БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнтку Швейцарыі абвінавачваюць у нанясенні краіне мільярдных стратаў, бо не ўмела размаўляць з Трампам

5.08.2025 / 18:25

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нядаўна абклаў Швейцарыю надзвычай высокімі пошлінамі — 39%. У самой Швейцарыі адказнасць за гэта ўскладаюць на прэзідэнта краіны — кажуць, Карын Келер-Зутэр праваліла размову, піша Bild на падставе паведамленняў швейцарскай прэсы.

Калаж: Bild

Усяго тры тыдні таму Карын Келер-Зутэр хвалілася ў адным інтэрв'ю, як ёй «удалося знайсці да Трампа падыход». Пры падрыхтоўцы да перамоў з ім яна нават прачытала яго кнігу «Мастацтва здзелкі». Аднак у выніку ёй гэта не дапамагло.

31 ліпеня ў 20:30 Келер-Зутэр стэлефанавалася з Трампам і спрабавала дамагчыся пагаднення аб 10-працэнтных пошлінах. Трампу гэтага было мала, і размова ў пэўны момант перайшла ў стан эскалацыі.

Па даных швейцарскай газеты 24 Heures, прэзідэнтка Швейцарыі спрабавала выратаваць становішча і некалькі разоў тлумачыла суразмоўцу, як у ЗША ўзнік дэфіцыт гандлёвага балансу ў памеры 39 мільярдаў даляраў. Але гэта, відавочна, толькі пагоршыла сітуацыю — Трамп успрыняў тлумачэнні як «маралізатарства» і спробу яго «павучаць».

Паводле інфармацыі выдання, у 20:38 швейцарскі дыпламат, які ўдзельнічаў у перамовах, атрымаў СМС ад амерыканскага боку: лепш скончыць размову, пакуль сітуацыя канчаткова не выйшла з-пад кантролю. Праз дзве хвіліны званок завяршыўся і стала ясна — здзелкі не будзе.

Пазней увечары з Вашынгтона прыйшла аглушальная заява: ЗША ўводзяць для Швейцарыі яшчэ больш высокія пошліны, чым пагражалі — 39%! З Белага дома растлумачылі: Швейцарыя адмовілася ісці на саступкі.

У швейцарскім урадзе Келер-Зутэр абвінавачваюць у наіўнасці, піша 24 Heures — у яе не аказалася плана «Б» на выпадак правалу перамоваў. Кіраўнік тэхналагічнай асацыяцыі Swissmem Стэфан Брупбахер назваў мытнае фіяска «чорным днём»: «Гэта ставіць пад пагрозу дзясяткі тысяч працоўных месцаў у прамысловасці».

Швейцарыя мае намер паспрабаваць правесці паўторныя перамовы. Пасля экстраннага пасяджэння 4 жніўня ўрад абвясціў, што гатовы зрабіць ЗША «яшчэ больш прывабную прапанову». Цяпер пытанне ў тым, ці прыме яе Трамп.

Чытайце таксама:

Зяленскі паразмаўляў праз тэлефон з Дональдам Трампам

Трамп лічыць, што Пуцін не будзе ваяваць, калі цана нафты зменшыцца яшчэ на 10 даляраў

Экс-прэзідэнта Бразіліі Балсанару адправілі пад хатні арышт. Суд заявіў, што ён парушыў забарону на карыстанне сацсеткамі

Трамп павялічыць пошліны для Індыі за перапродаж расійскай нафты

Каментары да артыкула