БЕЛ Ł РУС

Выйшла кніга шаржаў на Якуба Коласа і Янку Купалу

5.08.2025 / 18:6

Nashaniva.com

У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга «Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. З гісторыі сяброўскага шаржу» — навінка ад Сяргея Шапрана пра тое, як жартоўна выяўлялі класікаў беларускай літаратуры, піша Bellit.info.

Распаўсюджанае меркаванне, што купала– і коласазнаўства — найбольш даследаваныя тэмы сучаснай беларускай гуманітарыстыкі і таму адкрыцці тут апрыёры выключаныя, наўрад ці можна назваць слушным. Прыкладам таму хоць бы гэтая кніга, дзе ўпершыню сабраныя 44 сяброўскія шаржы на Янку Купалу і Якуба Коласа.

«Сёння я шчыра ўдзячны ўсім, хто так ці іначай спрыяў гэтаму даследаванню. Найперш гэта шаноўныя Купалаўскі і Коласаўскі музеі і, безумоўна, навуковы і метадычны часопіс «Роднае слова», на старонках якога і адбыліся першыя публікацыі фрагментаў будучай кнігі. Апроч таго, я бязмежна ўдзячны ўсім, хто разам са мной працаваў над гэтым выданнем і хто, што асабліва каштоўна, дапамог ажыццявіць яго — каб не ваша падтрымка, кнігі магло б не быць», — пракаментаваў у сацсетках выхад кнігі Сяргей Шапран.

Фота Сяргея Шапрана

Першыя народныя паэты Беларусі неаднойчы рабіліся героямі сяброўскіх кпінаў мастакоў, прычым як вядомых, так і забытых сёння. У іх ліку Б. Антаноўскі, Берк, Л. Бойка, В. і А. Волкавы, Е. Ганкін, Г. Дакальская, К. Елісееў, З. Паўлоўскі, І. Ігін, Я. Кашкель, Д. Красільнікаў, Кукрыніксы, М. Малевіч, С. Раманаў, Г. Розэ, А. Тарасенкаў. Аднак, нягледзячы на больш чым стогадовую гісторыю, гэты арыгінальны жанр ніколі канцэптуальна не даследаваўся, а большасць малюнкаў была, здавалася б, назаўсёды «пахаваная» ў старых часопісах і падшыўках газет.

У кнізе «Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. З гісторыі сяброўскага шаржу» даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана ўпершыню разам прадстаўленыя ўсе вядомыя на сёння шаржы на песняроў, адна з несумненных вартасцяў якіх у тым, што, зробленыя пераважна пры жыцці класікаў, яны сталі каштоўным сведчаннем мінулай эпохі.

Кнігу можна купіць у Мінску ў кнігарні «Акадэмічная кніга», а таксама замовіць праз сайт Kniger.by ці прыдбаць у ГЦ «Купалаўскі», ралеты 41— 42 (ст. м. Кастрычніцкая).

Чытайце таксама:

Саша Філіпенка пасля забароны продажу «Слана» ў Беларусі выклаў яго ў сеціва

У новым беларускім выдавецтве TAMAKA, якое хоча закрыць нішу візуальнага мастацтва, выйшла дэбютнае выданне

Перавыдаецца кніга Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду»

Ці выйдзе біяграфія Пазняка і ў чым галоўная праблема беларускай літаратуры? Янушкевіч — пра тыражы і канкурэнцыю з рускай кнігай

Каментары да артыкула