БЕЛ Ł РУС

У Лошыцы рыхтуюць да адкрыцця даўгабуд «Мандарын»

6.08.2025 / 13:42

Nashaniva.com

У сталічнай Лошыцы хутка адчыніцца фізкультурна-аздараўленчы цэнтр «Мандарын», які размешчаны на вуліцы Я. Лучыны. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Мінскбуд», ФАК адкрыецца ў найбліжэйшы час.

Фота тут і далей — Мінскбуд

Спарткомплекс пачаў будаваць у 2021 годзе польскі забудоўшчык на прыцягнуты крэдыт. Аднак з-за дэфіцыту сродкаў працы давялося прыпыніць, дамову з палякамі скасавалі.

Будаўніцтва аднавілася на пачатку мінулага года. Заказчыкам выступіла прадпрыемства «Аква-Мінск», якое валодае аквапаркам, гасцініцамі, медыцынскім цэнтрам і некалькімі мінскімі фізкультурна-аздараўленчымі цэнтрамі.

Праектныя работы выканалі спецыялісты «Мінскпраекта». Дарэчы, «Мандарына» ў Лошыцы будавалі па ўзору яшчэ аднаго «Мандарына», што працуе ў Заводскім раёне сталіцы.

У лошыцкім «Мандарына» будзе тры басейны: адзін для дарослых і два для дзяцей. Акрамя таго, тут адкрыюцца дзве рускія лазні, фінская саўна і хамам. Побач з лазневым комплексам будзе купель. Таксама ёсць саляны пакой і джакузі. Яшчэ ў складзе комплексу — трэнажорная зала і зона адпачынку з лежакамі.

Інтэр’ер цэнтра выкананы ў экастылі: тут будуць трысняговыя навесы, драўляныя сядзенні і абшыўка сцен, якая імітуе зруб. Аквазона ўпрыгожана дэкаратыўнымі раслінамі, а таксама міні-сажалкай з рыбкамі. У фае комплексу ёсць вадаспад са шкляной сцяной і падсветкай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула