«Яго пагарда да Украіны ўзмацнілася». Як цяпер жыве Пабла Гансалес — агент ГРУ, які вярнуўся ў Расію пасля абмену
Год таму, 1 жніўня 2024 года, адбыўся самы маштабны абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам пасля Халоднай вайны. Расія вызваліла групу палітвязняў, дадаўшы да іх асуджанага ў Беларусі да смяротнага пакарання немца Рыка Крыгера, а ўзамен атрымала пераважна сваіх шпіёнаў і кілера Вадзіма Красікава. Сярод абмененых быў і Пабла Гансалес (ён жа Павел Рубцоў) — агент расійскай вайсковай разведкі, які працаваў у Еўропе пад выглядам журналіста з Краіны Баскаў. Што з ім цяпер, даведалася выданне «Медуза».
Абмен паміж Расіяй і Захадам у 2024 годзе. Пабла Гансалес — у футболцы са штурмавіком з «Зорных войнаў» і надпісам «Імперыі патрэбны ты». Фота: kremlin.ru
Пабла Гансалес нарадзіўся ў сям’і іспанкі і савецкага навукоўца. Яго маці пасля разводу пераехала ў Іспанію, узяўшы з сабой дзевяцігадовага Паўла. Там ён стаў Пабла Гансалесам. У 2003 годзе атрымаў расійскі пашпарт. Паводле звестак выдання El Mundo, у 2010 годзе ГРУ завербавала яго падчас паездкі ў Расію.
Гансалес прадстаўляўся палітолагам і журналістам, наведваў зоны канфліктаў на Балканах і ва Украіне, удзельнічаў у канферэнцыях, сябраваў з расійскімі апазіцыянерамі і нават заводзіў рамантычныя адносіны (у тым ліку з Жаннай Нямцовай) — і ўсё гэта пад прыкрыццём. На самай справе ён перадаваў інфармацыю ГРУ. El Mundo сцвярджае, што ён нават сачыў за Аляксеем Навальным у Еўропе.
Сярод іншага Гансалес спрабаваў працаваць і сярод беларускай палітычнай эміграцыі — як мінімум два разы ён прыходзіў у варшаўскі офіс Паўла Латушкі.
У 2022 годзе, пасля пачатку вайны ва Украіне, польскія спецслужбы арыштавалі Гансалеса каля мяжы з Украінай. Спачатку яго абаранялі журналісцкія арганізацыі, лічачы ахвярай пераследу. Але ў жніўні 2024-га яго абмянялі на палітвязняў і ён вярнуўся ў Маскву. Са свайго самалёта шпіён выйшаў у футболцы з надпісам «Імперыі патрэбны ты» і паціснуў руку Уладзіміру Путіну.
Па словах знаёмых, за гэты год Гансалес стаў больш суровым, «яго пагарда да Украіны ўзмацнілася», а да таго ж ён пастаянна хрыпіць, калі гаворыць. У яго фіброз лёгкіх — сур’ёзная хвароба, якую ён звязвае з перанесеным у турме COVID-19. Аперацыю ён пакуль адкладае.
Абменены шпіён жыве ў Маскве, разводзіцца з жонкай, якая засталася ў Іспаніі, сумуе па дзецях і мае даўгі з-за судоў у Польшчы. Працу нейкую мае, але якую — невядома. Ён адмовіўся супрацоўнічаць з Russia Today, хоча пісаць і рыхтуе нейкія навучальныя праекты.
Раней Гансалес сцвярджаў, што ён, маўляў, не шпіён, а палітычна пераследаваны журналіст. Нібыта яго «прэсавалі» за рускую і баскскую ідэнтычнасць, за левыя погляды і антыпатыю да «кіеўскага рэжыму». Аднак, паводле расследавання выдання The Insider, Гансалес карыстаўся дакументамі той жа серыі, што і вядомыя агенты ГРУ, уключна з тымі, хто атруціў сям'ю Скрыпалёў.
Чытайце таксама:
Абменены расійскі шпіён як мінімум два разы прыходзіў у офіс да Латушкі
Абменены расійскі шпіён інфармаваў ГРУ пра беларускія дэмсілы ў Польшчы
Жанна Нямцова расказала пра раман з расійскім шпіёнам Пабла Гансалесам