Пасля атак украінскіх дронаў спынілі працу два буйныя расійскія НПЗ
У выніку атак украінскіх дронаў два буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы «Раснафты» — Разанскі і Навакуйбышаўскі — спынілі ці значна скарацілі працу, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.
Разанскі НПЗ. Фота: premierstroy.ru
Разанскі НПЗ, адзін з найбуйнейшых у Расіі, змог працягнуць працу толькі напалову, бо былі пашкоджаныя асноўныя ўстаноўкі для перапрацоўкі нафты.
Навакуйбышаўскі завод цалкам спыніў дзейнасць з 2 жніўня — гэта першы такі выпадак з сакавіка 2025 года. Там дрон пашкодзіў галоўную ўстаноўку перапрацоўкі нафты.
Пакуль незразумела, калі заводы змогуць аднавіць працу ў поўным аб'ёме. Паводле ацэнак, у Разані рамонт можа заняць адзін-два тыдні.
У 2024 годзе Разанскі НПЗ перапрацаваў амаль 13,1 мільёна тон нафты, што склала каля 5% усёй перапрацоўкі ў краіне. Навакуйбышаўскі НПЗ — каля 5,7 мільёна тон. Абодва прадпрыемствы выпускаюць бензін, дызель, мазут і авіяпаліва.
З-за частых атак дронаў і праблем з рамонтамі ў 2024 годзе ўзровень перапрацоўкі нафты ў Расіі знізіўся да мінімуму за апошнія 12 гадоў. Урад спыніў публікацыю многіх статыстычных даных па гэтай тэме.
На гэтым фоне аптовыя цэны на бензін у Расіі працягваюць расці, нават нягледзячы на ўвядзенне забароны на яго экспарт. У жніўні і верасні аналітыкі прагназуюць магчымы бензінавы крызіс, як гэта ўжо было ў 2018 і 2021 гадах. Прычынамі называюць недахоп запасаў, рост выкарыстання аўтамабіляў і частыя паломкі на НПЗ.
Чытайце таксама:
У Бранскай вобласці УСУ падарвалі мост каля сутыку межаў Беларусі, Расіі і Украіны
Украінскія беспілотнікі ўдарылі па вайсковым заводзе ў Пензе
Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч
«Яны лідзіруюць». Келаг высока ацаніў вытворчасць украінскіх БПЛА