БЕЛ Ł РУС

Паўночны карэец абвязаўся пенапластам і морам уцёк уплаў. Плыў 10 гадзін

7.08.2025 / 19:32

Nashaniva.com

Незвычайны выпадак адбыўся пры канцы ліпеня.

Памежныя пасты Паўночнай (уверсе справа) і Паўднёвай (унізе) Карэі. Ваколіцы горада Паджу, Паўднёвая Карэя. 4 жніўня 2025 года. Фота: AP Photo / Ahn Young-joon

Пра незвычайны выпадак, які адбыўся ў канцы ліпеня, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на ўлады Паўднёвай Карэі.

Жыхар Паўночнай Карэі, імя якога пакуль не паведамляецца, здолеў трапіць у Паўднёвую Карэю арыгінальным і рызыкоўным спосабам.

Ён абвязаўся пенапластам для плывучасці і такім чынам 10 гадзін плыў уздоўж заходняга ўзбярэжжа паўвострава, незаўважна для пагранічнікаў, якім загадана страляць па кожным, хто спрабуе ўцячы з краіны.

Мужчына быў заўважаны паўднёвакарэйскімі вайскоўцамі прыкладна за 1,5 кіламетра на поўдзень ад мяжы з Паўночнай Карэяй позна ўвечары 30 ліпеня. Паведамляецца, што ўцякач размахваў рукамі і паказваў: я да вас.

Гэты выпадак — вялікая рэдкасць. Раней штогод у Паўднёвую Карэю трапляла больш за 1000 паўночных карэйцаў, але падчас пандэміі колькасць рэзка скарацілася. У 2024 годзе на поўдзень здолелі перабрацца толькі 236 чалавек. Гэта стала вынікам жорсткага перакрыцця межаў рэжымам Кіма.

Большасць уцекачоў раней пераходзілі мяжу з Кітаем, дзе працавалі сеткі пасярэднікаў. Пасля распараджэнняў Кім Чэн Ына ўмацаваць мяжу і ўзмацніць кантроль магчымасці для ўцёкаў звяліся да некалькіх небяспечных сцэнарыяў — праз дэмілітарызаваную зону, якая моцна ахоўваецца, на малых рыбацкіх лодках або ўплаў, як у гэтым выпадку.

Паведамляецца, што ў гэтым выпадку жыхар Паўночнай Карэі змог перасячы мяжу ў вусці ракі на захадзе паўвострава.

Акурат у гэтай самай мясцовасці летась адбыўся іншы такі выпадак, калі іншы паўночны карэец змог прабрацца на поўдзень. А літаральна некалькі дзён таму, у тым жа раёне, быў знойдзены труп 36-гадовага паўночнакарэйскага селяніна, якога Пхеньян адрокся.

Такія гісторыі сведчаць, што нават ва ўмовах жорсткага кантролю над межамі людзі працягваюць прабірацца на свабоду, нават рызыкуючы жыццём.

Чытайце таксама:

Паўночная Карэя зарабіла на канфлікце ва Украіне $20 мільярдаў

Паўднёвая Карэя разбірае на мяжы гучнамоўнікі, скіраваныя на КНДР

Паўднёвакарэйская разведка: Кім Чэн Ын гадуе з 10-гадовай дачкі пераемніцу

Каментары да артыкула