткі. Ён расказаў, як трымае сябе ў спартыўнай форме57

Лес як нажом зрэзала. Наступствы непагадзі ў Мінскім раёне ФОТА1

На аўкцыёне ў Францыі прадалі ношаную шкарпэтку Майкла Джэксана2

Дзесяць лайфхакаў, як палепшыць працу пральнай машыны і лепш адмываць рэчы7

Некалькі сведкаў кажуць, што беспілотнікаў на Мінск ляцела два13

У якія краіны для беларусаў найбольш дарагія турыстычныя візы? Лідар нечаканы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў32

Лукашэнка кажа, што прапаноўваў Захаду «перадаць некалькі тысяч» палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць